КАСЦЯ́НКІ (Lithobiomorpha),

атрад губаногіх мнаганожак. Каля 800 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя пустынь. Жывуць пад камянямі, карой пнёў, у парахні, у вільготных мясцінах. На Беларусі найчасцей трапляецца К. звычайная, або мнаганожка-каменялаз (Lithobius forficatus).

Даўж. да 50 мм. Знешне падобныя да скалапендравых. Цела пляскатае, зверху рыжаватае або карычневае. Тулава сегментаванае, укрытае цвёрдым хіцінавым покрывам (адсюль назва). Ног 15 пар. Кормяцца дробнымі насякомымі. Раздзельнаполыя, адкладваюць адзінкавыя яйцы. Здабычу забіваюць ядам залоз, што знаходзяцца ў нагасківіцах.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)