ВЫРАЙ,
1) цёплыя краіны, куды адлятаюць на зімоўку пералётныя птушкі, якія кормяцца насеннем, дробнымі воднымі і беспазваночнымі жывёламі, зрэдку драпежныя і расліннаедныя. Гняздоўныя на Беларусі івалга, ластаўка вясковая, салавей, пеначкі, чарацянкі, валасянкавыя, мухалоўкавыя, бусел белы і інш. зімуюць у Афрыцы, белабровік, чарацянка садовая, сачыўка — у Азіі, заранка, аўсянка трысняговая — у Крыме і Закаўказзі, грак, жаваранкавыя, шпак, шыраканоска і інш. — у краінах Зах. Еўропы.
2) Чарада пералётных птушак. Жураўлі ляцяць клінам, гусі адна за адной, качкі фронтам, вераб’інападобныя і большасць інш. птушак скучанай чарадой.
3) Час адлёту (пералёту) птушак. Вызначаецца фізіял. станам, залежным ад навакольнага асяроддзя. Пералётныя птушкі Беларусі адлятаюць на зімоўку ў жн. — 2-й пал. лістапада.
т. 4, с. 320
ВЫ́РАЧКА
(Clinopodium),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вырачка звычайная (Clinopodium vulgare), расце ў хмызняках, гаях, светлых пераважна лісцевых лясах.
Шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом. Лісце супраціўнае, дробнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілаватае або гародчатае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, ружовыя, пурпуровыя або белыя, двухгубыя, духмяныя, у густых канцавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы сродак), вострапрыпраўныя, меданосныя, фарбавальныя, эфіраалейныя і дэкар. расліны.
т. 4, с. 320
ВЫРАША́ЛЬНЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК у аналагавых вылічальных машынах, узмацняльнік пастаяннага току з ланцугамі адмоўнай адваротнай сувязі. Прызначаны для выканання матэм. аперацый (напр., складання, інтэгравання, дыферэнцыравання) над аналагавымі велічынямі. Пры нелінейных ланцугах адваротнай сувязі дае магчымасць выконваць нелінейныя аперацыі (падвышэнне да ступені, множанне, лагарыфмаванне). Вырашальны ўзмацняльнік без ланцугоў адваротнай сувязі наз. аперацыйным узмацняльнікам (мае каэфіцыент узмацнення больш за 106; выпускаецца ў выглядзе інтэгральнай схемы). Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах аўтаматыкі, радыё- і вымяральнай тэхнікі.
т. 4, с. 320
ВЫ́РВІНА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 34 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 1,63 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 1,6 км, найб. глыб. 22 м, даўж. берагавой лініі 9,45 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Размешчана сярод невял. пясчаных узгоркаў, парослых рэдкім хмызняком і хвоямі. Берагі стромкія, месцамі спадзістыя. 2 невял. астравы.
т. 4, с. 320
ВЫРКО́ Мікалай Паўлавіч
(н. 14.9.1935, в. Краснае Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне буд-ва аўтамаб. дарог. Канд. тэхн. н. (1970), праф. (1986). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1962). З 1965 у Бел. тэхнал. ун-це. навук. працы па аптымізацыі канструкцый лесавозных дарог і па дарожна-будаўнічых матэрыялах. Аўтар падручнікаў «Дарожнае грунтазнаўства з асновамі механікі грунтоў» (1977, з І.І.Леановічам) і «Сухапутны транспарт лесу» (1987).
Тв.:
Механика землянога полотна. Мн., 1975 (разам з І.І.Леановічам);
Эксплуатаия автомобильных дорог и организация дорожного движения. Мн., 1988 (у сааўт.).
т. 4, с. 320
ВЫСАГО́РАЦ Міхаіл Амосавіч
(н. 19.11.1920, в. Стрыжава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1940), Маскоўскае ваенна-інж. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір сапёрных узвода, роты капітан Высагорац вызначыўся ў 1944 пры інж. разведцы і буд-ве паромнай пераправы цераз р. Днестр, мастоў цераз р. Прут, Зах. Буг, Сан, Віслу. Пасля вайны на гасп. рабоце.
т. 4, с. 320
ВЫ́САДКА ў металаапрацоўцы, кавальская апрацоўка загатоўкі частковай яе асадкай з мэтай стварэння мясц. патаўшчэнняў за кошт памяншэння даўжыні. Бывае гарачая і халодная.
Гарачая высадка пры серыйнай вытв-сці робіцца на гарызантальна-ковачных і электравысадачных машынах (гл. Ковачная машына), пры дробнасерыйнай вытв-сці — на ковачных молатах або прэсах у кольцах ці штампах. Гарачай высадкай вырабляюць пакоўкі шасцерняў, клапанаў, фланцаў, валікаў і г.д. Халодная высадка на халодна-высадачных аўтаматах, вертыкальных крывашыпных і фрыкцыйных прэсах выкарыстоўваецца для вырабу балтоў, заклёпак, шруб, цвікоў, гаек і інш. вырабаў з дакладнымі памерамі і добрай якасцю паверхні.
т. 4, с. 320
ВЫСАКАГО́РНАЯ ПУСТЫ́НЯ,
тып пустыні ў халодных і сухіх высакагор’ях. Расліннасць разрэджаная, яе беднасць абумоўліваецца пераважна нізкімі т-рамі паветра. Пераважаюць паўхмызнячкі і падушкападобныя расліны. Пераважаюць высакагорныя пустыні на высокападнятых выраўнаваных тэрыторыях (Тыбецкае нагор’е, сырты Цэнтральнага Цянь-Шаня, Усходняга Паміра, пласкагор’і Андаў і інш.).
т. 4, с. 320
ВЫСАКАГО́РНЫ КЛІ́МАТ,
разнавіднасць горнага клімату. Фарміруецца на вышыні больш за 2—3 тыс. м над узр. м. Характарызуецца паніжэннем (адносна нізін, раўнін і нізкіх гор) атм. ціску, т-ры і вільготнасці паветра, значнай чысцінёй атмасферы, павышэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, багатай на ультрафіялетавыя прамяні, і эфектыўнага выпрамянення. Амплітуда т-ры на працягу сутак памяншаецца на горных вяршынях, але павялічваецца на плато. Колькасць ападкаў, як правіла, з вышынёй памяншаецца, а на наветраных схілах павялічваецца. Высакагорны клімат спрыяльны для здароўя і лячэння некаторых хвароб чалавека.
т. 4, с. 320