Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІЯПА́ТЫЯ (ад мія... + грэч. pathos пакута, хвароба),

група спадчынных хвароб мышцаў, праявамі якіх з’яўляюцца атрафія, мышачная слабасць, зніжэнне мышачнага тонусу, сухажыльных рэфлексаў (да адсутнасці). У аснове развіцця — парушэнне абмену ў мышачных клетках, змены сінтэзу нуклеінавых к-т і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае, лячэбная фіз. культура, масаж, фізіятэрапія.

т. 10, с. 494

МІЯПІ́Я,

тое, што блізарукасць.

т. 10, с. 494

МІЯРЭЛАКСА́НТЫ (ад мія... + лац. relaxatio аслабленне),

група лекавых сродкаў, якія паніжаюць тонус шкілетнай мускулатуры і памяншаюць рухальную актыўнасць. У якасці М. выкарыстоўваюць прэпараты расл. і сінт. паходжання, што блакіруюць перадачу нерв. імпульсаў у нерв.-мышачных сінапсах. Паводле механізму ўздзеяння М. падзяляюць на антыдэпалярызуючыя (канкурэнтныя) і дэпалярызуючыя. Антыдэпалярызуючыя (дыплацын, панкуроній, піпекуроній і інш.) блакіруюць перадачу ўзбуджэння з нерва на шкілетную мышцу за кошт змяншэння адчувальнасці рэцэптара да дзеяння медыятара ацэтылхаліну. Дэпалярызуючыя М. (напр., суксаметоній) выклікаюць стойкую дэпалярызацыю клетачнай мембраны, што таксама парушае правядзенне ўзбуджэння з нерва на мышцу. М. выкарыстоўваюць для расслаблення мышцаў пры хірург. аперацыях, для ўпраўлення вывіхаў, як процісутаргавы сродак пры слупняку, атручэннях і інш.

М.​К.​Кеўра.

т. 10, с. 494

МІЯ́С,

горад у Чэлябінскай вобл. Расіі, на р. Міяс. Засн. ў 1773. 167,2 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Прам-сць: аўтамаб. (выпуск грузавых машын павышанай праходнасці), эл.-тэхн., інструментальная, гумавая. Ракетны цэнтр і канструктарскае бюро. Факультэты Чэлябінскага політэхн. ун-та. Краязнаўчы музей (калекцыя вырабаў з уральскіх мінералаў). Паблізу — Ільменскі запаведнік.

т. 10, с. 495

МІЯСТЭНІ́Я (ад мія... + грэч. astheneia слабасць),

нервова-мышачная хвароба чалавека, якая выяўляецца ў слабасці і празмернай стамляльнасці мышцаў ад парушэння рэгуляцыі абмену рэчываў ц. н. с. і пашкоджання вілачкавай залозы. Часцей хварэюць жанчыны. Пашкоджваюцца пераважна жавальныя, глытальныя, вокарухальныя мышцы. М. цягнецца хвалепадобна з перыядамі паляпшэння. Лячэнне тэрапеўт., рэнтгенатэрапія, выдаленне вілачкавай залозы.

т. 10, с. 495

МІЯТАНІ́Я (ад мія... + грэч. tonos напружанне),

сіндром прыроджанай гіпатаніі ці атаніі мышцаў чалавека ад парушэння абмену рэчываў і пашкоджанняў спіннога мозга. Прыкметы М.: парушэнне маторыкі (галава, рукі, ногі нованароджанага дзіцяці звісаюць уздоўж тулава, дыханне вялае, крык ціхі) без псіхічных расстройстваў. Для характэрных праяў М. выкарыстоўваюць тэрмін «вялае дзіця». Лячэнне: масаж, лячэбная фіз. культура, дазіраваная электрастымуляцыя мышцаў, рэфлексатэрапія.

т. 10, с. 495

МІЯФІБРЫ́ЛЫ (ад мія... + фібрылы),

скарачальныя арганелы ў саркаплазме папярочна-паласатых мышачных валокнаў, сардэчнай мышцы і мышцаў з двайной касой счэрчанасцю; забяспечваюць мышачнае скарачэнне. Дыям. ад 0,5 да некалькіх мікрон. Асн. маса М. — міяфіламенты, або протафібрылы, двух тыпаў: тоўстыя міязінавыя (дыям. 10—15 нм) і тонкія актынавыя (дыям. 5—8 нм). Маюць у сабе таксама бялкі тропаміязін A і B, актыніны і інш. Гл. таксама Мышачнае скарачэнне.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 495

МІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), міяцэн (ад грэч. meion менш + kainos новы),

ніжні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду) у геахраналагічнай шкале; ранняя эпоха неагенавага перыяду геал. гіст. Зямлі. Пачаўся 23,8 млн. і доўжыўся да 5,32 млн. гадоў назад. М.а. (э.) падзяляецца на пададдзелы: ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні). На Беларусі на канец ранняга — пач. позняга міяцэну прыпадае кліматычны оптымум усяго неагену, калі прыродныя ўмовы нагадвалі сучасныя субтрапічныя. Намножыліся кантынентальныя адклады магутнасцю да 100—120 м (пяскі, алеўрыты, сапрапеліты, буры вугаль). Яны ўтвараюць брынёўскі і антопальскі надгарызонты, больш пашыраны на Пд. Да гэтай эпохі належаць большасць радовішчаў тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы бурага вугалю (гл. адпаведныя арт.).

Т.​В.​Якубоўская.

т. 10, с. 495