КАНСАНА́НС (франц. consonance ад лац. consonantia гармонія, сугучнасць) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў стройнага, згоднага гучання. Процілеглае К. паняцце — дысананс. Адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычная сутнасць К. ў супадзенні вял. колькасці гармонікаў (абертонаў) гэтых гукаў. Да К. належаць усе чыстыя інтэрвалы, вял. і малыя тэрцыі і сексты і акорды, складзеныя толькі з гэтых інтэрвалаў (за выключэннем тых, у якіх адзін з верхніх гукаў утварае чыстую кварту з басам). Матэматычнае абгрунтаванне К. зрабілі піфагарэйцы ў Стараж. Грэцыі. У еўрап. прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж К. і дысанансам набыло якасны характар, дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. У музыцы 20 ст. рэзка павялічылася значэнне дысанансу, адрозненне паміж ім і К. ў значнай ступені згладжваецца.
А.А.Друкт.
т. 7, с. 590
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)