ІНЕ́РТНАСЦЬ [ад лац. iners (inertis) бяздзейны, нерухомы],

інерцыя ў механіцы, уласцівасць матэрыяльных цел захоўваць стан раўнамернага і прамалінейнага руху ці спакою адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, калі знешнія ўздзеянні на цела (сілы) адсутнічаюць ці ўзаемна ўраўнаважаныя. Пры дзеянні на цела неўраўнаважанай сістэмы сіл І. выяўляецца ў тым, што змена стану спакою або руху цела (змена скорасцей яго пунктаў) адбываецца паступова, а не імгненна. Пры гэтым стан цела змяняецца тым павольней, чым большая яго І. Мерай І. цела з’яўляецца інертная маса. Гл. таксама Ньютана законы механікі.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)