Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЧО́БУТ-АДЛЯНІ́ЦКІ (Ян Уладзіслаў) (26.6.1640—23.5.1703),

вайсковы дзеяч ВКЛ, пісьменнік-мемуарыст, удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1658 ваяваў у Трокскім пав., у 1659 — у Курляндыі, удзельнічаў у бітвах на р. Бася (8.10.1660), каля Дынабурга (5.3.1661), на р. Дзісна (жн.ліст. 1661), у няўдалай выправе караля Яна II Казіміра за Дняпро зімой 1663—64. У 1666—98 выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. З 1684 стольнік ашмянскі. Пакінуў успаміны і дзённік «Нататкі мае і дыярыуш маёй службы ваеннай» (на польск. мове), у якіх адлюстраваны падзеі 1640—84.

Тв.:

Бел. пер. — Запіскі і дыярыуш Яна Уладзіслава Пачобута-Адланіцкага // Полымя. 1998. № 1—2.

т. 12, с. 245

ПАЧО́ПКА (Янка) (Іван Пятровіч; 8.11.1890, в. Летнікі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 26.5.1977),

бел. пісьменнік, фалькларыст. Скончыў Варанецкую (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) с.-г. школу. Працаваў у дэпартаменце земляробства Віленскай губ. У 1925 рэдагаваў двухтыднёвік «Праваслаўны беларус» (Варшава). Пасля працаваў аграномам. Друкаваўся з 1912 пад псеўд. Башкір, Янка Башкір. Пісаў вершы і прозу. Збіраў фальклор (зб. «Дурнішча: Народная казка з Дзісеншчыны», 1927). Вершы, байкі, нар. паданні, казкі друкаваў у час. «Заранка», «Пралескі», «Праваслаўны беларус», «Маланка», «Калоссе». Выдаў кн. «Малочная карова: Як яе выбраць, карміць і даглядаць», «Пчолы і як вадзіць іх у рамовых вуллях» (абедзве 1923), «Гародніцтва: Як трэба гаспадарыць на гародзе, каб мець добрае варыва» (1925), «Як выбраць добрага каня» (1928). Аўтар камедыі «Гурток» (1926).

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 245

ПАЧО́СКІ ((Paczoski) Юзаф Конрадавіч) (8.12.1864, в. Белгародка Дубнаўскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 14.2.1942),

польскі і ўкраінскі біёлаг; адзін з заснавальнікаў фітацэналогіі, пачынальнік геабат. даследаванняў на Беларусі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1897 працаваў у Херсоне і запаведніку Асканія-Нова. З 1923 узначальваў н.-д. работу запаведніка Белавежская пушча. З 1925 праф. Пазнанскага ун-та. Навук. працы па фларыстыцы, сістэматыцы, геаграфіі раслін, садоўніцтве, лесаводстве, энтамалогіі, арніталогіі. Распрацаваў паняцце аб «біяэкалагічным патэнцыяле віду». Аўтар манаграфій «Аб раслінных фармацыях і паходжанні флоры Палесся» (1900), «Флора Палесся і прылеглых мясцовасцей» (1901).

Літ.:

Пузанов И.И., Гольд Т.М. Выдающийся натуралист И.​К.​Пачоский. М., 1965.

т. 12, с. 245

ПАЧТАРО́Ў (Цімафей Аляксеевіч) (3.11. 1913, в. Каласы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 18.2.1992),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Севастопальскае ваенна-марское вучылішча берагавой абароны (1938), Ваенна-марскую акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Ленінграда, вайны з Японіяй. Аператар берагавой артылерыі штаба Петрапаўлаўскай ваенна-марской базы Ціхаакіянскага флоту маёр П. вызначыўся 18.8.1945 у час высадкі дэсанта на в-аў Шумшу. Да 1957 у ВМФ, потым у нар. гаспадарцы.

Ц.А.Пачтароў.

т. 12, с. 245

ПАЧУ́ЛІ (Pogostemon patehouli),

кветкавая расліна сям. ясноткавых. Радзіма — Філіпінскія а-вы. Вырошчваюць як эфіраалейную культуру ў трапічнай зоне Паўд.-Усх. Азіі.

Паўкуст выш. да 1 м з валасніковістымі каранямі. Лісце супраціўнае, яйцападобнае, зубчастае, з моцным мускатным пахам. Кветкі белыя або светла-бэзавыя ў гронках. Плод — арэшак. Эфірны алей лісця выкарыстоўваюць у парфумерыі (лепшы фіксатар паху), мае інсектыцыдныя ўласцівасці. Лек., тэхн. расліна.

