Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЫСЛО́ЎЕ,

агульная назва для розных відаў трапных выказванняў, якія маюць лагічна закончаную думку-суджэнне. Перадаюць яе лаканічна, яскрава і ўваходзяць у ідыяматыку мовы побач з лексікай і фразеалогіяй. Уключаюць афарызмы («Не шукай ты шчасця, долі На чужым далёкім полі». Я.Купала), выказванні павучальна-маральнага характару — сентэнцыі («Ты са старымі размовы ахвотна вядзі і старанна. Хто разумнейшы за іх? Мудрасць іх словы нясуць». Я.Л.Намыслоўскі, зб. «Павучанні для ўсеагульнага карыстання ў жыцці», 1589), максімы, якія перадаюць лагічныя або этычныя прынцыпы, пэўныя нормы паводзін чалавека («Дарма пра песню пытацца ў глухога. Дарма пра сонца пытацца ў сляпога». М.Танк), апафегмы — маральныя парады ў форме звароту да субяседніка («Гуслям, княжа, не пішуць законаў». Я.Купала), прыказкі («Не чапай ліха, пакуль спіць ціха»), крылатыя словы, выражаныя сказам («Хто ж дужэй ад грамады?» Я.Колас; «Усё мінае — Гонар не мінае, Бо народжаны адным сумленнем». У.Караткевіч). Фалькларыст М.Я.Грынблат уключае ў паняцце «выслоўя» розныя кароткія жанры нар. вусна-паэт. творчасці: скорагаворкі («Цецеручыха цецеруковым цецеручанятам цеста месіць»), прыгаворкі і жарты ў час застолля («Госць, не дзьміся, еш што ў місе»), віншаванні, пажаданні ў тостах на вяселлях, радзінах («Каб у вас было ўвесь час на стале, у місцы і ў калысцы! Дай, Божа, разам двое: шчасця і здароўя! Каб ваш ложак добра скрыпаў і да года сынок выпаў!»), вітанні («Дзень добры ў хату!»), развітанні («Заставайцеся здаровенькія!»), нар. параўнанні («Зазвінела бы ў новым цэбры»); нават праклёны, зламоўныя пажаданні і пагрозы («Дай, Божа, каб твае дзеці тваімі рэбрамі яблыкі абівалі») і інш. Выслоўі шырока выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры (творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ядвігіна Ш., А.Паўловіча, К.Крапівы, М.Танка, У.Караткевіча, Б.Сачанкі, Я.Брыля, В.Адамчыка, Я.Сіпакова і інш).

Літ.:

Выслоўі. Мн., 1979;

Янкоўскі Ф.М. Крылатыя словы і афарызмы. Мн, 1960;

Яго ж. Беларуская фразеалогія. Мн., 1968;

Яго ж. Беларускія народныя параўнанні: Кароткі слоўнік. Мн., 1973;

Яго ж. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд. Мн., 1992;

Прыказкі і прымаўкі. Кн. 1—2. Мн., 1976;

Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Ч. 1—2. Мн., 1981—93;

Яго ж. З народнай фразеалогіі: Дыферэнц. слоўнік. Мн., 1991;

Яго ж. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1993;

Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;

Лепешаў І.Я., Якаялцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 321

ВЫСЛУ́ХВАННЕ,

гл. Аўскультацыя.

т. 4, с. 322

ВЫСОКААКТА́НАВАЕ ПА́ЛІВА,

аўтамабільныя і авіяцыйныя бензіны з актанавым лікам 98—100. Гл. таксама Антыдэтанатар.

т. 4, с. 322

ВЫСО́КАЕ

(да 1939 Высока-Літоўск),

горад у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. За 40 км ад г. Камянец, за 3 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск на лініі Брэст—Беласток, аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Пружанамі. 4,8 тыс. ж. (1996).

Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. пад назвай Высокі Горад. У 1494 горад атрымаў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі сярэбраная 2-павярховая вежа-брама. Належаў Ёдкам, вял. князю, Хлявіцкім, Войнам, Сапегам, Патоцкім. У 1605 засн. касцёл св. Тройцы (у 1950-я г. пераабсталяваны на грамадскія патрэбы). Пры Сапегах пабудаваны Высокаўскі замак. У 16—18 ст. цэнтр дывановага і палатнянага ткацтва. З 1671 штогод праводзіліся кірмашы. У 1773—85 каля Высокага пабудаваны кляштар, тады ж працаваў цагельны з-д. У 1794—97 існаваў водны шлях з Высокага ў Гданьск. З 1795 у складзе Прусіі, з 1807 — у Рас. імперыі, мястэчка Брэсцкага пав. У 1826—28 працавала Высока-Літоўская суконная мануфактура. У 1897 — 3434 ж., дробныя прадпрыемствы, 3 школы. З 1921 у Польшчы, горад у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Высокаўскага раёна Брэсцкай вобл. З 23.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі 1297 чал. У 1959 — 2,6 тыс. чал. З 1962 у Камянецкім р-не.

Прадпрыемствы харчовай, буд. матэрыялаў прам-сці. Помнікі архітэктуры: Варварынская капліца (1772), царква (1869), сядзіба канца 19 — пач. 20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

А.С.Барысавец, В.А.Міронаў.

т. 4, с. 322

ВЫСО́КАЕ,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Аршыца, на аўтадарозе Орша—Віцебск. Цэнтр сельсавета. За 13 км на Пн ад г. Орша, 67 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Хлусава. 1605 ж., 449 двароў (1996). Аршанскае дзярж. буд.-эксплуатацыйнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі помнік К.С.Заслонаву. Помнік архітэктуры — сядзіба (мяжа 19—20 ст.). У 1828—85 у Высокім дзейнічала Высокаўская папяровая фабрыка.

т. 4, с. 322

ВЫСО́КАЕ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПдУ ад г. Бяроза, 123 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 141 ж., 73 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 4, с. 322

ВЫСО́КАЕ,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 19 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 136 км ад Магілёва, 16 км ад чыг. ст. Клімавічы, 516 ж., 206 двароў (1996). Пач. школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 4, с. 322

ВЫСО́КАЕ,

радовішча пяску каля в. Высокае Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэнным утварэннем сожскага ледавіка. Пяскі палевашпатава-кварцавыя, з гравіем і галькай. Разведаныя запасы 3,5 млн. т, перспектыўныя 8,2 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 7,4—37,3 м, ускрыты — 0,2—3,9 м. Пяскі прыдатныя для вытв-сці сілікатных вырабаў. Распрацоўваецца з 1984.

А.П.Шчураў.

т. 4, с. 322

ВЫСО́КАЕ АДРАДЖЭ́ННЕ,

гл. ў арт. Адраджэнне.

т. 4, с. 322

ВЫСО́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята (цячэ праз возера), за 26 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 1,42 км², даўж. 3,52 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 8,9 м, даўж. берагавой лініі каля 9,5 км. Пл. вадазбору 845 км². Схілы катлавіны выш. 9—15 м, разараныя, у ніжняй частцы парослыя хмызняком. Берагі нізкія, пад хмызняком, на У зліваюцца са схіламі. Дно складанай будовы (упадзіны чаргуюцца з мелямі), выслана пяском, глеем, глінай. З астравы агульнай пл. 0,03 км². Шыр. паласы расліннасці ўздоўж берагоў 5—30 м да глыб. 3 м.

т. 4, с. 322