ВЫДЗІМА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,
выветрыванне верхняга слоя глебы разам з пасеяным насеннем, іншы раз і з усходамі. Часцей выдзімаюцца вясной палі, засеяныя яравымі збожжавымі, шматгадовымі і аднагадовымі травамі, радзей — пасевы азімых увосень. На Беларусі адзначаецца часам на тарфяных і пясчаных глебах. Гл. таксама Эрозія глебы.
т. 4, с. 306
ВЫДЗЯЛЕ́ННЕ,
экскрэцыя, вывядзенне з арганізма канчатковых і прамежкавых прадуктаў метабалізму, чужародных, таксічных і залішніх рэчываў, вады, солей, газаў; частка абмену рэчываў. Забяспечвае аптымальны склад унутр. асяроддзя (гамеастаз) і нармальную жыццядзейнасць арганізма. У працэсе выдзялення ў пазваночных удзельнічаюць ныркі, стрававальна-кішачны тракт, лёгкія, шчэлепы, скура, слізістыя абалонкі, плацэнта (гл. Выдзяляльная сістэма). Асновай механізмаў выдзялення ў розных органах з’яўляюцца працэсы пераходу прадуктаў абмену рэчываў праз клетачныя мембраны з вобласці з больш высокай іх канцэнтрацыяй у вобласць з больш нізкай канцэнтрацыяй. У выдзяленні адрозніваюць 3 групы з’яў: выдзяленне вуглекіслаты ў знешняе асяроддзе ў газападобнай форме (у наземных жывёл); выдзяленне канчатковых прадуктаў азоцістага абмену (аміяк, мачавіна, мачавая кіслата, гуанін) і чужародных рэчываў, якія ўсмоктваюцца; рэгуляцыя асматычнага ціску ўнутр. асяроддзя арганізма праз выдзяленне вады і солей. У норме выдзяленне прадуктаў абмену прапарцыянальнае інтэнсіўнасці іх утварэння. Паміж органамі выдзялення існуюць функцыян. і рэгулятарныя ўзаемасувязі. У раслін адрозніваюць актыўнае выдзяленне — спецыялізаванымі залозамі або ўсёй паверхняй клетак і пасіўнае выдзяленне — змыванне і вышчалочванне ападкамі. Парушэнне выдзялення вядзе да павелічэння канцэнтрацыі рэчываў, якія выдзяляюцца ва ўсіх клетках арганізма, і абумоўлівае парушэнне іх нармальнага функцыянавання.
А.С.Леанцюк.
т. 4, с. 306
ВЫДЗЯЛЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
экскрэторная сістэма, сукупнасць органаў, якія выводзяць з арганізма жывёл і чалавека ў навакольнае асяроддзе лішкі вады, солей, канчатковых прадуктаў абмену рэчываў, ядавітых рэчываў, што паступілі ў арганізм або ўтварыліся ў ім. Экскрэторную функцыю выконваюць органы стрававання, дыхання, скура. Органамі выдзялення з’яўляюцца: у ніжэйшых чарвей, прыапулідаў, некаторых анелідаў, лічынак паліхетаў і малюскаў — протанефрыдыі; у кольчатых чарвей — метанефрыдыі; у ракападобных — антэнальныя і максілярныя залозы; у наземных беспазваночных — часцей мальпігіевы сасуды, у нематод — «ныркі назапашвання»; у дажджавых чарвей — хлорагагенныя клеткі; у павукоў — прамежкавая тканка і інш.; у пазваночных — ныркі. У філагенезе і антагенезе пазваночных адбываецца паслядоўная змена трох тыпаў нырак: пранефрасу, мезанефрасу і метанефрасу.
А.С.Леанцюк.
т. 4, с. 306
ВЫ́ДРА
(Lutra lutra),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных.
Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў норах або інш. сховішчах на рэках і вадаёмах з густой расліннасцю па берагах. На Беларусі найб. трапляецца ў паўн. і цэнтр. раёнах.
Даўж. цела 62—117 см, маса 6—10 кг. Тулава выцягнутае, гнуткае, мускулістае. Лапы кароткія, пальцы злучаны перапонкамі. Поўсць на спіне цёмна-бурая, бліскучая, на бруху светлая, серабрыстая. Футра каштоўнае. Выдра добра плавае і нырае. Нараджае звычайна 2—4 дзіцянят 2 разы за год. Корміцца пераважна рыбай. Добра прыручаецца.
т. 4, с. 306
ВЫ́ДРА
(Vydra) Вацлаў (29.4.1876, г. Пльзень, Чэхія — 13.4.1953),
чэшскі акцёр. Нар. арт. Чэхаславакіі (1946). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1893. У 1907—22 у Гарадскім т-ры ў Пльзене, потым у Празе, у Гарадскім т-ры на Вінаградах, з 1922 у Нац. т-ры (у 1945—49 маст. кіраўнік). Сцэн. вобразы, створаныя Выдрам, адметныя майстэрствам псіхал. аналізу, тэмпераментам: Атэла, Кароль Лір, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Геро, Войнар («Геро», «Войнарка» А.Ірасека), Ранк («Нора» Г.Ібсена) і інш. Аўтар кніг «Прашу слова» (1954) і «Мае падарожжы ў жыцці і мастацтве» (4-е выд., 1976).
т. 4, с. 306
ВЫ́ДРАНКАЎСКАЯ ЦАРКВА́ ДЗМІ́ТРЫЯ РАСТО́ЎСКАГА,
помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю «мадэрн». Пабудавана ў пач. 20 ст. ў в. Выдранка (Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл.). Храм падоўжна-восевай часткавай кампазіцыі: званіца, бабінец, крыжападобны асн. аб’ём і 5-гранная апсіда з квадратнай бакавой рызніцай. У сілуэце будынка дамінуюць гранёныя шатровыя пакрыцці з цыбулепадобнымі купалкамі 8-граннага барабана асн. аб’ёму і 2-яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы, надбудаванай над прамавугольным прытворам. Агульную кампазіцыю ўзбагачаюць двухгранныя шчыты зрубаў з разнымі падзорамі.
А.М.Кулагін.
т. 4, с. 306
ВЫ́ДРЫН Максім Львовіч
(14.8.1870, Масква — 31.5.1951),
бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н., праф. (1923). Засл. дзеяч нав. Беларусі (1938) Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Працаваў у Маскве. У 1923—41 і 1943—51 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па даследаванні і лячэнні пазаматачнай цяжарнасці, матачнага крывацёку, фібраміём, раку маткі. Аўтар падручнікаў па акушэрстве і гінекалогіі.
т. 4, с. 306
ВЫ́ДРЫЦА,
рака ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. Зах. Дзвіны. Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 120 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПнЗ ад в. Вацлавова і цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага ўзв. Упадае ў воз. Чарсцвяцкае з Пд. Рэчышча на працягу 12,4 км ад вусця каналізаванае.
т. 4, с. 307