Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПА́ЎЛІ ((Pauli) Вольфганг) (25.4.1900, Вена — 15.12.1958),

швейцарскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі і рэлятывісцкай квантавай тэорыі поля. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1921). З 1923 у Гамбургскім ун-це, з 1928 праф. Вышэйшага тэхн. вучылішча ў Цюрыху. У 1940—46 у Ін-це фундаментальных даследаванняў (г. Прынстан, ЗША). Навук. працы па квантавай механіцы, мезоннай тэорыі ядз. сіл, тэорыі адноснасці, па гісторыі і філасофіі навукі. Сфармуляваў Паўлі прынцып. Прадказаў існаванне нейтрына (1930). Нобелеўская прэмія 1945.

Тв.:

Рус. пер. — Труды по квантовой теории. Квантовая теория. Общие принципы волновой механики: Статьи, 1920—1928. М., 1975;

Труды по квантовой теории: Статьи, 1928—1958. М., 1977;

Теория относительности. 3 изд. М., 1991.

Літ.:

Теоретическая физика XX в. М., 1962.

В.Паўлі.

т. 12, с. 206

ПАЎЛІКІЯ́НЕ (грэч. Paulikianoi, ад імя апостала Паўла),

удзельнікі буйнога ератычнага руху ў Візантыйскай імперыі. Засн. ў 1-й пал. 7 ст. ў Зах. Арменіі армянінам Канстанцінам (пазней прыняў імя Сільван). На рэліг.-філас. дактрыну П. моцна паўплывалі маніхейства і маздакізм (гл. Маздакіцкі рух). Для веравучэння П. (канчаткова аформлена ў пач. 9 ст. ерасіярхам Сергіем-Ціхікам) характэрны дуалізм, вера ў бога дабра (анёл і сын якога — Ісус Хрыстос) і бога зла — Сатанііла. Адмаўлялі культ Маці Божай, прарокаў, святых, неабходнасць царквы і духавенства; з Бібліі прызнавалі толькі Новы Запавет (без пасланняў апостала Пятра). У сярэдзіне 9 ст. П. пад кіраўніцтвам Карвеаса і Хрысахіра стварылі на У Візантыйскай імперыі сваю дзяржаву з цэнтрам у г. Тэфрыка, адкуль рабілі напады ў інш. раёны імперыі. У 872 візант. войскі разбілі П. каля Вафірыяка, а ў 878 захапілі Тэфрыку. Многія П. прымусова пераселены на Балканскі п-аў, дзе моцна паўплывалі на фарміраванне вучэння багамілаў.

т. 12, с. 206

ПАЎЛІКО́ЎСКІ ((Pawlikowski) Тадэвуш) (9.11.1861, с. Мядыка Падкарпацкага ваяв., Польшча — 28.9.1915),

польскі рэжысёр і тэатр. дзеяч; рэфарматар польскай сцэны. Муз. адукацыю атрымаў у Вене, Лейпцыгу, Веймары, тэатр. — у Веймары і Майнінгене (у Л.​Кронека). У 1882—93, 1908—12 выступаў як тэатр. і муз. крытык у прэсе Кракава і Львова. У 1898—99 і 1913—15 дырэктар і рэжысёр Кракаўскага, у 1900—06 Львоўскага гар. т-раў. Ставіў п’есы М.​Метэрлінка, Г.​Ібсена, Г.​Гаўптмана, М.​Горкага, А.​Чэхава, А.​Стрындберга і інш. Прапагандаваў сучасныя яму формы інсцэнізацыі.

Літ.:

Pajączkowski F. Teatr Iwowski pod dyrekcją Tadeusza Pawlikowskiego 1900—1906. Kraków, 1961;

Grzymala-Siedlecki A. Tadeusz Pawlikowski i jego krakowscy aktorzy. Kraków, 1971.

т. 12, с. 206

ПАЎЛІКО́ЎСКІ ((Pawlikowski) Юзаф) (19.3.1767, в. Розпжа Лодзінскага ваяв., Польшча — 1829),

польскі публіцыст, паліт. дзеяч. Вывучаў права ў Ягелонскім ун-це (Кракаў), дзе належаў да Саюза філантропаў. Працаваў адвакатам. Выступаў супраць Таргавіцкай канфедэрацыі. Адзін з гал. арганізатараў паўстання 1794. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Бельгію, потым у Францыю, дзе 22.8.1795 падпісаў акт пра стварэнне радыкальнай эмігранцкай арг-цыі Польская дэпутацыя. У 1799—1800 сакратар і дарадчык А.Т.Касцюшкі. Пазней жыў у Варшаве, з 1821 чл. тайнага Нац. патрыят. т-ва. У 1826 арыштаваны, памёр у зняволенні. У першай публіцыст. працы «Пра польскіх прыгонных», выдадзенай ананімна ў 1788, выказваў фізіякратычныя погляды радыкалаў, якія патрабавалі адмены прыгону, асабістай незалежнасці і правоў для сялян. У трактаце «Палітычныя думкі для Польшчы» (1789) сфармуляваў філас. праграму нар. манархіі. Пад кіраўніцтвам Касцюшкі напісаў працу «Ці могуць палякі дамагчыся незалежнасці?» (1800), у якой патрабаваў спалучэння нац.-вызв. барацьбы з барацьбой за грамадскі прагрэс. Аўтар «Успамінаў пра падрыхтоўку касцюшкаўскага паўстання» (1876).

