Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́ЎЧАДЗЬ, Моўчадка,

рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 98 км. Пл. вадазбору 1140 км2. Пачынаецца каля в. Кузевічы Баранавіцкага р-на, цячэ пераважна па Навагрудскім узв. Асн. прытокі: Сваротва, Ятранка, Паніква, Промша (справа), Івязянка, Дзятлаўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. каля 1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Схілы спадзістыя, сярэдне стромкія, на ўсім працягу верхняга і сярэдняга цячэння перарывістыя, тэрасы шыр. да 1,5 км. Рэчышча моцназвілістае, каля 10 км каналізаванае, паміж вёскамі Дварэц і Агароднікі Дзятлаўскага р-на і ў ніжнім цячэнні невял. астравы. За 9 км ад вусця — ГЭС і Гезгальскае вадасховішча; у сутоках М. і Ятранкі г.п. Наваельня, на зах. ускраіне якога курортная зона і санаторый. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/с.

т. 10, с. 530

МО́ЎЧАДЗЬ,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Моўчадзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнЗ ад г. Баранавічы, 230 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Міцкавічы. 1046 ж., 348 двароў (1999). Лясніцтва, пякарня. Сярэдняя школа, базавая школа-інтэрнат, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам і ахвярам фашызму, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (1869—73).

Вядома з 1-й пал. 15 ст., калі тут быў заснаваны касцёл св. Тройцы (не збярогся). З 1486 мястэчка Слонімскага пав., уласнасць вял. князёў ВКЛ. У 1654 разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і на 4 гады вызвалена ад падаткаў. У 1660-я г. ўласнасць Халецкіх. У 1716—70 належала Юдзіцкім, пазней — Тызенгаўзам. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка Люшнеўскай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1879 М. на ​2/3 знішчана пажарам. У 1886—479 ж., 45 двароў, школа, 2 царквы, 3 сінагогі, бровар, 4 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Слонімскім, з 1926 — у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага раёна, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не.

В.У.Шаблюк, УМ.Вяроўкін-Шэлюта.

т. 10, с. 530

МО́ЎЧАН Міхаіл Аляксеевіч, (н. 7.4.1925, в. Купіск Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). Выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1962—74). Працуе ў станковай графіцы і жывапісе. Сярод твораў графічныя серыі «На варце міру» (1964), «Трактаразаводцы» (1967), лісты «Святлана» (1969), «Партрэт жонкі» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў В.Тарасава, С.Картэса, Н.Гайды, М.Яроменкі (усе 1983), З.Бабія, Т.Шымко, Л.Крывёнак (усе 1984), С.Грахоўскага, М.Танка, Р.Янкоўскага (усе 1985), Т.Шаметавец (1986), С.Станюты, В.Быкава (абодва 1987), Н.Гілевіча (1988), І.Чыгрынава (1989) і інш. Творам уласцівы выяўл. дакладнасць, сакавітасць колераў, кампазіцыйная завершанасць. Выканаў дэкар. пано «Беларусь» для сусв. выстаўкі «ЭКСПО-67» у Манрэалі (1967).

М.Моўчан. Партрэт Л.Крывёнак. 1984.

т. 10, с. 530

МО́ЎЭТ ((Mowat) Фарлі Мак-Гіл) (н. 12.5.1921, г. Белвіл, Канада),

канадскі пісьменнік. Скончыў ун-т у Таронта. Піша на англ. мове. Першы яго твор — «Людзі Аленевага краю» (1952) пра трагічны лёс эскімосаў. Аўтар кніг пра жыхароў і прыроду Поўначы — «Народ у адчаі» (1959), «Выпрабаванне лёдам» (1960), «Трагедыі мора» (1984), пра жывёл — «Не крычы, ваўкі!» (1963), «Кіт на пагібель» (1972), аповесцей для дзяцей «Сабака, які не хацеў быць проста сабакам» (1957), «Лодка, якая не плыве» (1969), аўтабіягр. кн. «I птушкі не спяваюць» (1979) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Вперед, мой брат, вперед! М., 1983;

В стране снежных бурь. Л., 1984;

Следы на снегу. М., 1985;

Мое открытие Америки. М., 1987;

Трагедии моря. М., 1988;

Проклятие могилы викинга. М., 1990;

Собака, которая не хотела быть просто собакой. М., 1995.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 10, с. 530

МО́ХАВА,

возера ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., на пойме р. Дняпро, за 6 км на ПнЗ ад г.п. Лоеў. Пл. 0,42 км2, даўж. 2,6 км, найб. шыр. 190 м, даўж. берагавой лініі больш за 5,6 км. Старычнае. Схілы катлавіны выш. да 3 м, на У параслі хмызняком, на З пад лугам.

т. 10, с. 530

МО́ХАВАЕ ВО́ЗЕРА.

У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нішча, за 20 км на ПнЗ ад г.п. Расоны, на Пн ад балота Вял. Мох, Пл. 0,33 км2, даўж. 730 м, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,1 км. Пл. вадазбору 5,6 км2. Схілы катлавіны невыразныя, на У выш. да 2 м, пясчаныя, пад лесам. Берагі сплавінныя, тарфяністыя, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.

