ПАСТАЯ́ННЫ КАПІТА́Л,
у марксісцкай эканам. тэорыі — частка капіталу, якая прызначана для набыцця сродкаў вытв-сці, сыравіны, матэрыялаў і прадметаў працы. Вызначаецца як пастаянны таму, што не можа прыбавіць да вартасці прадукцыі большай велічыні, чым яго ўласная вартасць, якая вымяраецца колькасцю гадзін арэчаўленай грамадска неабходнай працы.
т. 12, с. 173
ПАСТАЯ́ННЫ ТОК,
электрычны ток, сіла і напрамак якога з часам не зменьваюцца. Існуе ў форме току праводнасці (упарадкаваны рух свабодных электронаў у металах) і току пераносу (перамяшчэнне зараджаных часцінак у электралітах, газах, вакууме). Атрымліваецца выпрамленнем пераменнага току з дапамогай разнастайных выпрамнікаў току. Крыніцамі П.т. з’яўляюцца таксама электрычныя акумулятары, гальванічныя элементы, тэрмаэлектрычныя генератары, генератары П.т. (гл. Пастаяннага току машына), фотаэлементы, магнітагідрадынамічныя генератары, сонечныя батарэі.
Тэарэт. аналіз і разлік ланцугоў П.т. грунтуецца на Ома законе, Кірхгофа правілах і Джоўля—Ленца законе. Першапачаткова на электразабеспячэнне выкарыстоўваўся толькі П.т. Пасля распрацоўкі М.В.Даліва-Дабравольскім спосабаў і сродкаў пераўтварэння, перадачы і спажывання трохфазнага току (1891) П.т. у значнай ступені выцеснены пераменным токам. Аднак добрыя эксплуатацыйныя якасці машын П.т. (высокі пускавы момант, магчымасць плаўнага рэгулявання, рэкуперацыі эл. энергіі, высокая перагрузачная здольнасць) абумовілі шырокае выкарыстанне П.т. ў прам-сці (рухавікі і генератары пракатных станаў, металарэзных станкоў, экскаватараў, пад’ёмнікаў і інш.), для эл. цягі (трамвай, тралейбус, электрыфікаваны чыг транспарт). П.т. выкарыстоўваецца таксама ў электраметалургіі, гальванатэхніцы, эл. зварцы, электравымяральнай тэхніцы, для сілкавання радыёўстановак, сродкаў сувязі, аўтаматыкі, тэлемеханікі. Перспектыўны для перадачы электраэнергіі вял. магутнасці на далёкія (да 1000 км і больш) адлегласці (ЛЭП напружаннем да 1500 кВ).
У.М.Сацута.
т. 12, с. 173
ПАСТАЯ́НСТВА САСТА́ВУ ЗАКО́Н,
закон, паводле якога кожнае пэўнае злучэнне хімічнае, незалежна ад спосабу яго атрымання, складаецца з адных і тых жа элементаў і суадносіны іх мас пастаянныя. Сфармуляваны ў пач. 19 ст. франц. хімікам Ж.Прустам. Устанаўленне П.с.з. істотна паўплывала на фарміраванне асноў атамна-малекулярнага вучэння. У пач. 20 ст. М.С.Курнакоў паказаў, што акрамя злучэнняў пэўнага саставу (дальтанідаў) існуюць злучэнні пераменнага саставу (берталіды), якія не падпарадкоўваюцца П.с.з. (напр., металіды). Далейшае развіццё ўяўленняў аб берталідах прывяло да таго, што П.с.з. разглядаецца як асобны выпадак агульных заканамернасцей, што апісваюць састаў хім. злучэнняў (гл. Стэхіяметрыя).
т. 12, с. 173
ПАСТО́ЗНАСЦЬ (ад італьян. pastoso цестападобны) у тэхніцы жывапісу, якасць фарбавага слоя, што ўзнікае ад няроўнага нанясення на грунт густой фарбы-пасты. Атрыманая рэльефная паверхня часта захоўвае тую форму, якую надае ёй пэндзаль або мастыхін, і ўтварае ў найб. пукатых месцах блікі. Выкарыстанне П. дае магчымасць узмацніць эмац. выразнасць твора. найб. пераканаўча перадаць матэрыяльную насычанасць прадметнага асяроддзя, раскрыць пластычныя якасці самой фарбавай масы.
