БЛЕФАРЫ́Т
(ад грэч. blepharon павека + ...іт),
запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.
Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Л.М.Марчанка.
т. 3, с. 190
БЛЕ́ШЧЫК Мікалай Паўлавіч
(н. 23.12.1930, г.п. Чырвоны Сцяг Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі буд-ва. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1992). Скончыў Ленінградскі завочны індустрыяльны ін-т (1957). З 1957 у Ін-це буд-ва і архітэктуры Дзяржбуда БССР, з 1988 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па рэалогіі, тэхнал. механіцы бетону, рэсурсазберагальных канструкцыйна-тэхнал. сістэмах збудаванняў, тэхналогіі аб’ёмна-блочнага домабудавання і ўзвядзення маналітных жалезабетонных канструкцый.
Тв.:
Технология и экономика объемноблочного домостроения. Мн., 1967 (разам з С.С.Атаевым);
Структурно-механические свойства и реология бетонной смеси и пресс-вакуум бетона. Мн., 1977.
т. 3, с. 190