Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),

перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал.ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 ў параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн. чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.

т. 10, с. 331

МІГРА́ЦЫЯ ЭЛЕМЕ́НТАЎ,

перамяшчэнне і пераразмеркаванне хім. элементаў у зямной кары і на яе паверхні пры розных геахімічных працэсах. Адбываецца ў цвёрдай, вадкай і газападобнай фазах рэчыва, у выглядзе атамаў (ртуць), малекул (кісларод, азот і інш.), іонаў простых і комплексных, золей калоідных раствораў. М.э. вызначаецца ўласцівасцямі элементаў (атамаў, іх ядраў і інш.) і фіз.-хім. ўмовамі асяроддзя (т-рай, ціскам, акісляльна-аднаўленчымі працэсамі і інш.). Змена ўмоў асяроддзя — гал. прычына М.э., прыводзіць да рассеяння хім. элемента́ў або іх канцэнтрацыі з утварэннем прамысл. радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная М.э. назіраецца пры працэсах метасаматызму, хім. дыферэнцыяцыі ў расплавах магмы, марскіх вадаёмах і інш. На заканамернасцях М.э. базіруюцца метады геахімічных пошукаў карысных выкапняў.

У.Я.Бардон.

т. 10, с. 331

МІГРА́ЦЫЯ ЭНЕ́РГІІ ў біялагічных працэсах,

пераход энергіі ад часціцы-донара (малекулы або яе часткі) на другую часціцу-акцэптар; вынік электрамагнітнага ўзаемадзеяння часціц. Прымае ўдзел у працэсах жыццядзейнасці, напр., у фотабіял. працэсах, якія з’яўляюцца асноватворнымі для біял. сістэм. У працэсе фотасінтэзу квант святла пераводзіць малекулу хларафілу або інш. пігменту ў электронна-ўзбуджаны стан. Потым энергія мігрыруе ад адной малекулы пігменту да другой, пакуль не дасягне асобай малекулы, якая служыць цэнтрам пераўтварэння энергіі электроннай узбуджанасці ў хім. энергію (энергію хім. сувязей). Акрамя міжмалекулярнай М.э., магчымы і ўнутрымалекулярны перанос энергіі, напр., паміж асобнымі азоцістымі асновамі ў малекуле ДНК ці РНК, пасля паглынання гэтымі малекуламі кванта ультрафіялетавага выпрамянення.

т. 10, с. 331

МІГРЭ́НЬ (ад франц. migraine),

прыступападобны галаўны боль (звычайна адной паловы галавы) з моташнасцю і рвотай. Назіраецца пры парушэнні мазгавога кровазвароту ад рэзкай спазмы сасудаў і застою крыві. Часцей хварэюць жанчыны. Адрозніваюць М. сапраўдную і сімптаматычную. Прыкметы: галаўны боль звычайна ў лобна-скроневай вобласці, бывае пульсуючы, узмацняецца пры яркім святле, шуме, кашлі, халадзеюць канечнасці і інш. Пры М. развіваецца мігрэнозны статус (прыступы паўтараюцца адзін за адным з кароткімі інтэрваламі). Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўтычнае.

т. 10, с. 331

МІГУ́Н (Мікалай Пятровіч) (н. 17.5.1951, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1973). З 1976 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1980 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Распрацаваў тэарэт. асновы гідрадынамікі неразбуральных метадаў кантролю пранікальнымі вадкасцямі, вызначыў асаблівасці працэсаў пераносу ў мікраструктурных вадкасцях.

Тв.:

Гидродинамика и теплообмен градиентных течений микроструктурной жвдкости. Мн., 1984 (разам з П.П.Прахарэнкам);

Введение в теорию капиллярного контроля. Мн., 1988 (з ім жа);

Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999 (разам з П.П.Прахарэнкам, М.Штатгаўзам).

М.П.Савік.

т. 10, с. 331