БЛЮ́ХЕР
(Blücher) Гебхард Леберэхт фон Вальштат (Wahlstatt; 16.12.1742, г. Ростак, Германія — 12.9.1819),
прускі ваен. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1813), князь Вальштацкі (1814). Пачаў службу ў швед. арміі (1758). У час Сямігадовай вайны 1756—63 трапіў у прускі палон, стаў прускім афіцэрам (1760). Камандаваў кав. корпусам у вайну 1-й кааліцыі супраць рэсп. Францыі 1793—94, прускім авангардам у Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806, прускімі войскамі ў Памераніі (1807—11), рус.-прускай Сілезскай арміяй (1813) і інш. Асабліва вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813 і каля Ватэрлоо (1815). За свае ваен. поспехі празваны «маршал Уперад».
т. 3, с. 198
БЛЮ́ШЧЫК
(Glechoma),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 5 (паводле інш. звестак 12) відаў. Пашыраны ва ўмеранай Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў лясах, хмызняках, на лугах, каля жылля і дарог трапляецца блюшчык плюшчападобны (С. hederacea); блюшчык валасісты (С. hirsuta) — рэдкі від, расце ў лісцевых лясах і хмызняках, пераважна ў зах. і паўд. раёнах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі ўкараняльнымі сцябламі і ўзыходнымі кветаноснымі парасткамі выш. да 20—25 см. Лісце супраціўнае, круглавата-ныркападобнае, зубчастае, укрытае валаскамі. Кветкі двухполыя, двухгубыя, ліловыя або ружова-ліловыя, у несапраўдных кальчаках. Плод — цэнобій з 4 арэшкаў. Дэкар., лек. (адхарквальны, жаўцягонны, процізапаленчы, гемастатычны сродак) і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, халін, дубільныя рэчывы; некаторыя віды ядавітыя.
т. 3, с. 198