т. 12, с. 173
ПАСТСКРЫ́ПТУМ (лац. post scriptum пасля напісанага),
прыпіска да закончанага пісьма пасля подпісу (абазначаецца літарамі P.S.).
т. 12, с. 173
ПАСТУЛА́Т (ад лац. postulatum патрабаванне),
палажэнне, якое пры пабудаванні навук. тэорыі прымаецца без доказаў як зыходнае. У логіцы і метадалогіі навукі атаясамліваецца з аксіёмай.
Паміж П. і аксіёмай часам захоўваюцца адрозненні: аксіёма — зыходны лагічны прынцып; П. — зыходны прынцып навук. тэорыі, напр., Н.Бора (гл. Бора тэорыя), П. аб паралельных прамых у Эўклідавай геаметрыі і неэўклідавых геаметрыях. Эўклід адрозніваў П., што сцвярджаюць выканальнасць некаторых геам. пабудаванняў, ад аксіём, якія сцвярджаюць наяўнасць пэўных уласцівасцей такіх пабудаванняў, а таксама сцвярджэнні лагічнага (не геам.) характару, якія ён прымаў без доказаў, напр., «частка меншая за цэлае». У дэдуктыўных і паўдэдуктыўных тэорыях (гл. Аксіяматычны метад) П. наз. сцвярджэнні, якія нельга даказаць з-за таго, што яны грунтуюцца на выніках і фактах доследнага ці індуктыўнага характару (гл. Індукцыя ў логіцы, Матэматычная індукцыя), напр., асн. прынцыпы тэрмадынамікі, прынцып пастаянства скорасці святла і яе лімітавага характару.
П.С.Габец.
т. 12, с. 173
ПАСТУ́НІНА (Тамара Міхайлаўна) (14.2. 1924, г. Гомель — 10.10.1981),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскім муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1948—52), скончыла Бел. кансерваторыю (1956), з 1972 выкладала ў ёй. У 1945—48 салістка Ашхабадскага тэатра оперы і балета, з 1952 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1962—72 — Бел. філармоніі. Валодала рухомым голасам прыгожага цёплага тэмбру, яскравым артыстычным талентам. Сярод партый: Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Ганна («Страшны двор» С.Манюшкі), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба).
І.В.Глушакоў.
т. 12, с. 173
ПАСТУПА́ЛЬНЫ РУХ,
рух цвёрдага цела, пры якім прамая, што злучае любыя 2 пункты, перамяшчаецца паралельна самой сабе. Пры П.р. ўсе пункты цвёрдага цела апісваюць аднолькавыя траекторыі і маюць у кожны момант часу аднолькавыя па модулі і напрамку скорасці і паскарэнні. Вывучэнне П.р. цела зводзіцца да задачы кінематыкі пункта.
т. 12, с. 173
ПАСТУХО́Ў (Міхаіл Іванавіч) (н. 7.4.1958, г. Сураж Бранскай вобл., Расія),
бел. юрыст, грамадскі дзеяч. Д-р юрыд. н. (1993), праф. (1997). Засл. юрыст Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1980). З 1983 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1985 у Ін-це нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь. З 1994 член Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. З 1997 у Ін-це кіравання і прадпрымальніцтва. Навук. працы па канстытуцыйным праве, праблемах судаводства, грамадз. супольнасці і правоў чалавека. Адзін з распрацоўшчыкаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Беларусі.
Тв.:
Оправдание подсудимого. Мн. 1985;
Реабилитация невиновных: Основы правового ин-та. Мн., 1993;
Конституционное право: Энцикл. словарь. Мн., 1996 (разам з В.Г.Ціхінем);
Гражданские инициативы и защита прав граждан. Мн., 1998 (у сааўт.).
т. 12, с. 173
ПАСТУХО́Ў КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 500 м на Пд ад в. Варапаншчына Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага пегматытавага граніту з крышталямі ружовага палявога шпату і зернямі малочна-белага кварцу. Даўж. 3,8 м, шыр. 2,8 м, выш. 1,9 м, у абводзе 9,8 м, аб’ём бачнай часткі 11 м³, маса каля 29 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. У старажытнасці меў культавае значэнне.
В.Ф.Вінакураў.
т. 12, с. 174