Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр. б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.

Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.

Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ. «Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач. сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв. «белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.

Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.крас. 1863 (гл. Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх ​2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.

Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.

Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.​І.​Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач. чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач. вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.

У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел. нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.

Літ.:

Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;

Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;

Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг. М., 1964;

Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел. гіст. часоп. 1993. № 3.

М.​В.​Біч.

Да арт. Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.​Дударэнка. 1978.
Да арт. Паўстанне 1863—64. К.​Каліноўскі і В.​Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.​Сергіевіч 1959.

т. 12, с. 234

ПАЎСТЫ́НЬ,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПдУ ад г. Слуцк, 125 км ад Мінска, 1 км ад чыг. прыпынку Паўстынь. 501 ж., 220 двароў (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 235

ПАЎТА́ЛЕР,

буйная высакапробная сярэбраная манета еўрап. краін у 16—18 ст. (маса 15—14 г.) На тэр. ВКЛ абарачаліся іспанскія П. («залатыя піліпкі») з кантрамаркамі Жыгімонта II Аўгуста 1564, якія мелі прымусовы курс у 30 грошаў польскіх або 24 грошы літоўскія. Першыя вядомыя П. Рэчы Паспалітай з’явіліся ў 1583 з курсам 17,5 гроша польскага. У канцы 16 ст. курс айч. і замежных П. — 20 грошаў, у сярэдзіне 17 ст. — 45, у канцы 17 ст. — 120 грошаў меднай манетай. Паводле рэформы 1766 П. 1767—92 быў роўны 16 сярэбраным або 120 медным манетам.

т. 12, с. 235

ПАЎТАНКАРУ́ННЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з аднароднай паўтонкай воўнай, якая складаецца з грубых пуховых, тонкіх пераходных валокнаў, ці з іх сумесі. Асн. кірункі паўтанкаруннай авечкагадоўлі: мяса-воўнавы (гемпшырская парода, латвійская цёмнагаловая парода, куйбышаўская, літоўская, паўночнакаўказская парода, оксфардшыр, ромнімарш і інш.), воўна-мясны (грузінская і цыгайская пароды). Пароды П.а. значна адрозніваюцца паміж сабой паказчыкамі прадукцыйнасці і знешнім выглядам. Воўна П.а. выкарыстоўваецца для вытв-сці высакаякасных тканін, трыкатажу; аўчына — для вырабу футра пад выдру, нутрыю, марскога коціка і інш. На Беларусі гадуюць латвійскую цёмнагаловую пароду.

А.​А.​Козыр.

т. 12, с. 235

ПАЎТАРА́К,

нізкапробная сярэбраная манета Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. вартасцю ў 1,5 гроша. Першыя П. з’явіліся ў 1614, вырабляліся да 1627 (маса 1,58—1,20 г). Іх чаканілі і ў 1648—68 пры Яне II Казіміру (маса 1,09 г). У абарачэнні заставаліся да сярэдзіны 18 ст. П. Рэчы Паспалітай 1753—56 змянілі тып, на іх з’явілася назва «PULTORAK», яны мелі стандартныя лігатурную масу і памеры. У Рас. дзяржаве курс П. адпавядаў сярэбранай капейцы.

т. 12, с. 235

ПАЎТО́Н у музыцы,

найменшы інтэрвал 12-ступеннага тэмпераванага муз. строя; ​1/12 частка актавы. П. паміж 2 суседнімі ступенямі гукарада (мі—фа, соль—ля-бемоль, соль—фа-дыез) наз. дыятанічным (інтэрвал малая секунда), паміж асн. ступенню гукарада і яе павышэннем (рэ—рэ-дыез) ці паніжэннем (рэ—рэ-бемоль) — храматычным (інтэрвал павялічаная ці паменшаная прыма). Усе паўтонавыя інтэрвалы энгарманічна роўныя. Гл. таксама Дыятоніка, Лад, Тэмперацыя, Храматызм, Энгарманізм.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 235

ПАЎУСТА́Ў,

тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага.

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.

А.​М.​Булыка.

Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.

т. 12, с. 236

ПАЎФАБРЫКА́Т,

выраб, прадукт працы, які патрабуе наступнай дадатковай або канчатковай дапрацоўкі для пераўтварэння ў гатовы выраб, а таксама гатовая прадукцыя аднаго прадпрыемства, якая можа выкарыстоўвацца як элемент гатовай прадукцыі іншага.

т. 12, с. 236

ПАЎХО́РДАВЫЯ (Hemichordata),

тып беспазваночных жывёл з групы другаснаротых. Вядомы з кембрыю (каля 550 млн. г. назад). 3 класы: выкапнёвыя грапталіты (паводле інш. класіфікацый падтып), сучасныя кішачнадыхальныя і перыстажабравыя; каля 95 сучасных відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, жывуць на дне. Рухомыя і прымацаваныя, адзіночныя і каланіяльныя формы.

Даўж. ад 0,2 мм да 2,5 м. Цела двухбакова-сім., складаецца з 3 аддзелаў хабатка (або галаўнога шчытка), каўнерыка і тулава. У кожным аддзеле ёсць асобная цэламічная поласць. Маюць хордападобны орган (натахорд, або стамахорд), які выконвае апорную функцыю. Кормяцца дэтрытам, дробнымі прыдоннымі і доннымі арганізмамі. Раздзельнаполыя і гермафрадыты, некат. могуць размнажацца пачкаваннем.

т. 12, с. 236

ПАЎЦВЕРДАКРЫ́ЛЫЯ,

атрад насякомых, гл. Клапы.

т. 12, с. 236