ІНДЭ́Н-КУМАРО́НАВЫЯ СМО́ЛЫ,
тое, што кумарона-індэнавыя смолы.
т. 7, с. 256
ІНДЭПЕНДЭ́НТЫ (англ. independent незалежны, самастойны),
гл. ў арт. Кангрэгацыяналісты.
т. 7, с. 256
ІНДЭРАГІ́РЫ (Inderagiri),
рака на в-ве Суматра, у Інданезіі. Даўж. каля 400 км, пл. бас. больш за 20 тыс. км². Пачынаецца ў хр. Барысан, цячэ па забалочаных раўнінах Усх. Суматры, упадае ў Паўд.-Кітайскае м. Жыўленне дажджавое. Паўнаводная на працягу ўсяго года. Сярэдні гадавы расход вады 1100 м³/с. Суднаходная на 150 км ад вусця.
т. 7, с. 256
ІНДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. in не- + дэтэрмінізм),
філасофскае вучэнне і метадалагічная пазіцыя, якія адмаўляюць аб’ектыўнасць прычыннай сувязі (анталагічны І.) або яе універсальны характар і пазнавальную каштоўнасць у навуцы (метадалагічны І.); вучэнне аб свабодзе волі. У стараж.-грэч. філасофіі (Пратагор, Сакрат) уяўленні аб свабодзе волі звязваліся з паняццямі дабрачыннасці і доблесці чалавека, яго здольнасці да выбару мэты сваёй дзейнасці і сродкаў яе дасягнення. Паводле І.Канта, практычны розум патрабуе свабоды волі, інакш маральны закон страціў бы ўсякі сэнс. І.Фіхтэ бачыў у волі аснову асобы, якая рэалізуе сябе ў пераадоленні розных перашкод, у свабоднай творчасці і вызваленні ад знешніх аковаў. Прадстаўнікі экзістэнцыялізму і персаналізму сцвярджаюць, што свабода асобы неадчужальная і незнішчальная, а любыя спробы яе падаўлення або абмежавання супярэчаць прыродзе і характару чалавечай супольнасці. Прыхільнікі псіхал. І. (А.Адлер, А.Маслаў, К.Роджэрс, Э.Фром) лічылі, што воля залежыць ад унутр. матываў, якія вынікаюць з асабістых уласцівасцей індывіда і не падпарадкаваны якой-н. прычыннай сувязі, унутр. духоўнай заканамернасці. Зыходзячы з канцэпцыі І., прадстаўнікі розных плыней ідэаліст. філасофіі не прызнаюць магчымасці заканамерных прычынна-выніковых сувязей у некат. фіз. і біял. з’явах (напр., мікрапрацэсы, свабодны рух электронаў, генныя мутацыі і інш.) і лічаць фаталізмам адно з гал. палажэнняў гіст. дэтэрмінізму аб развіцці грамадства як заканамерным працэсе пераходу ад адной грамадска-эканам. фармацыі да другой.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 7, с. 256
І́НЕЙ,
тонкі слой ледзяных крышталёў, якія ўтвараюцца на глебе, траве і наземных прадметах у халодныя, ясныя і ціхія ночы. Узнікае пры ахаладжэнні зямной паверхні ў выніку цеплавога выпрамянення ніжэй за 0 °C і сублімацыі вадзяной пары на паверхні прадметаў. І. адрозніваюць ад шэрані, якая ўтвараецца пры тумане, у мароз. На тэр. Беларусі І. назіраецца з вер. да мая, ад 50 да 80 сутак.
т. 7, с. 257
ІН’Е́КЦЫЯ (ад лац. injectio укідванне),
увядзенне стэрыльных лякарстваў (у растворах ці эмульсіях) шпрыцам у тканкі і поласці цела: скуру, падскурную клятчатку, унутрымышачна, у крывяносныя сасуды, поласць плеўры, суставаў, спіннамазгавы канал і інш. І. дасягаецца больш хуткае і эфектыўнае дзеянне лякарстваў, іх дакладная дазіроўка.
