Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АТРАФІ́Я

(ад грэч. atrophia завяданне),

памяншэнне памераў органа ці тканкі, якое суправаджаецца паніжэннем або спыненнем іх функцыі. Адрозніваюць атрафію фізіялагічную (узроставая інвалюцыя вілачкавай залозы ў юнацтве, палавых залоз, касцей, мышцаў, скуры, унутраных органаў у старасці) і атрафію паталагічную, што бывае пры хваробах.

Атрафія ўзнікае ад памяншэння прытоку крыві да тканкі ці органа, пашкоджання нерваў пры траўмах ці запаленнях, ад працяглага бяздзеяння тканкі, парушэння дзейнасці залоз унутранай сакрэцыі, дзеяння мех. Фактараў.

т. 2, с. 78

АТРАХО́ВІЧ Кандрат Кандратавіч, гл. Крапіва Кандрат.

т. 2, с. 78

АТРАШКЕ́ВІЧ Валерый Іосіфавіч

(22.4.1939, в. Красная Горка Ушацкага р-на Віцебскай вобласці — 26.1.1990),

бел. літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1962), дзе і працаваў. Дэбютаваў вершамі ў 1958. У манаграфіі «Ад прататыпа да вобраза» (1984) даследаваў праблемы аўтабіяграфізму ў бел. прозе 1920-х г. (Ц.Гартны, М.Гарэцкі, Я.Колас). Аўтар прац па гісторыі бел. л-ры, тэксталогіі, тэатры.

т. 2, с. 78

АТРО́ШЧАНКА Алег Аляксандравіч

(н. 19.7.1940, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства. Д-р с.-г. н.(1987), праф. (1989). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1962), працуе ў ім. Навук. працы па лясной таксацыі, імітацыйным мадэляванні і геаінфармацыйных сістэмах у лясной гаспадарцы. Распрацаваў кірункі камп’ютэрызацыі, праграмнае забеспячэнне па стварэнні аўтаматызаванай сістэмы ўліку лясной гаспадаркі Беларусі.

Тв.:

Научно-технические достижения в лесоустройстве за рубежом и их использование в Белоруссии. Мн., 1989.

т. 2, с. 78

АТРО́ШЧАНКА Яўген Станіслававіч

(н. 25.11.1948, Мінск),

бел. кардыёлаг. Д-р мед. н. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1973). З 1978 у Бел. НДІ кардыялогіі. Навук. працы па праблемах патагенезу ішэмічнай хваробы сэрца, атэрасклерозу і сардэчнай недастатковасці ў сардэчна-сасудзістых хворых і шляхах дыферэнцыраванай і індывідуалізаванай тэрапіі хворых ішэмічнай хваробай сэрца і сардэчнай недастатковасцю. Чл. Нью-Йоркскай АН (1995).

Тв.:

Инструментальные методы исследования в кардиологии: Руководство. Мн., 1994 (у сааўт).

т. 2, с. 78

АТРУ́ТА,

гл. ў арт. Яд.

т. 2, с. 78

АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.

т. 2, с. 78

АТРУЧЭ́ННЕ,

захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).

Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві

Г.Г.Шанько.

т. 2, с. 79

АТРЫБУ́Т (ад лац. attributum дадзенае, надзеленае) у філасофіі, неабходная, істотная ўласцівасць прадмета ці з’явы. Тэрмін вядомы з часоў Арыстоцеля, які адрозніваў пастаянны атрыбут ад выпадковых станаў (акцыдэнцый). Дэкарт разглядаў атрыбут як асн. ўласцівасць субстанцыі. Таму атрыбут цялеснай субстанцыі ў яго выступаў як працягласць, а атрыбут духоўнай субстанцыі — як мысленне. Спіноза лічыў працягласць і мысленне атрыбутам адзінай субстанцыі. Франц. матэрыялісты 18 ст. атрыбутам матэрыі лічылі працягласць і рух, а некаторыя (Дзідро, Рабінэ) — мысленне. Тэрмін выкарыстоўваецца і ў сучаснай філасофіі.

т. 2, с. 79

АТРЫБУ́Т,

1) у выяўленчым мастацтве прадметы, якія вызначаюць і характарызуюць адпаведна замацаваным правілам (канонам) пэўнага героя, персанажа. Цесна звязаны з алегорыяй, сімвалам, аксесуарам. Часта з’яўляецца асн. сродкам пры вызначэнні сюжэта карціны, герояў і персанажаў маст. твора. Пашыраны ў абразах, партрэтах, карцінах на міфал. і біблейскія тэмы, станковай і манументальна-дэкаратыўнай пластыцы (дэкор інтэр’ераў, убранне алтароў, надмагіллі), манументальных размалёўках і інш. 2) У мовазнаўстве тое, што Азначэнне.

Б.Г.Лазука.

т. 2, с. 79