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 12, с. 206

ПАЎЛІ́Н, Пава (лац. Pavo),

сузор’е Паўд. паўшар’я. Найб. яркая зорка 2 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 206

ПАЎЛІНАВО́ЧКІ, вочніцы,

сатурніды (Attacidae, або Saturniidae),

сямейства начных матылёў. Больш за 1200 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Усх. паўшар’я. Жывуць на раслінах. На Беларусі 2 віды: паўлінава вока малое начное (Eudia pavonia, або Saturnia carpyni, — занесена ў Чырв. кнігу) і паўлінава вока рыжае начное (Aglia tau).

Размах крылаў да 25 см. Тулава тоўстае, укрытае пушыстымі валаскамі. На кожным крыле пасярэдзіне па адной яркай вочкавай пляме — т.зв. «паўлінавыя вочкі» (адсюль назва). Вусікі ў самцоў грабеньчатыя (звязана з моцным развіццём нюху — выяўляюць знаходжанне самак за некалькі кіламетраў), у самак кароткапілаватыя. Хабаток недаразвіты (матылі не кормяцца, жывуць да 2 тыдняў). Вусені масіўныя, пераважна зялёныя, са шматлікімі вырастамі і бародаўкамі, акукліваюцца ў шаўкавістых коканах Некат. П. разводзяць для атрымання шаўкавіны (айлантавы і дубовы шаўкапрады і інш.).

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Паўлінавочкі: 1 — паўлінава вока рыжае начное; 2 — паўлінава вока малое начное (а — самец; б — самка; в — вусень; г — кукалка).

т. 12, с. 206

ПАЎЛІ́НАЎ (Андрэй Міхайлавіч) (13.10. 1852, г. Іркуцк, Расія — 25.11.1897),

расійскі гісторык архітэктуры, архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1879). Акад. архітэктуры (1882). Чл. Маскоўскага археал. т-ва (1885). З 1888 заг. аддзела Аружэйнай палаты ў Маскве. Даследаваў помнікі архітэктуры і выяўл. мастацтва Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, рабіў іх навук. апісанні і замалёўкі. На 9-м археал. з’ездзе ў Вільні (1893) выступіў з дакладамі пра стараж. помнікі мураванага і драўлянага дойлідства Віцебска і Полацка. Вызначыў, што зах. апсіды Полацкага Сафійскага сабора прыбудаваны пазней, падрабязна апісаў муроўку Віцебскай Благавешчанскай царквы і датаваў гэты помнік 12 ст. Аўтар манаграфіі «Гісторыя рускай архітэктуры» (1894). Праектаваў грамадскія будынкі ў Маскве.

Тв.:

Древние храмы Витебска и Полацка в г. Витебске // Тр. девятого Археол. съезда в Вільне, 1893. М., 1895. Т. 1.

т. 12, с. 206

ПА́ЎЛІНГ (Pauling) Лайнус Карл, гл. Л.К.Полінг.

т. 12, с. 207

ПАЎЛІ́НЫ (Pavo),

род птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды. П. звычайны, або індыйскі, або чубаты (P. cristatus), пашыраны на п-ве Індастан і в-ве Шры-Ланка. Драбнейшы П. сінякрылы, або яванскі (P. muticus), пашыраны ў Індакітаі і Інданезіі; занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Жывуць у зарасніках, на лясных высечках, па берагах рэк. У Еўропу (Стараж. Грэцыя) завезены ў 4 ст. да н.э. На Беларусі трымаюць як дэкар. птушку.

У самцоў даўж цела да 125 см, хваста да 45 см, падоўжаных, упрыгожаных «вочкамі» пёраў надхвосця да 150 см; маса да 4,3 кг Афарбоўка яркая, пераважна сіне-зял., з метал. адлівам. На галаве чубок. Самкі драбнейшыя, бурага колеру, без доўгага надхвосця. Кормяцца насеннем, зернем, травой, насякомымі. Палігамы. Пры такаванні самец разводзіць пёры надхвосця веерам і падымае іх амаль вертыкальна. Нясуць да 6 яец.

П. называюць таксама пароду галубоў свойскіх (паўлінавыя галубы, трасуны) з веерападобным або трубападобным хвастом (адсюль часам наз. трубачы). Паходзяць з Індыі, у Еўропе — з 17 ст. На Беларусі адна з найб. пашыраных парод. Гл. таксама Дэкаратыўныя птушкі.

А.​М.​Петрыкаў.

Паўлін.

т. 12, с. 207

ПАЎЛІ́ШЫН (Юрый Васілевіч) (н. 23.2.1956, г.п. Валавец Закарпацкай вобл., Украіна),

бел. танцоўшчык, балетмайстар. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў культасветвучылішча ў г. Хуст Закарпацкай вобл. (1974). Працаваў на Украіне: у 1974—77 у Закарпацкім нар. хоры, у ансамблі Закарпацкай ваен. акругі, у 1978 саліст балета Укр. нар. хору імя Р.​Вяроўкі. У 1977 у Дзярж. ансамблі танца Беларусі, ансамблі «Харошкі». З 1979 у Дзярж. акад. нар. хоры Рэсп. Беларусь імя Г.​Цітовіча, з 1996 балетмайстар. Выканаў сольныя партыі танцаў «Лявоніха», «Вілейскія кавалеры», «Дзяўчына з Палесся», «Таўкачы», «Прысюды», вак.-харэагр. кампазіцыі «На зямлі беларускай». Творчая манера адметная віртуознасцю, вытанчанай пластычнасцю, высокай культурай выканання, шырокім выкарыстаннем складаных танц. элементаў. Паставіў вакальна-харэаграфічную кампазіцыю «Жніўная» (1999).

т. 12, с. 207