ВЫСАКАГО́РНЫ ТЫП РЭЛЬЕ́ФУ,
высакагор’е. Характарызуецца глыбокай расчлянёнасцю (ад некалькіх соцень да 2000 і больш метраў), стромкімі схіламі, мноствам скал і асыпкаў, вышчарбленымі грабянямі, наяўнасцю ледавіковых формаў рэльефу, праяўленнямі актыўнага фізічнага і марознага выветрывання. Уласцівы маладым горным краінам, якія ўздымаюцца вышэй за снегавую лінію (Альпы, Гімалаі і інш.). Гл. таксама Альпійскі рэльеф.
т. 4, с. 321
ВЫСАКАРО́ДНЫЯ МЕТА́ЛЫ,
золата, серабро, плаціна і металы плацінавай групы (ірыдый, осмій, паладый, родый, рутэній), якія атрымалі сваю назву гал. чынам за высокую хім. ўстойлівасць і прыгожы вонкавы выгляд у вырабах. Золата, серабро і плаціна маюць таксама высокую пластычнасць, а металы плацінавай групы — тугаплаўкасць. Высакародныя металы і іх сплавы шырока выкарыстоўваюцца ў тэхніцы, хім. прам-сці, медыцыне, ювелірнай справе і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве; некаторыя (пераважна золата) маюць функцыі валютных металаў (гл. ў арт. Грошы).
т. 4, с. 321
ВЫСАКАРО́ДНЫ КАРА́Л,
чырвоны карал (Corallium rubrum), кішачнаполасцевая жывёла атр. гарганарыяў, або рагавых каралаў, кл. каралавых паліпаў. Жыве на глыбіні 10—300 м у Міжземным м. і Атлантычным ак. каля Канарскіх а-воў.
Дрэвападобныя калоніі, да 40 см вышынёй, прырастаюць да скалістага грунту. Звонку ўкрыты мяккай карой розных адценняў чырвонага колеру — ад слаба-ружовага да цёмна-чырв., амаль чорнага. Восевы шкілет утвараецца ў выніку зліцця вапняковых спікул. На фоне галін калоніі вылучаюцца снежна-белыя паліпы, венчык з 8 перыстых шчупальцаў, пры дапамозе якіх высакародны карал корміцца рачкамі і іх лічынкамі. Пераважна раздзельнаполыя, бываюць гермафрадыты. Аб’ект промыслу, са шкілета вырабляюць упрыгожанні.
т. 4, с. 321
ВЫСАКО́СНЫ ГОД,
каляндарны год, які мае 366 сутак (на адны суткі больш за звычайны). Ёсць у юліянскім (стары стыль) і грыгарыянскім (новы стыль) календарах. Паводле новага стылю высакосным з’яўляецца кожны год, лічба якога дзеліцца на 4 без рэшты (акрамя гадоў, лічба якіх заканчваецца на 2 нулі, але не дзеліцца на 400, напр., 1700, 1800, 1900).
т. 4, с. 321
ВЫСАЧА́НСКАЯ ЛЁНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала на Беларусі ў 1902—41 у в. Высачаны Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляла часаны лён, пражу, пакулле, панчохі, шкарпэткі. Мела лакамабілі (2 у 1908), вадзяныя рухавікі (4 у 1910). У 1913 працавалі 594 рабочыя, было 6 тыс. прадзільных верацён. У сав. час рэканструявана. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Мелекес (Ульянаўская вобл. Расіі), карпусы ф-кі ўзарваны.
т. 4, с. 321
ВЫСАЧА́НСКІ раён, адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31. Утвораны 17.7.1924 у складзе Віцебскай акругі (да 26.7.1930). Цэнтр — в. Высачаны. Пл. 776 км², 420 нас. пунктаў (1925). Падзяляўся на 10 сельсаветаў. Скасаваны 8.7.1931, яго тэр. ўвайшла ў склад Лёзненскага раёна.
т. 4, с. 321
ВЫСАЧА́НЫ,
вёска ў Крынкаўскім с/с Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 38 км ад г.п. Лёзна, 50 км ад Віцебска, 4 км ад чыг. ст. Крынкі. 350 ж., 197 двароў (1996).
Вёска ўзнікла ў пач. 19 ст. ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ. пад назвай Высокае. У сярэдзіне 1820-х г. пабудавана папяровая ф-ка. У 1867 адкрыта нар. вучылішча. У 1850-я г. паступова змяніла назву на Высачаны, цэнтр Высачанскай вол. Аршанскага пав.; школа, бальніца, царква, крама. У 1902—41 дзейнічала Высачанская лёнапрадзільная фабрыка. У 1924—31 цэнтр Высачанскага раёна. У 1935—48 рабочы пасёлак. У 1970 — 344 ж., 125 двароў.
Базавая школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі вызваліцелям, медыцынскім работнікам і партызанам.
т. 4, с. 321
ВЫ́СЕЧКА ЛЕ́СУ,
прамысловая або для быт. патрэб нарыхтоўка драўніны ў лясных насаджэннях; тэхн. сродак прыроднага аднаўлення лесу. Адрозніваюць прамысл. высечкі галоўнага карыстання (спелага дрэвастою з мэтай атрымання драўніны для патрэб нар. гаспадаркі) і высечкі догляду (перыядычныя высечкі часткі дрэў у мэтах вырошчвання гасп.-каштоўных насаджэнняў, павышэння водаахоўных, водарэгулявальных, полеахоўных, аздараўленчых і інш. карысных функцый лесу).
Высечкі лесу гал. карыстання бываюць суцэльныя, паступовыя і выбарачныя. Пры суцэльных усе дрэвы на лесасецы (за выключэннем жыццяздольнага маладняку і насеннікаў) высякаюць у адзін прыём, пры паступовых — у некалькі прыёмаў на працягу некалькіх гадоў, пры выбарачных — асобныя спелыя дрэвы або групы іх. Пры высечках догляду высякаюць хворыя, горшыя дрэвы і дрэвы непажаданых па розных прычынах парод; у залежнасці ад узросту насаджэнняў адрозніваюць: высечкі асвятлення і прачысткі (праводзяць праз 2—3 гады), прарэджвання (праз 5—10 гадоў) і прахадныя (праз 10—15 гадоў). Іх спыняюць за 5—10 гадоў да правядзення высечкі лесу гал. карыстання. На Беларусі высечкі догляду, уключаючы санітарныя, штогод ажыццяўляюць на пл. 320 тыс. га, высечкі гал. карыстання праводзяць на пл. каля 30 тыс. га. Няўзгодненыя з органамі лясной гаспадаркі высечкі лесу лічацца адным з відаў ляснога браканьерства.
т. 4, с. 321