МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),
перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал.ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 ў параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн. чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.
т. 10, с. 331
МІГРА́ЦЫЯ ЭЛЕМЕ́НТАЎ,
перамяшчэнне і пераразмеркаванне хім. элементаў у зямной кары і на яе паверхні пры розных геахімічных працэсах. Адбываецца ў цвёрдай, вадкай і газападобнай фазах рэчыва, у выглядзе атамаў (ртуць), малекул (кісларод, азот і інш.), іонаў простых і комплексных, золей калоідных раствораў. М.э. вызначаецца ўласцівасцямі элементаў (атамаў, іх ядраў і інш.) і фіз.-хім. ўмовамі асяроддзя (т-рай, ціскам, акісляльна-аднаўленчымі працэсамі і інш.). Змена ўмоў асяроддзя — гал. прычына М.э., прыводзіць да рассеяння хім. элемента́ў або іх канцэнтрацыі з утварэннем прамысл. радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная М.э. назіраецца пры працэсах метасаматызму, хім. дыферэнцыяцыі ў расплавах магмы, марскіх вадаёмах і інш. На заканамернасцях М.э. базіруюцца метады геахімічных пошукаў карысных выкапняў.
У.Я.Бардон.
т. 10, с. 331
МІГРА́ЦЫЯ ЭНЕ́РГІІ ў біялагічных працэсах,
пераход энергіі ад часціцы-донара (малекулы або яе часткі) на другую часціцу-акцэптар; вынік электрамагнітнага ўзаемадзеяння часціц. Прымае ўдзел у працэсах жыццядзейнасці, напр., у фотабіял. працэсах, якія з’яўляюцца асноватворнымі для біял. сістэм. У працэсе фотасінтэзу квант святла пераводзіць малекулу хларафілу або інш. пігменту ў электронна-ўзбуджаны стан. Потым энергія мігрыруе ад адной малекулы пігменту да другой, пакуль не дасягне асобай малекулы, якая служыць цэнтрам пераўтварэння энергіі электроннай узбуджанасці ў хім. энергію (энергію хім. сувязей). Акрамя міжмалекулярнай М.э., магчымы і ўнутрымалекулярны перанос энергіі, напр., паміж асобнымі азоцістымі асновамі ў малекуле ДНК ці РНК, пасля паглынання гэтымі малекуламі кванта ультрафіялетавага выпрамянення.
т. 10, с. 331
МІГРЭ́НЬ (ад франц. migraine),
прыступападобны галаўны боль (звычайна адной паловы галавы) з моташнасцю і рвотай. Назіраецца пры парушэнні мазгавога кровазвароту ад рэзкай спазмы сасудаў і застою крыві. Часцей хварэюць жанчыны. Адрозніваюць М. сапраўдную і сімптаматычную. Прыкметы: галаўны боль звычайна ў лобна-скроневай вобласці, бывае пульсуючы, узмацняецца пры яркім святле, шуме, кашлі, халадзеюць канечнасці і інш. Пры М. развіваецца мігрэнозны статус (прыступы паўтараюцца адзін за адным з кароткімі інтэрваламі). Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўтычнае.
т. 10, с. 331
МІГУ́Н (Мікалай Пятровіч) (н. 17.5.1951, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1973). З 1976 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1980 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Распрацаваў тэарэт. асновы гідрадынамікі неразбуральных метадаў кантролю пранікальнымі вадкасцямі, вызначыў асаблівасці працэсаў пераносу ў мікраструктурных вадкасцях.
Тв.:
Гидродинамика и теплообмен градиентных течений микроструктурной жвдкости. Мн., 1984 (разам з П.П.Прахарэнкам);
Введение в теорию капиллярного контроля. Мн., 1988 (з ім жа);
Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999 (разам з П.П.Прахарэнкам, М.Штатгаўзам).
М.П.Савік.
т. 10, с. 331
МІД (Mead),
Гувер, вадасховішча на р. Каларада, на З ЗША (штаты Невада і Арызона). Пл. 631 км2, аб’ём 36,75 км3, даўж. 184 км. Створана ў 1935—36 для водазабеспячэння і барацьбы з паводкамі.
