МО́ЎЧАДЗЬ,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Моўчадзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнЗ ад г. Баранавічы, 230 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Міцкавічы. 1046 ж., 348 двароў (1999). Лясніцтва, пякарня. Сярэдняя школа, базавая школа-інтэрнат, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам і ахвярам фашызму, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (1869—73).

Вядома з 1-й пал. 15 ст., калі тут быў заснаваны касцёл св. Тройцы (не збярогся). З 1486 мястэчка Слонімскага пав., уласнасць вял. князёў ВКЛ. У 1654 разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і на 4 гады вызвалена ад падаткаў. У 1660-я г. ўласнасць Халецкіх. У 1716—70 належала Юдзіцкім, пазней — Тызенгаўзам. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка Люшнеўскай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1879 М. на ​2/3 знішчана пажарам. У 1886—479 ж., 45 двароў, школа, 2 царквы, 3 сінагогі, бровар, 4 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Слонімскім, з 1926 — у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага раёна, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не.

В.У.Шаблюк, УМ.Вяроўкін-Шэлюта.

т. 10, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)