т. 10, с. 531

МО́ХАЙ-НАДЗЬ ((Moholy-Nagy) Ласла) (20.7.1895, Бачбаршад, Венгрыя — 24.11.1946),

венгерскі скульптар, дызайнер, фотамастак. Працаваў пераважна ў Германіі (1920—33) і ЗША (з 1937). У 1923—28 праф. «Баўгауза», у 1937 заснаваў т.зв. Новы «Баўгауз» у Чыкага. Зазнаў уплывы К.Малевіча і Л.Лісіцкага. У канцы 1910 — пач. 1920-х г. ствараў графічныя работы ў духу супрэматызму («На белым фоне», 1923, і інш.) і прасторавыя абстрактныя кампазіцыі («Пластыка ў нікелі», 1922, і інш.) У 1920-я г. займаўся фотамастацтвам у галіне мантажу («Мілітарызм» і інш.) і партрэта («У.Маякоўскі» і інш.). Пазней даследаваў працэс формастварэння, выразныя магчымасці святла ў празрыстых і паўпразрыстых прасторавых канструкцыях, што знайшло практычнае выкарыстанне ў дызайне і светлавой рэкламе.

т. 10, с. 531

МОХАПАДО́БНЫЯ (Bryophyta),

аддзел вышэйшых споравых раслін. Каля 27 тыс. відаў. 3 класы: антацэротавыя імхі, пячоначныя імхі, лістасцябловыя імхі. Вядомыя з карбону. Пашыраны ўсюды. Растуць на прыродных (глеба, камяні, кара дрэў і кустоў, лісце і сцёблы раслін, слаявіна лішайнікаў, пладовыя целы грыбоў) і антрапагенных (розныя збудаванні з каменю, цэменту, дрэва, саломы, на палях і агародах) субстратах. Уваходзяць у склад першасных раслінных згуртаванняў, уплываюць на мікраклімат, рэгулююць водны рэжым, ахоўваюць глебу ад эрозіі з’яўляюцца торфа- і глебаўтваральнікамі, садзейнічаюць забалочванню с.-г. угоддзяў, пагаршаюць якасць лугоў. На Беларусі каля 430 відаў.

Невял. (ад 1 мм да некалькіх сантыметраў) пераважна шматгадовыя расліны. Вегетатыўнае цела (падзеленае на сцябло і лісце або ў выглядзе слаявіны) прымацоўваецца да субстрату рызоідамі. У жыццёвым цыкле пераважае гаметафіт; спарафіт абмяжоўваецца спораўтварэннем, прымацаваны да гаметафіту і поўнасцю або часткова паразітуе на ім. У цыкле развіцця адзначаецца правільнае чаргаванне пакаленняў (спарафіта і гаметафіта), развіта таксама вегетатыўнае размнажэнне (ч. цела ці спецыялізаванымі органамі). У залежнасці ад размяшчэння генератыўных органаў бываюць аднадомныя, двухдомныя і шматдомныя. Сляпая галіна развіцця вышэйшых раслін. Вывучае М. брыялогія.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 4. Мхи, плауны, хвощи, папоротники, голосеменные растения. М., 1978;

Рыковский Г.Ф. Мохообразные Березинского биосферного заповедника. Мн., 1980.

Г.Ф.Рыкоўскі.

т. 10, с. 531

МО́ХАРТ (Вячаслаў Андрэевіч) (н. 28.3. 1924, в. Шулякі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне уралогіі. Д-р мед. н., праф. (1969). Засл. дз. нав. Беларусі 1982. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1971 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (да 1991 заг. кафедры). Навук. працы па клініцы, дыягностыцы, лячэнні раку нырак і мачавога пузыра, актынамікозе мочапалавых органаў, нейрагенным расстройстве мочаспускання.

Тв.:

Нейрогенные расстройства мочеиспускания: (Нейрогенный мочевой пузырь). Мн., 1970 (разам з М.Я.Саўчанкам);

История развития урологии в Белоруссии, 1950—1998 гг. Мн., 1999.

т. 10, с. 531

МО́ХАЎ,

комплекс археал. помнікаў (3 гарадзішчы, бескурганны і 2 курганныя могільнікі) каля в. Мохаў Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішчы мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры датуюцца 5—4 ст. да н.э. і 6 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. Выяўлены рэшткі жытлаў, гліняны посуд, жал. прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні. Бескурганны могільнік належаў мілаградцам. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахавання, інвентар — кавалкі керамікі, трапляюцца камяні. Адзін з курганных могільнікаў належаў дрыгавічам, датуецца 10—12 ст. Пахавальны абрад у ім — трупаспаленне і трупапалажэнне. Знойдзены металічныя і шкляныя пацеркі, бранзалеты, драцяныя кольцы, нажы, сякеры, гаршкі, шыйная грыўня, крэсіва і інш.

т. 10, с. 531