т. 10, с. 331
МІД ((Mead) Джордж Герберт) (27.2.1863, г. Саўт-Хадлі, ЗША — 26.4.1931),
амерыканскі філосаф, сацыёлаг і сац. псіхолаг; прадстаўнік прагматызму і натуралізму. Скончыў Гарвардскі ун-т, вывучаў філасофію і псіхалогію ў Германіі. З 1894 праф. Чыкагскага ун-та. Стварыў тэорыю «сімвалічнага інтэракцыянізму», асн. ідэі якой выкладзены ў кн. «Розум, я і грамадства» (выд. 1934). Распрацаваў канцэпцыю «міжіндывідуальнага ўзаемадзеяння». Паводле М., паводзіны чалавека і станаўленне яго сац. якасцей абумоўлены структурай асобы, яго роляй і ўспрыманнем установак «абагульненага іншага» — усёй супольнасці. Дзейнасць індывіда ўяўляў сабе як сукупнасць сац. роляў, што выяўляюцца пры дапамозе сродкаў-сімвалаў (жэст, мова), міжасобасныя адносіны — як працэс «пераманьвання роляў», капіравання дзеянняў інш. сац. партнёраў, у выніку чаго адбываецца перадача канкрэтнай сацыяльна значнай інфармацыі ад аднаго чалавека да другога, пазнанне індывідам мноства роляў, значэнняў і каштоўнасцей, якімі валодаюць інш. людзі. Ідэі М. атрымалі пашырэнне ў педагогіцы, псіхалогіі, сац. этыцы, сац. фенаменалогіі і інш.
І.В.Катляроў.
т. 10, с. 331
МІД ((Meade) Карл) (н. 16.11.1950, Чанут, штат Ілінойс, ЗША),
касманаўт ЗША. З 1985 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў палёты (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) у складзе экіпажаў касм. караблёў (ΚΚ): 15—20.11.1990 — на КК «Атлантыс», 25.6—9.7.1992 — на КК «Калумбія», 9—20.9.1994 — на КК «Дыскаверы». У космасе правёў 31,04 сут.
У.С.Ларыёнаў.
т. 10, с. 331
МІДА́С (Midas),
цар Фрыгіі (736—696 да н.э.]. Удзельнічаў у кааліцыі супраць цара Асірыі Саргана II, але ў 707 да н.э. прызнаў яго ўладу. З яго імем звязаны шматлікія стараж.-грэч. міфы. Паводле аднаго з іх, Дыяніс надаў М. здольнасць ператвараць у золата ўсё, да чаго ён дакранаўся, паводле другога — самаўпэўнены невук М. прысудзіў перамогу Пану ў яго муз. спаборніцтве з Апалонам. У пакаранне за гэта Апалон надзяліў М. аслінымі вушамі, якія той дарэмна хаваў пад шапкай. Ад гэтага міфа пайшлі выразы «мідасаў суд» — суд невука і «вушы Мідаса» — невуцтва, якое не схаваеш.
т. 10, с. 332
МІДЗАГУ́ЦІ (Кэндзі) (16.5.1898, Токіо — 24.8.1956),
японскі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў яп. кінамастацтва. Скончыў маст. вучылішча ў Токіо. У ранні перыяд пад уплывам ням. экспрэсіянізму паставіў фільм «Кроў і душа», экранізаваў творы зах. л-ры («813» паводле М.Леблана, «Порт у тумане» паводле Ю.О’Ніла, усе 1923, і інш.). Пазней звяргаўся пераважна да сац. тэматыкі. Гал. тэмай яго творчасці стала сутыкненне традыц. яп. побыту і светаўяўлення з сучаснасцю, якое раскрываў праз лёс жанчын. Сярод лепшых фільмаў: «Элегія Наніва», «Гіёнскія сёстры» (абодва 1936), «Жанчына Сайкаку» (паводле І.Сайкаку, 1952, інш. назва «Жыццё О-Хару, куртызанкі», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1952), «Месяц у тумане» (паводле легенды А.Уэда, 1953, інш. назвы «Казкі туманнага месяца пасля дажджу», «Угэцу манагатары», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1953), «Кіраўнік Сансё» (паводле А.Моры, 1954, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1954), «Раён чырвоных ліхтароў» (1956) і інш.
Літ.:
Ивасаки А. История японского кино: Пер. с яп. М., 1966.
т. 10, с. 332