Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЛОК ВАЕ́ННЫ,

ваенна-паліт. саюз або пагадненне дзяржаў для сумесных дзеянняў у вырашэнні агульных паліт., эканам. і ваен. задач. Ствараюцца пераважна ў мірны час.

Блокі ваенныя існавалі са стараж. часоў. У гісторыі найб. вядомыя блокі ваенныя: ваен. саюз Францыі, Даніі, Швецыі, Галандыі і італьян. дзяржаў супраць Іспаніі ў Трыццацігадовай вайне 1618—48, «Паўночны саюз» (Расія, Данія, Рэч Паспалітая, Саксонія, пазней Францыя і Турцыя), які выступіў супраць Швецыі ў Паўночнай вайне 1700—21, і інш. Да 1-й сусв. вайны ўтварыліся 2 асн. блокі ваенныя: Траісты саюз 1882 (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія); яму процістаялі ваен. саюз Францыі і Расіі (1892) і Антанта — саюз Вялікабрытаніі і Францыі (1904), якія ў 1907 аб’ядналіся ў «Траістую згоду» («Траістая Антанта) — саюз Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны створаны «Антыкамінтэрнаўскі пакт» 1936 паміж Германіяй і Японіяй, да якога далучыліся ў 1937 Італія, у 1939 Венгрыя, Іспанія і інш. Яму процістаяла антыгітлераўская кааліцыя (1942), у якую ўвайшлі Вялікабрытанія, ЗША, СССР, Францыя і інш. (усяго 26 краін). У перыяд «халоднай вайны» ўзнікла сістэма блокаў ваенных, гал. сярод якіх Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО, 1949) і Варшаўскі дагавор 1955 (распушчаны ў 1991). Створаны таксама Арганізацыя дагавору Паўднёва-Ўсходняй Азіі (СЕАТО, 1954), Арганізацыя Цэнтральнага дагавору (1955), Азіяцка-Ціхаакіянскі савет (АЗПАК, 1966), Ціхаакіянская ваенная групоўка (АНЗЮС, 1971).

т. 3, с. 194

БЛОК НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ,

аб’яднанне паліт. партый і аргцый нац. меншасцяў у Польшчы ў 1922—28. Створаны для сумеснай дзейнасці напярэдадні выбараў у сейм і для работы ў ім. У блок уваходзіў і Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт. На выбарах у сейм у 1922 атрымаў 1398 тыс. (16%) галасоў, 66 пасольскіх і 22 сенатарскія мандаты. У Зах. Беларусі за кандыдатаў блока было аддадзена 286 тыс. (28%) галасоў. Па спісе блока ў сейм прайшлі 11 дэпутатаў-беларусаў, у сенат — 3 сенатары (А.Аўсянік, В.Багдановіч, С.Баран, У.Каліноўскі, М.Кахановіч, П.Мятла, А.Назарэўскі, В.Рагуля, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Станкевіч, Б.Тарашкевіч, А.Уласаў, С.Якавюк, Ф.Ярэміч) і ўтвораны Беларускі пасольскі клуб.

т. 3, с. 194

БЛОК ПАЛІТЫ́ЧНЫ,

аб’яднанне, якое ствараецца для дасягнення агульных паліт. мэтаў. Можа быць пагадненнем аб сумесных дзеяннях паміж паліт. партыямі, грамадскімі арг-цыямі (напр., у час выбараў), дзяржавамі. У парламентах парт. фракцыі складаюць блокі для падтрымкі ці адхілення якога-н. Закону.

т. 3, с. 194

БЛОК ТЭКТАНІ́ЧНЫ,

участак зямной кары, абмежаваны разломамі. Памеры ад соцень квадратных метраў да мільёнаў квадратных кіламетраў. Форма ад трохвугольнай і паліганальнай да выцягнутай (гл. Ступень тэктанічная). Невял. блокі тэктанічныя вылучаюць у рудных і шахтавых палях, на нафтагазаносных плошчах, пры інжынерна-іеал. раянаванні. Буйныя блокі (літасферныя пліты або геаблокі) — у крышталічным фундаменце платформаў і складкавых абласцях. Блокі тэктанічныя перамяшчаюцца адзін адносна аднаго ў верт. і гарыз. напрамках. Стыкі паміж блокамі часта ўтвараюць шыўную зону. На Беларусі найб. выразную блокавую будову мае фундамент Прыпяцкага прагіну.

А.М.Нагорны.

т. 3, с. 194

Бломберген Нікалас

т. 18, кн. 1, с. 353

БЛО́МКВІСТ Яўгенія Эдуардаўна

(21.11.1890—27.7.1956),

рускі этнограф. Д-р гіст. н. (1950). Скончыла жаночы пед. ін-т (1914), Ленінградскі геагр. ін-т (1924). Узначальвала славяна-рус. сектар Ін-та этнаграфіі АН СССР. Аўтар прац па этнаграфіі народаў Паўн. Амерыкі і ўсх. славян. У працы «Сялянскія пабудовы рускіх, украінцаў і беларусаў» (1956) на падставе археал. і этнагр. прац, архіўных, музейных і экспедыцыйных матэрыялаў прасачыла развіццё сельскіх пасяленняў, сядзіб, гасп. пабудоў і буд. тэхнікі ўсх. славян са стараж. часоў да сярэдзіны 20 ст. Упершыню выявіла агульныя рысы і спецыфічныя асаблівасці гэтай галіны матэрыяльнай культуры, правяла іх класіфікацыю і тыпалогію.

