род птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды. П. звычайны, або індыйскі, або чубаты (P. cristatus), пашыраны на п-ве Індастан і в-ве Шры-Ланка. Драбнейшы П. сінякрылы, або яванскі (P. muticus), пашыраны ў Індакітаі і Інданезіі; занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Жывуць у зарасніках, на лясных высечках, па берагах рэк. У Еўропу (Стараж. Грэцыя) завезены ў 4 ст. да н.э. На Беларусі трымаюць як дэкар. птушку.
У самцоў даўж цела да 125 см, хваста да 45 см, падоўжаных, упрыгожаных «вочкамі» пёраў надхвосця да 150 см; маса да 4,3 кг Афарбоўка яркая, пераважна сіне-зял., з метал. адлівам. На галаве чубок. Самкі драбнейшыя, бурага колеру, без доўгага надхвосця. Кормяцца насеннем, зернем, травой, насякомымі. Палігамы. Пры такаванні самец разводзіць пёры надхвосця веерам і падымае іх амаль вертыкальна. Нясуць да 6 яец.
П. называюць таксама пароду галубоў свойскіх (паўлінавыя галубы, трасуны) з веерападобным або трубападобным хвастом (адсюль часам наз. трубачы). Паходзяць з Індыі, у Еўропе — з 17 ст. На Беларусі адна з найб. пашыраных парод. Гл. таксама Дэкаратыўныя птушкі.