ПАДСКА́РБІ,

службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст. 1) П. земскі (у 17—18 ст. П. вялікі літоўскі) першапачаткова захоўваў скарб ВКЛ, выконваў фін., гасп., а таксама судовыя і дыпламат. даручэнні вял. князя і Рады ВКЛ. З 1520 адначасова і пісар. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. набыў самаст. распарадча-выканаўчыя функцыі, вёў улік крыніц дзярж. даходаў, збіраў і распараджаўся дзярж. даходамі, адказваў за чаканку манеты, прызначаў мытнікаў і зборшчыкаў розных плацяжоў і падаткаў, праводзіў рэвізіі. З 1569 з’яўляўся членам Сената Рэчы Паспалітай.

2) П. дворны (у 17—18 ст. П. надворны літоўскі) быў спачатку намеснікам П. земскага. З вылучэннем сталовых маёнткаў у 1588 іх фінансавы і эканам. кіраўнік.

3) П. трокскі (скарбовы) у 16 ст. быў памочнікам П. земскага, хавальнікам аддзялення скарбу, якое знаходзілася ў г. Трокі. Свае П. меліся таксама ў прыватных асоб ВКЛ, напр., у віленскага кашталяна, гетмана ВКЛ К.І.Астрожскага, віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ М.М.Радзівіла і інш.

А.І.Груша.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)