т. 12, с. 245

ПАЧУЦЦЁ ЭСТЭТЫ́ЧНАЕ,

спецыфічнае духоўнае перажыванне, выкліканае ўспрыманнем прыгожага або агіднага, узнёслага або нізкага, трагічнага або камічнага ў прыродзе, грамадскім быцці і мастацтве; першасны кампанент гістарычна абумоўленай эстэт. свядомасці, аснова эстэт. густаў, ідэалаў і ацэнак; адзін з састаўных элементаў мастацкай культуры. Сфарміраванае ў працэсе практычнай чалавечай дзейнасці П.э. ў далейшым развіваецца і ўдасканальваецца пад уздзеяннем фальклору і прафес. мастацтва ўсіх відаў і жанраў, становіцца важным фактарам гуманізацыі прыроднага і грамадскага быцця. Поруч з традыц. відамі мастацтва развіццю П.э. садзейнічае тэхн. эстэтыка і мастацка-прамысловае праектаванне (дызайн), афармленне сферы вытв-сці і побыту людзей паводле законаў прыгажосці.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 245

ПАЧУ́ЦЦІ,

псіхічныя працэсы перажывання чалавекам сваіх адносін да навакольнага асяроддзя (людзей, іх учынкаў, якіх-н. з’яў) і да сябе. П. больш працяглыя, чым эмоцыі, уласцівы чалавеку і абумоўлены яго сац.-гіст. сутнасцю, грамадскімі адносінамі і выхаваннем. У П. выяўляюцца індывід.-тыпалагічныя асаблівасці (тэмперамент) асобы. З’яўляюцца сігналамі поспехаў або няўдач, тым самым рэгулююць дзейнасць людзей. Бываюць актыўныя (стэнічныя), якія маюць станоўчы эмацыянальны тон — павышаюць жыццядзейнасць чалавека, і пасіўныя (астэнічныя) з адмоўным эмацыянальным тонам — незадавальненне, смутак і інш. Сярод П. вылучаюць спецыфічныя іх віды: настрой, афекты (моцныя эмацыянальныя перажыванні — злосць, жах і інш.), страсці. Асаблівую групу П. складаюць маральныя П. (П. калектывізму, абавязку, гонару і інш.), эстэтычныя (гл. Пачуццё эстэтычнае), інтэлектуальныя.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 246

ПАЧУ́ЦЦЯЎ О́РГАНЫ,

высокаспецыялізаваныя органы, з дапамогай якіх чалавек і жывёлы атрымліваюць інфармацыю з навакольнага асяроддзя.

Кожны П.о. складаецца з адчувальных (рэцэптарных) нерв. клетак і дапаможных структур; трансфармуе ў працэс нерв. ўзбуджэння толькі пэўны від энергіі, які ўздзейнічае на рэцэптары і перадае інфармацыю ў ц. н. с. Уяўляюць сабой сенсорныя сістэмы, складаюцца з 3 ч.: перыферычнай (рэцэптары), прамежкавай (перадача нерв. імпульсаў па правадных шляхах да падкоркавых цэнтраў), цэнтральнай (кара галаўнога мозга, дзе адбываецца аналіз і сінтэз адчуванняў). У залежнасці ад асаблівасцей развіцця, будовы, функцый нерв. і гліяльных кампанентаў П.о. падзяляюцца на 3 групы. Да 1-й адносяцца зроку органы і нюху органы; рэцэптарныя клеткі органаў зроку і нюху — нерв. (нейрасенсорныя). 2-я група: слыху органы, смаку органы, раўнавагі органы, утрымлівае гліяльныя клеткі (сенсаэпітэліяльныя), якія ўспрымаюць раздражненне і перадаюць узбуджэнне адчувальным нерв. клеткам. 3-я група: рэцэптарныя інкапсуляваныя і неінкапсуляваныя цельцы (перыферычныя ч. аналізатараў дотыку, ціску і інш.). П.о. садзейнічаюць найб. дасканаламу прыстасаванню арганізма да навакольнага асяроддзя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 246

ПАЧЦЕ́ННЫ (Яўген Кузьміч) (н. 5.2.1931, г. Бежыца Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне прыкладной механікі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі ваенна-мех. ін-т (1955). З 1957 у БПІ, з 1963 у АН Беларусі, з 1993 у Навук. цэнтры праблем механікі машын Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах трываласці машын. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Кинетическая теория механической усталости и ее приложения. Мн., 1973;

Прогнозирование долговечности и диагностика усталости деталей машин. Мн., 1983.

т. 12, с. 246