Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАСЦЯ́НКА,

сакавіты плод раслін з рэзкай дыферэнцыяцыяй слаёў каляплодніка. Мае ў сабе тонкі скурысты пазаплоднік, сакавіты міжплоднік і адраўнелы ўнутрыплоднік (эндакарпій), які ўтварае костачку, дзе знаходзіцца семя. Аднакасцянка ў вішні, слівы, міндаля, шматкасцянка ў малін, ажын, крушыны (іх плод складаецца з многіх дробных К., якія знаходзяцца на агульным кветаложы). Вядомы сухія К. са скурыстым (міндаль, грэцкі арэх) ці валакністым (какосавая пальма) міжплоднікам.

т. 8, с. 167

КАСЦЯ́НКІ (Lithobiomorpha),

атрад губаногіх мнаганожак. Каля 800 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя пустынь. Жывуць пад камянямі, карой пнёў, у парахні, у вільготных мясцінах. На Беларусі найчасцей трапляецца К. звычайная, або мнаганожка-каменялаз (Lithobius forficatus).

Даўж. да 50 мм. Знешне падобныя да скалапендравых. Цела пляскатае, зверху рыжаватае або карычневае. Тулава сегментаванае, укрытае цвёрдым хіцінавым покрывам (адсюль назва). Ног 15 пар. Кормяцца дробнымі насякомымі. Раздзельнаполыя, адкладваюць адзінкавыя яйцы. Здабычу забіваюць ядам залоз, што знаходзяцца ў нагасківіцах.

т. 8, с. 167

КАСЫ́ГІН (Аляксей Мікалаевіч) (21.2.1904, С.-Пецярбург — 18.12.1980),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1964, 1974). Чл. КПСС (з 1927), яе ЦК (з 1939) і Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1948—52, 1960—80). Скончыў Ленінградскі тэкст. ін-т (1935). У 1939—40 нарком тэкст. прам-сці; у 1940—53, 1953—56, 1957—60 нам. старшыні СНК (СМ) СССР, адначасова ў Вял. Айч. вайну ў 1941—42 нам. старшыні Савета па эвакуацыі, у 1942 упаўнаважаны Дзярж. к-та абароны ў Ленінградзе; у 1943—46 старшыня СНК РСФСР; у 1948 міністр фінансаў, у 1949—53 лёгкай, у 1953 лёгкай і харч. прам-сці, у 1953—54 тавараў нар. спажывання СССР. У 1956—57 1-ы нам. старшыні Дзяржэканамкамісіі, з 1957 1-ы нам. старшыні, у 1959—60 старшыня Дзяржплана СССР. З 1960 1-ы нам. старшыні, у 1964—80 старшыня СМ СССР. Адзін з ініцыятараў эканам. рэформы 1965 у СССР (увядзенне гасп. разліку і інш.). У 1970-я г. садзейнічаў працэсу разрадкі міжнар. напружанасці (падпісанне Маскоўскага дагавора з ФРГ, 1970; скліканне Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, 1973).

Тв.:

К великой цели: Избр. речи и статьи. Т. 1-2. М., 1979.

Касцянка звычайная.

т. 8, с. 167

КАСЫ́ГІН (Юрый Аляксандравіч) (22.1.1911, С.-Пецярбург — 1994),

расійскі геолаг. Акад. Расійскай АН (1970; чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Маскоўскі нафтавы ін-т (1931). З 1971 дырэктар Ін-та тэктонікі і геафізікі (Хабараўск). Асн. навук. працы па геал. будове нафтаносных абласцей, эксперым. і тэарэт. тэктоніцы, агульных пытаннях будовы і развіцця зямной кары, скарыстанні матэм. метадаў і ЭВМ у геалогіі. Вывучаў вобласці распаўсюджання саляных купалаў і распрацаваў тэорыю салянога тэктагенезу. Ленінская прэмія 1988.

Тв.:

Тектоника нефтеносных областей. Т. 1—2. М., 1958 (у сааўт.);

Тектоника. М., 1969.

т. 8, с. 167

КАСЫ́ДА (араб.),

паэтычны жанр у л-рах Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі; пераважна панегірычны верш у гонар нейкай выдатнай падзеі або асобы. Паводле формы нагадвае газель, аднак колькасць бейтаў у ёй дасягае 50—70 і больш. Узнікла ў араб. л-ры яшчэ ў даісламскі перыяд, росквіту дасягнула ў 11—12 ст. Найб. вядомыя майстры К. — Рудакі, Унсуры, Хагані Шырвані і інш.