В.К.Бандарчык.

т. 3, с. 195

БЛО́НСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Дзейнічала ў в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. ў 1899—1908. Рэв. агітацыя сярод сялян праводзілася з 1881 уладальнікамі маёнтка Блонь народнікамі А.В.Бонч-Асмалоўскім і яго жонкай В.І.Вахоўскай. Яна ўзмацнілася пасля ўзнікнення на Міншчыне ў канцы 1890-х г. Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі. У канцы 1899 узнік тайны гурток самаразвіцця і /ўзаемадапамогі. Гурток налічваў каля 20 чал., меў б-ку, аказваў матэр. дапамогу сялянам; на сваіх сходах абмяркоўваў паліт. і эканам. праблемы, яго члены знаёміліся з рэв. л-рай, сацыяліст. ідэямі. У 1898—99 у маёнтку Блонь жыла К.А.Брэшка-Брашкоўская, туды прыязджалі С.П.Кавалік, Р.А.Гершуні, Я.К.Судзілоўская, С.К.Мяржынскі, П.В.Румянцаў і інш. У 1901 гурток разгромлены, Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М.Цехановіч высланы. У 1903 вакол селяніна В.Катка (Федарончыка) сфарміраваўся новы гурток, які знаходзіўся пад уплывам эсэраў. Яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэліг. погляды. У маі 1903 пасля высылкі Катка дзейнасць гуртка прыпынілася. Аднавілася ў канцы 1904 пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і Цехановіча. У 1905 яны заснавалі суполку Усерас. сял. саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арг-цый РСДРП і Бел. сацыяліст. грамады. Вялася падрыхтоўка сялян-агітатараў. Прадстаўнікі Блонскай сялянскай арганізацыі Бонч-Асмалоўскі, Р.Гайдук і «Канстанцін» (прозвішча не ўстаноўлена) удзельнічалі ў рабоце Устаноўчага з’езда Усерас. сялянскага саюза (31.7—1.8.1905, Масква). З дапамогай найб. свядомых сялян рэгулярна праводзіліся мітынгі, на якіх збіралася да 500 чал. з навакольных вёсак. З 1906 з узмацненнем паліцэйскага тэрору арг-цыя страціла актыўнасць. Спыніла існаванне ў сувязі з арыштам сям’і Бонч-Асмалоўскіх і найб. актыўных сялян.

З.В.Шыбека.

т. 3, с. 195

БЛОНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана з дрэва ў 1826 у в. Блонь (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Сіметрычны прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) са шпілем, над сяродкрыжжам 8-гранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Гал. фасад акцэнтаваны манум. порцікам, які ўтвараюць 4 мураваныя калонкі і трохвугольны франтон. Сцены гарызантальна ашаляваны, завершаны карнізам з поясам «сухарыкаў», разным фрызам. У інтэр’еры асн. частка 3-нефавая, над бабінцам хоры.

т. 3, с. 195

БЛОНЬ,

вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 3 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пухавічы. 1874 ж., 370 двароў (1995).

У 19 ст. маёнтак, уласнасць Бонч-Асмалоўскіх. У 1886 у вёсцы 226 ж., 86 двароў; Троіцкая царква, касцёл, школа, млын, 2 разы на год кірмаш. З 1880-х г. дзякуючы дзейнасці А.В.Бонч-Асмалоўскага і яго жонкі В.І.Вахоўскай Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў У 1899—1908 дзейнічала Блонская сялянская арганізацыя. З 1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У 1939—54 наз. в. Зарэчча. У 1970 — 1590 ж.

У Блоні сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Блонская Троіцкая царква, сядзібны дом і парк (2-я пал. 19 ст.). Магіла ахвяраў фашызму.

т. 3, с. 195

БЛОЎТ

(Blout) Элкан Роджэр (н. 2.7.1919, Нью-Йорк),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1969) і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Замежны чл. АН СССР (1976). Скончыў акадэмію Філіпс эксэтэр (1935), Прынстанскі ун-т (1939). З 1943 узначальваў карпарацыю «Паляроід компані». У 1960—69 (з 1962 праф.) у Гарвардскім ун-це. Навук. працы па біяхіміі пратэалітычных ферментаў і бялкоў, якія ёсць у мембранах эрытрацытаў, будове і метадах даследаванняў біяпалімераў з выкарыстаннем фіз. метадаў даследавання (дысперсія аптычнага вярчэння, кругавы дыхрамізм, ядз. магн. рэзананс і інш.).

т. 3, с. 196