т. 7, с. 257
ІНЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + нервы),
забяспечанне органаў і тканак нервамі, якія ажыццяўляюць іх сувязь з цэнтральнай нервовай сістэмай. Адрозніваюць І. аферэнтную (цэнтраімклівую) і эферэнтную (цэнтрабежную). Сігналы аб стане органаў успрымаюцца чуллівымі нерв. канчаткамі (рэцэптарамі) і перадаюцца ў ц. н. с. па цэнтраімклівых валокнах, па цэнтрабежных ідуць у адказ імпульсы ад ц. н. с., якія каардынуюць дзейнасць органаў. Роля ц. н. с. ў рэгуляцыі розная. Напр., калі перарэзаць нерв. валокны, якія ідуць да мышцы (дэнервацыя), без сігналаў жыццезабеспячэння настае атрафія органа. Іншыя органы (сэрца, кішэчнік) маюць здольнасць часткова дзейнічаць пад уплывам імпульсаў у самім органе (аўтаматызм). З дапамогай І. ажыццяўляюцца рэакцыі арганізма на змену навакольнага і ўнутр. асяроддзя, забяспечваюцца рэгуляцыя і каардынацыя дзейнасці органаў, сістэм і адаптацыя мнагаклетачных арганізмаў да ўмоў існавання.
А.С.Леанцюк.
т. 7, с. 257
ІНЕ́РТНАСЦЬ [ад лац. iners (inertis) бяздзейны, нерухомы],
інерцыя ў механіцы, уласцівасць матэрыяльных цел захоўваць стан раўнамернага і прамалінейнага руху ці спакою адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, калі знешнія ўздзеянні на цела (сілы) адсутнічаюць ці ўзаемна ўраўнаважаныя. Пры дзеянні на цела неўраўнаважанай сістэмы сіл І. выяўляецца ў тым, што змена стану спакою або руху цела (змена скорасцей яго пунктаў) адбываецца паступова, а не імгненна. Пры гэтым стан цела змяняецца тым павольней, чым большая яго І. Мерай І. цела з’яўляецца інертная маса. Гл. таксама Ньютана законы механікі.
т. 7, с. 257
ІНЕ́РТНАЯ МА́СА,
фізічная велічыня, якая характарызуе дынамічныя ўласцівасці цела. Уваходзіць у другі закон Ньютана і з’яўляецца мерай інертнасці цела. Роўная гравітацыйнай масе. Гл. таксама Маса, Ньютана законы механікі.
т. 7, с. 257
ІНЕ́РТНЫЯ ГА́ЗЫ, высакародныя газы,
хімічныя элементы VIII групы перыяд. сістэмы: гелій He, неон Ne, аргон Ar, крыптон Kr, ксенон Xe, радон Rn. У прыродзе ўтвараюцца ў выніку ядз. працэсаў. Знаходзяцца ў нязначнай колькасці ў паветры (найб. аргону — 0,934%, найменш радону — 6 10−20% па аб’ёме), у прыродных газах і некат. мінералах.
Аднаатамныя газы без колеру і паху. Атамы маюць устойлівую вонкавую электронную абалонку (у He з 2, у астатніх з 8 электронаў), чым абумоўлена іх нізкая рэакцыйная здольнасць. І.г. (акрамя гелію) утвараюць з вадой і арган. растваральнікамі няўстойлівыя клатраты. Здольнасць да ўтварэння хім. злучэнняў павялічваецца ад аргону да ксенону, для якога вядомы ўсе асн. класы хім. злучэнняў. Атрымліваюць (акрамя He) з паветра як пабочны прадукт пры вытв-сці азоту і кіслароду. Выкарыстоўваюць у якасці інертнага асяроддзя ў металургіі, атамнай і ракетнай тэхніцы, у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў і інш., як напаўняльнікі ў электроніцы. электратэхніцы і інш.
т. 7, с. 257