КАСЦЯНІ́ЦЫ (Rubus saxatilis),

кветкавыя расліны сям. ружавых. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі, на Беларусі — усюды. Трапляюцца ў лясах, зарасніках хмызняку, на лугавых схілах.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см з прамастойнымі кветаноснымі сцёбламі, укрытымі шыпамі і валаскамі. Ад карэнішча адыходзяць аднагадовыя неквітучыя паўзучыя парасткі (вусы), якія сцелюцца і ўкараняюцца. Лісце чаргаванае, доўгачаранковае, трайчастае, двойчынадрэзанае. Кветкі белыя з 5 вузкімі пялёсткамі ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматкасцянка з ярка-чырв. сакаўных кіслых плодзікаў. Харч. і лек. расліны.

Касцяніцы камяністыя.

т. 8, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)