т. 8, с. 167

КАСЫ́МАЎ (Мухамеджан) (9.5.1907, г. Рыштан Ферганскай вобл., Узбекістан — 5.7.1971),

таджыкскі акцёр. Нар. арт. СССР (1941). Вучыўся ў Какандскім пед. і Ташкенцкім каап. тэхнікумах, удзельнічаў у тэатр. самадзейнасці. З 1931 у трупе Таджыкскага т-ра імя Лахуці (Душанбе), з пач. 1940-х г. вядучы акцёр гэтага т-ра. Сярод лепшых ролей: Рахімбек («Чырвонапалачнікі» С.Улуг-зада), Саліх-бай («Бай і батрак» Хамзы), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Атэла, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.Шэкспіра). Займаўся рэжысёрскай дзейнасцю. Здымаўся ў кіно.

т. 8, с. 167

КАСЬЯ́НАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (29 8.1891, с. Балабонава Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 13.2.1982),

рускі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас М.Сакалова). У 1924—49 заг. муз. часткі Ніжагародскага драм. т-ра. У 1918—21 выкладаў у Ніжагародскай нар. кансерваторыі, з 1951 у Горкаўскай кансерваторыі (з 1957 праф.). Сярод твораў: 5 опер, у т. л. «Сцяпан Разін» (паст. 1953), «Фама Гардзееў» (паст. 1966), «Ярмак» (паст. 1957); кантата «Валерый Чкалаў» (1952); творы для аркестра, фп.; 3 хары a cappella «Песні пра Сценьку Разіна» (1972); рамансы; апрацоўкі рус. і чув. нар. песень; музыка да драм. спектакляў.

Літ.:

Елисеев И.В. Александр Касьянов. М., 1989.

т. 8, с. 167

КАСЭ́Н ((Cassin) Рэнэ Самюэль) (5.10.1887, г. Баёна, Францыя — 20.2.1976),

французскі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Д-р права (1914). Скончыў Парыжскі ун-т. У 1920—60 праф. права ун-таў Экс-ан-Праванса, Ліля, Парыжа. У 1924—38 прадстаўнік Францыі ў Лізе нацый. У 1941—43 камісар юстыцыі і асветы ва ўрадзе «Свабоднай Францыі» (з 1942 «Змагарная Францыя», знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане). У 1944—60 віцэ-прэзідэнт Дзярж. савета і чл. Канстытуцыйнага савета, чл. Акадэміі грамадскіх навук (з 1947). У 1946—68 чл., старшыня Камісіі па правах чалавека ААН. Адзін з заснавальнікаў ЮНЕСКА. Адзін з ініцыятараў стварэння і гал. аўтар Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (снеж. 1948). У 1950—60 чл. Міжнар. суда ў Гаазе, у 1965—68 старшыня Еўрап. суда па правах чалавека. Засн. (1969) і ўзначаліў Міжнар. ін-т правоў чалавека ў Страсбуры, прэзідэнт Яўр. альянсу ў Францыі. Аўтар мемуараў, кніг і артыкулаў на юрыд. тэмы. Нобелеўская прэмія міру 1968.

Л.М.Драбовіч.

Р.Касэн.

т. 8, с. 167

КАСЯ́К (Іван Іванавіч) (1909, в. Горы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 13.3.1989),

бел. грамадскі дзеяч у эміграцыі, публіцыст. Вучыўся ў Віленскім ун-це, скончыў політэхн. ін-т у Львове (1941). Са жн. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, з кастр. 1941 заг. аддзела культуры Мінскага акр. аддзела Бел. нар. самапомачы. У 1944 акруговы намеснік Бел. цэнтр. рады (БЦР) у Глыбокім. Чл. Бел. навук. т-ва. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Бел. аўтакефальнай правасл. царквы. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса ў Мінску (чэрв. 1944), потым выехаў у Германію, з канца 1940-х у ЗША. Удзельнічаў у працы БЦР у эміграцыі, старшыня Бел. кангрэсавага к-та Амерыкі (1957—89). Супрацоўнічаў з час. «Беларуская думка», бел. рэліг.-грамадскім цэнтрам у Саўт-Рыверы. Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі.

Тв.:

З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Йорк, 1956;

Беларусь учора і сяньня. Мн., 1993 (разам з Я.Найдзюком).

т. 8, с. 167

КАСЯНЧУ́К (Пётр Якаўлевіч) (25.4.1902, в. Буда-Валчкоўская Палескага р-на Кіеўскай вобл. — 21.1.1945),

поўны кавалер ордэна Славы. Беларус. З 1930 працаваў у саўгасе «Ялава» Чавускага р-на Магілёўскай вобл. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., 2-м Бел. франтах, камандзір сапёрнага аддзялення. Вызначыўся 20.2.1944 (зрабіў для разведчыкаў праход у мінным полі) і 21.1.1945, калі пад варожым агнём група сапёраў на чале з К. пабудавала пераправу для палка. К. быў смяротна паранены.

т. 8, с. 167