Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЦЫДО́З

(ад лац. acidus кіслы),

парушэнне кіслотна-шчолачнай раўнавагі ў арганізме, якое характарызуецца абсалютным або адносным лішкам кіслот. Часцей узнікае абменны, або нягазавы, ацыдоз пры вял. колькасці ў арганізме нелятучых кіслот (пры некаторых захворваннях печані, нырак, дыябеце) ці пры страце шчолачных злучэнняў (пры працяглай ірвоце, паносе). Дыхальны, або газавы, ацыдоз узнікае пры затрымцы вуглякіслага газу лёгкімі (прыступ астмы, цяжкая задышка). Адрозніваюць кампенсаваны ацыдоз, калі назіраецца зніжэнне шчолачнай рэакцыі крыві і тканак без значнага павышэння іх кіслотнасці, і некампенсаваны, пры якім кіслотнасць значна павышаецца. Лячэнне: ліквідацыя прычыны ўзнікнення ацыдозу, а таксама выкарыстанне соды і шчолачнай мінер. Вады.

т. 2, с. 162

АЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

аліфатычныя злучэнні, арганічныя злучэнні, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у адкрытыя лінейныя ці разгалінаваныя ланцугі. Ацыклічныя злучэнні з простымі сувязямі паміж атамамі вугляроду адносяцца да насычаных злучэнняў, з адной ці некалькімі двайнымі або трайнымі вуглярод-вугляроднымі сувязямі — да ненасычаных злучэнняў. Пад уздзеяннем каталізатараў і высокіх т-р адбываюцца хім. ператварэнні паміж насычанымі і ненасычанымі ацыклічнымі злучэннямі, а таксама паміж ацыклічнымі злучэннямі і аліцыклічнымі злучэннямі. Практычнае значэнне мае ператварэнне ацыклічных злучэнняў у араматычныя (гл. Араматызацыя). Да ацыклічных злучэнняў належаць вуглевадароды і іх вытворныя (спірты, кіслоты, эфіры, аміны і інш.), тлушчы і вугляроды (цукры, крухмал, клятчатка і інш). Асн. крыніца ацыклічных злучэнняў — нафта, прыродны газ, прадукты расліннага паходжання.

т. 2, с. 163

АЦЫЛІ́РАВАННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення ў малекулу арганічных рэчываў ацыльнай групы (RCO). У залежнасці ад тыпу ацыльнай групы адрозніваюць ацэтыліраванне (ацыл воцатнай кіслаты), бензаіліраванне (ацыл бензойнай кіслаты), фарміліраванне (астатак мурашынай кіслаты HCO) і інш. Выкарыстоўваецца ў лабараторным і прамысл. сінтэзе для «захоўвання» рэакцыйназдольных гідраксільных і амінных груп, таксама ў вытв-сці лекаў.

т. 2, с. 163

Ацькоў Алег Юр’евіч

т. 18, кн. 1, с. 339

АЦЭ́НКА ЗЯМЕ́ЛЬ,

устанаўленне параўнальнай вытворчай здольнасці зямель па асн. прыродных фактарах іх урадлівасці (гл. Баніціроўка), а таксама па паказчыках эканам. эфектыўнасці іх выкарыстання, адноснай прыбытковасці; адзін з этапаў зямельна-кадастравых работ. Ацэнцы падлягаюць ворная зямля, шматгадовыя насаджэнні, сенажаці і пашы. У працэсе ацэнкі зямель распрацоўваюцца ацэначныя шкалы па групах глебаў з блізкімі вытв. ўласцівасцямі. На іх аснове разлічваюцца паказчыкі ацэнкі па гаспадарках і адм. адзінках. Ва ўмовах рыначнай эканомікі ацэнка зямель праводзіцца пераважна з мэтай дыферэнцыяцыі зямельных падаткаў; мае вырашальны ўплыў на цану зямлі і арэндную плату. Падлягае перыядычнаму ўдакладненню і абнаўленню.

