КАНО́Э (ад ісп. canoa човен; запазычанне з мовы карыбскіх індзейцаў),

вёславая лодка без уключын, у якой вясляр дзейнічае адналопасцевым вяслом. Адрозніваюць К. спартыўныя, вучэбныя, слаламныя, турысцкія, для аднаго, двух і некалькіх весляроў. Вясляр стаіць на адным калене (у спартыўных) ці сядзіць (у слаламных і турысцкіх) тварам да напрамку руху. Вырабляюць К. са спец. водаўстойлівай фанеры, шпоны і пластычных матэрыялаў. К. таксама наз. лодка індзейцаў Паўн. Амерыкі; выраблялі з цэлага ствала дрэва выпальваннем і выдзёўбваннем або будавалі каркас і абцягвалі яго карой.

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)