Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю ў Мінску. Пабудавана ў 1898 на Вайсковых могілках як храм-помнік у гонар перамогі ў рус.-тур. вайне 1877—78. Мураваны крыжова-купальны 4-стаўповы 3-нефавы храм з 3-граннай апсідай. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, над сяродкрыжжам якой узвышаецца масіўны купал на 8-гранным светлавым барабане, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Дамінанта кампазіцыі — 2-ярусная вежа-званіца з шатровым пакрыццём — размешчана над прытворам. Пластыку фасадаў узбагачаюць аркатурныя паясы, складаныя дэкар. арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, разеткі, складана-прафіляваны карніз, арнаментальны фрыз. Інтэр’ер багата дэкарыраваны. У прытворы — мемар. дошка з імёнамі воінаў-беларусаў 30-й артыл. брыгады і 119-га Каломенскага палка, якія загінулі пад Плеўнай (Балгарыя).

Літ.:

Церковь Святого Благоверного Великого Князя Александра Невского, 1898—1998 / Автор текста Г.Шейкин. Мн., 1997.

Т.І.Чарняўская.

Мінская царква Аляксандра Неўскага.

т. 10, с. 429

МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ МАРЫ́І МАГДАЛІ́НЫ,

помнік архітэктуры класіцызму ў Мінску. Пабудавана ў 1847 на б. Старажоўскіх могілках. Мураваны аднакупальны сім. па кампазіцыі 3-нефавы аднаапсідны храм. Да асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму далучаны з усх. боку прамавугольная апсіда з 2 рызніцамі, з зах. — прытвор з высокай васьміграннай шатровай вежай-званіцай на 2-м ярусе. У цэнтры асн. аб’ёму на светлавым цыліндрычным барабане ўзвышаўся вял. купал. Сцены фасадаў расчлянёны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і дэкарыраваны пілястрамі. Па перыметры будынка праходзіць тонкапрафіляваны карніз. У канцы 19 ст. перад царквой пабудавана брама з цэглы (захавалася з ч. агароджы), дэкарыраваная пілястрамі, арачнымі нішамі (у іх знаходзіліся скульптуры), валютамі, завершана развітым шматпрафіляваным карнізам. Над арачным праёмам узвышаецца дэкар. атык, завершаны фігурным франтонам з невял. лучковай галоўкай. У 1946—86 у будынку царквы размяшчаўся Цэнтр. дзярж. архіў кінафотафонадакументаў Беларусі. У сувязі з гэтым перабудавана: знесены купал і званіца, да апсіды прыбудаваны порцік, зменены інтэр’ер. З 1990 царква дзейнічае, адноўлена ў першапачатковым выглядзе. У 1998 скончана паліхромная размалёўка інтэр’ера. У 1992 побач з царквой узведзены невял. мураваны храм — Свята-Прачысценская царква.

Т.І.Чарняўская.

Мінская царква Марыі Магдаліны.

т. 10, с. 429

МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ СВЯТО́ГА ДУ́ХА І БАЗЫЛЬЯ́НСКІЯ МАНАСТЫРЫ́,

помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску.

Засн. ў 1616 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды). Комплекс уключаў будынак царквы, жылыя карпусы мужчынскага і жан. манастыроў, гасп. пабудовы, быў абнесены мураванай сцяной; выкарыстоўваўся таксама ў абарончых мэтах. Царква Святога Духа (закладзена пасля 1636) — 1-нефавы бязвежавы храм, накрыты высокім 2-схільным дахам (тарцы закрыты аднолькавымі па вышыні і канфігурацыі шчытамі) з 5-граннай алтарнай апсідай.

Гал. фасад падзелены 4 пілястрамі карынфскага ордэра на 3 часткі. У цэнтр. ч. знаходзіўся партал, над ім — паўцыркульнае акно з ляпнымі ліштвамі, абапал яго плоскія нішы аналагічнай формы. Інтэр’еры царквы ўпрыгожаны 5 драўлянымі і мураванымі разнымі алтарамі з жывапіснымі кампазіцыямі. На хорах быў арган (майстар Л.Клімовіч, 1779). У 2-й пал. 18 ст. інтэр’еры рэканструяваны (майстры: муляр Р.Сніджнецкі, мазаічнік Я.Будрэвіч). З 1795 вядома як Петрапаўлаўскі сабор. Пасля пажару 1835 перабудавана ў псеўдарус. стылі (1846—50, арх. Г.Валерт). Новы іканастас зроблены І.Ягоравым, абразы — Ф.Бруні і Г.Зубковым. Рэканструяваны ў 1895—97 (арх. Я.Марозаў, В.Струеў). На ПдУ комплексу знаходзіўся Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльянак, які злучаўся з царквой крытай галерэяй, у 1650 да паўн.-зах. фасады царквы прыбудавана капліца манастыра. З ПдУ да царквы прымыкаў 3-павярховы прамавугольны ў плане корпус мужчынскага манастыра. З 1795 у ім знаходзілася рэзідэнцыя правасл. архіепіскапа, у 1799 перабудаваны ў дваранскае вучылішча (арх. Ф.Крамер; дабудаваны 3-павярховы флігель з 2-светлавой тэатр. залай, існавала ў 1799—1817), якое ў 1803 ператворана ў мужчынскую гімназію. У 1852 корпус перабудаваны і прыстасаваны пад адм. будынак. Царква ўзарвана ў 1936.

У.М.Дзянісаў, Л.У.Іванова, В.Р.Кукуня.