т. 2, с. 163

АЦЭТАВО́ЦАТНЫ ЭФІ́Р,

арганічнае злучэнне, этылавы эфір ацэтавоцатнай кіслаты. Мал. м. 118,14. Існуе ў выглядзе сумесі двух таўтамерных формаў: кетоннай CH3C(O)CH2COOC2H5 і енольнай CH2C(OH)=CHCOOC2H5. Вадкасць, tкіп 180,8 °C, растваральны ў вадзе, спірце, эфіры. Вельмі рэакцыйназдольны. Раздражняе скуру. Атрымліваюць дзеяннем алкагаляту натрыю на этылацэтат. Выкарыстоўваюць у вытв-сці лекаў (амідапірыну, акрыхіну і інш.), вітаміну B, азафарбавальнікаў, для араматызацыі харч. Прадуктаў.

т. 2, с. 163

АЦЭТА́ЛІ,

арганічныя злучэнні, вытворныя гідратаваных альдэгідаў, RCH (OR​1)2. Бясколерныя вадкасці з прыемным пахам, растваральныя ў арган. растваральніках, нерастваральныя ў вадзе. Устойлівыя да шчолачаў, у прысутнасці кіслот гідралізуюцца да альдэгідаў. Уступаюць у рэакцыі далучэння і замяшчэння. Атрымліваюць ацэталізацыяй — узаемадзеяннем альдэгідаў са спіртам ці ортаэфірамі. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, пестыцыды (напр., ацэталь акралеіну), духмяныя рэчывы ў парфумерыі, пластыфікатары. У невял. колькасці ёсць у моцных вытрыманых вінах, паляпшаюць іх букет.

т. 2, с. 163

АЦЭТАЛЬДЭГІ́Д,

альдэгід воцатнай кіслаты, CH3CHO. Мал. м. 44,05. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 20,2 °C, шчыльн. 0,78·103 кг/м³, змешваецца з вадой і арган. растваральнікамі. У прысутнасці мінер. кіслот утварае цыклічны трымер—паральдэгід і тэтрамер—метальдэгід. Атрымліваюць каталітычным акісленнем ацэтылену ці прапілену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці воцатнай кіслаты, воцатнага ангідрыду, этылацэтату, хларалю, поліацэталяў і інш.

т. 2, с. 163

АЦЭТА́ТНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

штучныя валокны, якія атрымліваюць з ацэтатаў цэлюлозы. Адрозніваюць трыацэтатнае валакно (з трыацэтату цэлюлозы) і валакно з часткова амыленага (другаснага) ацэтату цэлюлозы. Ацэтатныя валокны фармуюць з раствораў ацэтатаў цэлюлозы ў сумесі метыленхларыду і спірту ці ў ацэтоне (звычайна сухім метадам) і атрымліваюць філаментныя ніткі (ацэтатны шоўк). Штапельнае ацэтатнае валакно фармуюць сухім і мокрым спосабамі (гл. ў арт. Валокны хімічныя). Эластычныя, мяккія, прапускаюць УФ выпрамяненне, афарбоўваюцца спец. фарбавальнікамі, аднак маюць малую трываласць, нізкую тэрма- і зносаўстойлівасць, электрызуюцца. Выкарыстоўваюць для вырабу вопраткі, сукенак, жаночай бялізны, тканін на падкладкі; штапельнае ацэтатнае валакно замяняе бавоўну ў тканінах і трыкатажы.

т. 2, с. 163

АЦЭТА́ТЫ,

вытворныя воцатнай кіслаты, солі CH3COOM (M-метал) і эфіры CH3COOR (R-алкіл). Солі — крышталічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе, выкарыстоўваюцца як каталізатары ў арган. сінтэзе. Эфіры — лятучыя вадкасці з фруктовым ці кветкавым пахам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі нітрацэлюлозных лакаў, поліэфірных і гліфталевых смолаў, у вытв-сці цэлулоіду, кінаплёнак, у парфумернай і харч. прам-сці. Гл. таксама Амілацэтаты, Вінілацэтат, Этылацэтат.

т. 2, с. 163