Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАДСА́ДЫ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1999 з мэтай захавання рэкрэацыйна- і пейзажна каштоўнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1079 га. Рэльеф узгорысты. Лясны масіў з мноствам крыніц, ручаёў, «вісячых балотцаў» у месцах выкліньвання грунтавых вод. Пашыраны яловыя і хваёвыя (па 34%), бярозавыя (20%), асінавыя (7%) сярэдне- і высокаўзроставыя лясы з дамешкамі дуба, клёна, ліпы. Мноства лек., харч., кветкава-дэкар. і інш. раслін, з якіх баранец звычайны, белакапытнік гібрыдны, званочак шыракалісты, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, смярдзюх звычайны, спарасіс кучаравы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 17 відаў млекакормячых, 82 віды птушак, у т. л. бусел чорны, дзяцел зялёны, зімародак і пустальга звычайныя занесены ў Чырв. кнігу.

П.І.Лабанок.

т. 11, с. 505

ПАДСВІ́ЛЛЕ,

гарадскі пасёлак у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на берагах азёр Алаізберг і Белае, чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Полацк. За 26 км на У ад Глыбокага, 194 км ад Віцебска. 2,8 тыс. ж. (2000).

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска Пліскай вол. Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1913 у П 9 двароў і фальварак Алаізберг з 3 дварамі 3 пабудовай чыгункі Маладзечна—Полацк у пач. 20 ст. вёска значна вырасла. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв 3 1939 у БССР у Пліскім р-не Вілейскай вобл., з 20.9.1944 — Полацкай, з 8.1.1954 — Маладзечанскай абл. З 8.6.1950 цэнтр Пліскага раёна, з 28.6.1958 гар. пасёлак, з 25.12.1962 у Глыбоцкім р-не.

Ільнозавод, з-д харч. прадуктаў, Дзвінская эксперым. база Ін-та лесу Нац. АН Беларусі, ПМК Мінсельбуда, вытв. ўчастак Глыбоцкага камбікормавага з-да. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, 2 б-кі, бальніца. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні П. ад ням.-фаш. захопнікаў.

І.У.Бунто.

т. 11, с. 505

ПАДСВЯДО́МАЕ,

гл. ў арт. Бессвядомае.

т. 11, с. 505

ПАДСЕМЯДО́ЛЬНАЕ КАЛЕ́НА,

тое, што гіпакотыль.

т. 11, с. 505

«ПАДСЕ́ЧКА»,

бел. нар. гульня. На прасторнай пляцоўцы збіраюцца 8—15 чал. і выбіраюць вядучага — «рыбака», які прысядае і кладзе перад сабой мячык. Астатнія становяцца паўкругам каля мяча. «Рыбак» гаворыць некалькі разоў: «Клюе...» — і нечакана называе імя аднаго з гульцоў. Усе уцякаюць, а той, каго ён назваў, павінен схапіць мяч і кінуць у каго-небудзь з гульцоў, калі пападзе («падсячэ»), той выбывае з гульні, а калі не — выбывае з гульні сам. Апошні гулец падкідае мяч уверх і ўцякае. «Рыбак» імкнецца злавіць мяч і пацэліць ім у гульца, які ўцякае. Калі пападзе, то «рыбаком» становіцца апошні «непадсечаны» гулец.

Я.Р.Вількін.

т. 11, с. 505

ПАДСКА́РБІ,

службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст. 1) П. земскі (у 17—18 ст. П. вялікі літоўскі) першапачаткова захоўваў скарб ВКЛ, выконваў фін., гасп., а таксама судовыя і дыпламат. даручэнні вял. князя і Рады ВКЛ. З 1520 адначасова і пісар. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. набыў самаст. распарадча-выканаўчыя функцыі, вёў улік крыніц дзярж. даходаў, збіраў і распараджаўся дзярж. даходамі, адказваў за чаканку манеты, прызначаў мытнікаў і зборшчыкаў розных плацяжоў і падаткаў, праводзіў рэвізіі. З 1569 з’яўляўся членам Сената Рэчы Паспалітай.

2) П. дворны (у 17—18 ст. П. надворны літоўскі) быў спачатку намеснікам П. земскага. З вылучэннем сталовых маёнткаў у 1588 іх фінансавы і эканам. кіраўнік.

3) П. трокскі (скарбовы) у 16 ст. быў памочнікам П. земскага, хавальнікам аддзялення скарбу, якое знаходзілася ў г. Трокі. Свае П. меліся таксама ў прыватных асоб ВКЛ, напр., у віленскага кашталяна, гетмана ВКЛ К.І.Астрожскага, віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ М.М.Радзівіла і інш.

А.І.Груша.

т. 11, с. 505

ПАДСЛЕ́ДНАСЦЬ,

у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь сукупнасць устаноўленых законам прыкмет крымін. справы, паводле якіх КПК вызначае, які орган павінен весці следства або дазнанне па гэтай справе. Адрозніваюць П. прадметную (радавую), тэрытарыяльную (мясцовую) і персанальную. Прадметная П. вызначаецца характарам злачынства, у залежнасці ад якога размяжоўваецца П. паміж следчымі пракуратуры, органаў дзярж. бяспекі і фін. расследванняў, унутр. спраў, а таксама органам дазнання. Персанальная П. вызначаецца асаблівасцямі суб’екта злачынства. Напр., справы пра злачынства непаўналетніх падследныя следчым органам унутр. спраў, справы пра злачынствы ваеннаслужачых — следчым ваен. пракуратуры. Тэрытарыяльная П. вызначаецца месцам учынення злачынства: як правіла, папярэдняе следства праводзіцца ў тым раёне (горадзе), дзе адбылося злачынства. З мэтай забеспячэння найб. хуткасці, аб’ектыўнасці і паўнаты расследавання яно можа праводзіцца па месцы знаходжання злачынца або на месцы знаходжання большасці сведак.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 506

ПАДСНЕ́ЖНІК (Galanthus),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. 18 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе, на Каўказе, у М. Азіі, Іране. Трапляюцца ў горных лясах, на высакагорных лугах. На Беларусі часта наз. П. раннеквітучыя расліны (кураслеп дуброўны, пралеска высакародная і інш.); вырошчваюць П. беласнежны (G. nivalis), складкаваты (G. plicatus), Эльвеза (G. elwesii).

Шматгадовыя цыбульныя травы выш. да 30 см. Лісце (звычайна 2) лінейнае. Кветанос з адной паніклай белай кветкай. Размнажаюцца насеннем, якое разносяць мурашкі. Дэкар. расліны.

Падснежнік беласнежны.

т. 11, с. 506

ПАДСО́ЛТАВА,

вёска ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Белая Натапа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнЗ ад г. Мсціслаў, 117 км ад Магілёва, 21 км ад чыг. ст. Ходасы. 314 ж., 108 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 506

ПАДСО́Ў у геалогіі,

парушанае заляганне горных парод, якое характарызуецца перамяшчэннем па разрыве адных мас пад іншыя. У адрозненне ад насову ўтвараецца пры актыўным руху ляжачага крыла. Адрозніваюць пакатыя П. (падзенне плоскасці разрыву не перавышае 45°), падсоўныя складкі, буйныя П. (паверхні зруху падаюць пад горныя кражы), субкантынентальныя П. (зоны разрываў у астраўных дугах на мяжы акіянаў і кантынентаў).

І.В.Клімовіч.

т. 11, с. 506