Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АВІНЬЁН

(Avignon),

горад на ПдУ Францыі, у Правансе. Порт на рэках Рона і Дзюранс. Адм. ц. дэпартамента Ваклюз. 181 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Металаапр., тэкст. (пераважна шаўковая), харч., абутковая прам-сць. Трансп. вузел і цэнтр с.-г. раёна (вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, кветкаводства).

Авіньён узнік на месцы заснаванай рымлянамі ў 48 г. да н.э. калоніі Авенія. Пасля падзення Зах. Рымскай імперыі Авіньён пад уладай бургундцаў, вестготаў, франкаў, у 730 і 737 разбураны сарацынамі. У сярэднявеччы ч. каралеўства Бургундыя, належаў графам Тулузскім і Праванскім. У 1226 разбураны франц. каралём Людовікам VIII. У 1309—77 месца вымушанага знаходжання рымскіх папаў, у 1348—1791 (афіц. 1797) — папскае ўладанне. У 1797 Авіньён далучаны да Францыі. У 14 ст. адзін з буйных маст. цэнтраў Еўропы. Аблічча Авіньёна ў многім вызначаюць будынкі 14 ст., кальцо гар. умацаванняў з зубчастымі сценамі, прамавугольнымі вежамі, варотамі. Над радыяльнай сеткай вуліц сярэдзіны 18 ст. з дамамі 19—20 ст. дамінуе раманскі сабор Нотр-Дам-дэ-Дом (12 ст.) з грабніцамі папаў; побач гатычны папскі палац з высокімі сценамі і вежамі (14 ст.; у інтэр’еры фрэскі 14—15 ст.), епіскапскі Малы палац (15 ст., рэнесанс). Захаваліся частка моста Сен-Бенезэ (12—13 ст.), гатычныя цэрквы 14 ст., атэлі і цэрквы 15—18 ст. Музей скульптуры. У музеі Кальвэ (засн. ў 1810) жывапіс авіньёнскай школы 14—16 ст.

Літ.:

Berenguier R. Avignon. Paris, [1973].

т. 1, с. 63

АВІНЬЁНСКАЕ ПАЛАНЕ́ННЕ ПА́ПАЎ,

«вавілонскі палон», перыяд у гісторыі папства, калі рымскія папы трапілі ў паліт. залежнасць ад франц. караля і вымушаны былі перанесці сваю рэзідэнцыю ў 1309—77 (з перапынкам 1367—70) з Рыма ў Авіньён (Францыя). Сведчыла пра паражэнне папства ў барацьбе з феад. манархіямі Еўропы за паліт. ўплыў.

т. 1, с. 64

АВІ́СКАЯ ДЫНА́СТЫЯ

(Aviz, Avis),

дынастыя партуг. каралёў [1385—1580]. Заснавальнік Жуан I. Каралі Авіскай дынастыі праводзілі палітыку абмежавання феад. знаці. Прадстаўнікі: Жуан І [1385—1433], Дуарці І [1433—38], Альфонс V [1438—81], Жуан II [1481—95], Мануэл І [1495—1521], Жуан III [1521—57], Себасцьян І [1557—79], Энрыкі І [1578—80]. Пасля спынення Авіскай дынастыі прастол у Партугаліі захоплены ісп. каралём Філіпам II і ўстаноўлена дынастычная унія Партугаліі і Іспаніі.

т. 1, с. 64

АВІ́СКІ О́РДЭН,

партугальскі духоўна-рыцарскі ордэн. Існаваў у 1162—1789. Утвораны з вайск. арг-цыі, заснаванай у 1147 ці 1148 для барацьбы з маўрамі. Партуг. кароль Альфонс І у 1162 ці 1166 падараваў ордэну крэпасць Авіс (адсюль назва). Авіскі ордэн адыграў значную ролю ў гісторыі Рэканкісты ў Партугаліі.

т. 1, с. 64

АВІТАМІНО́З B1, гл. Беры-беры.

т. 1, с. 64

АВІТАМІНО́ЗЫ

(ад а... + вітаміны),

група захворванняў, якія развіваюцца пры працяглай адсутнасці вітамінаў у ежы, парушэнні іх засваення або прыгнечанні сінтэзу ў арганізме. Недахоп вітамінаў можа ўзнікнуць у зімова-вясновы перыяд, пры вял. фіз. нагрузках, інфекцыйна-вірусных захворваннях, з узростам. Пры працяглым недахопе або адсутнасці вітаміну С развіваецца цынга, B1беры-беры, D — рахіт, PP — пелагра. Часцей сустракаецца адначасовая недастатковасць некалькіх вітамінаў — поліавітаміноз. Прафілактычныя меры: ужыванне вітамінных прэпаратаў, вітамінізацыя ежы, правільнае захоўванне і кулінарная апрацоўка харч. прадуктаў.

т. 1, с. 64

АВІФА́УНА

(ад лац. avis птушка + фауна),

тое, што арнітафауна.

т. 1, с. 64

АВІЦЫ́ДЫ

[ад лац. ovum яйцо + ...цыд(ы) знішчаю],

хімічныя рэчывы, якія згубна дзейнічаюць на яйцы насякомых і кляшчоў. Гл. Пестыцыды.

т. 1, с. 64

АВІЦЭ́НА,

гл. Ібн-Сіна Абу Алі.

т. 1, с. 64

А́ВІЯ...

(ад лац. avis птушка),

першая састаўная частка складаных слоў, скарачэнне, якое абазначае «авіяцыйны», «паветраны», напр., авіямадэлізм, авіялінія.

т. 1, с. 64