т. 10, с. 429

МІ́НСКАЯ ШКО́ЛА КПЗБ, Падпольная школа КПЗБ у Мінску,

навучальная ўстанова, у якой у 1925—37 праходзілі падрыхтоўку падпольшчыкі Зах. Беларусі. Створана паводле пастановы ЦК КПЗБ ад 17.7.1924. Пачала дзейнічаць у пач. 1925 у в. Лошыца (цяпер у межах Мінска); пазней размяшчалася ў б. памешчыцкай сядзібе на вул. Грушаўскай. Штогод у школе навучалася 25—30 падпольшчыкаў парт. і камсам. профілю. Вучоба працягвалася 9—10 месяцаў па спец. праграме. Заняткі праводзілі выкладчыкі з БДУ, інш. ВНУ Мінска, дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху Зах. Беларусі; з дакладамі выступалі кіруючыя работнікі КПП і КПЗБ, сакратары ЦК КП(б)Б і старшыні СНК БССР. Усе слухачы і выкладчыкі, звязаныя з падполлем, карысталіся псеўданімамі. Сярод выпускнікоў школы дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.Р.Анісаў, А.Р.Бергман, С.В.Прытыцкі і інш. Перастала існаваць у 1937 у сувязі з рэпрэсіямі ў адносінах да ўдзельнікаў рэв.-вызв. руху Зах. Беларусі.

Літ.:

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983.

У.Ф.Ладысеў.

т. 10, с. 430

МІ́НСКАЯ ШПАЛЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Засн. ў 1910 у Мінску. У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946. У 1965 рэканструявана і расшырана. З 1968 у складзе вытв. аб’яднання «Белпаперапрам», з 1989 яго галаўное прадпрыемства. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Беларускія шпалеры». Асн. прадукцыя (1999): шпалеры (ціснёныя, столевыя, воданепранікальныя, дэкаратыўныя, глыбокага спосабу друку, дуплексныя, пенашпалеры).

т. 10, с. 430

МІ́НСКАЯ ШЧАЦІ́ННА-ШЧО́ТАЧНАЯ ФАБРЫКА.

Засн. ў 1920 у Мінску. У Вял. Айч. вайну разбурана. Аднавіла работу ў 1946. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Шчотка». Асн. прадукцыя (1999): шчоткі (для адзення і абутку, мед., падлогавыя, швабры і інш.), пэндзлі (малярныя, флейцы, для фарбаў і лакаў), яршы рознага прызначэння.

т. 10, с. 430

МІ́НСКА АБАРО́НА 1941 у Вялікую Айчынную вайну.

Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на 3 ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах. фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв. ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км2) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т.л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням. паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв. ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш. было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск за р. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах. фронту (гл. ў арт. Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп. абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах. фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т.л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).

Літ.:

Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;

Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.

У.Ф.Ісаенка.

т. 10, с. 410

«МІНСКБУ́Д»,

вытворчы канцэрн, асн. генпадрадная ўстанова па забудове Мінска. Створаны ў 1969. Уключае Мінскае арэнднае прадпрыемства індустрыяльнага домабудаўніцтва. Мінскае арэнднае прадпрыемства аб’ёмна-блочнага домабудаўніцтва, буд. трэсты № 1, 4, 7, 15, 35, калектыўнае вытворчае прадпрыемства «Мінскпрамбуд», арэнднае праектна-прамысл. прадпрыемства «Маналіт», прамысл.-буд. акц. таварыствы трэст «Прамбуд», «Мінскдрэў», акц. прадпрыемства «Мінскжалезабетон», з-д абліцовачнай пліткі з натуральнага каменю, з-д эфектыўных прамысл. канструкцый і інш. Будуе жылыя дамы, аб’екты сац. і культ.-быт. прызначэння, прамысл. прадпрыемствы, будынкі н.-д. арганізацый.

т. 10, с. 430

«МІНСКГРАМАДЗЯНПРАЕ́КТ».

Засн. ў 1969 у Мінску на базе майстэрні праектнага ін-та «Белдзяржпраект» як ін-т комплекснага праектавання грамадзянскага буд-ва «Мінскграмадзянпраект». З 1995 адкрытае акц. т-ва «Інстытут «Мінскграмадзянпраект». Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка праектаў мікрараёнаў і жылых кварталаў; комплекснае праектаванне аб’ектаў жыллёва-грамадз. прызначэння; дызайн-канцэпцыі; інтэр’еры; аказанне інж.-кансалтынгавых паслуг; кансультацыі па стварэнні і ўкараненні сістэм якасці на базе міжнар. стандартаў серыі ISO—9000; натурныя ўзоры маст. вырабаў; інфарм. дзейнасць і інш.

А.М.Быкоўскі.

Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры. Рэканструкцыя.
«Мінск — горад-герой».

т. 10, с. 430

МІ́НСКІ,

зімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Раянаваны па рэспубліцы з 1967.

Дрэва сярэднярослае з разгалістай і рэдкай кронай. Пладаносіць пасля пасадкі на насенных прышчэпах на 4—6-ы, на клонавых — на 2—3-і год. Зімаўстойлівы, устойлівы да шкоднікаў і грыбных захворванняў. Плады буйныя (каля 200 г), правільнай круглавата- канічнай формы. Афарбоўка зеленавата-жоўтая з чырв. румянцам у выглядзе палос і штрыхоў. Мякаць светла-жоўтая, дробназярністая, сакаўная, кісла-салодкая. Захоўваюцца да 3 месяцаў.

З.А.Казлоўская.

Мінскі.

т. 10, с. 431