ПАСТУЛА́Т (ад лац. postulatum патрабаванне),

палажэнне, якое пры пабудаванні навук. тэорыі прымаецца без доказаў як зыходнае. У логіцы і метадалогіі навукі атаясамліваецца з аксіёмай.

Паміж П. і аксіёмай часам захоўваюцца адрозненні: аксіёма — зыходны лагічны прынцып; П. — зыходны прынцып навук. тэорыі, напр., Н.​Бора (гл. Бора тэорыя), П. аб паралельных прамых у Эўклідавай геаметрыі і неэўклідавых геаметрыях. Эўклід адрозніваў П., што сцвярджаюць выканальнасць некаторых геам. пабудаванняў, ад аксіём, якія сцвярджаюць наяўнасць пэўных уласцівасцей такіх пабудаванняў, а таксама сцвярджэнні лагічнага (не геам.) характару, якія ён прымаў без доказаў, напр., «частка меншая за цэлае». У дэдуктыўных і паўдэдуктыўных тэорыях (гл. Аксіяматычны метад) П. наз. сцвярджэнні, якія нельга даказаць з-за таго, што яны грунтуюцца на выніках і фактах доследнага ці індуктыўнага характару (гл. Індукцыя ў логіцы, Матэматычная індукцыя), напр., асн. прынцыпы тэрмадынамікі, прынцып пастаянства скорасці святла і яе лімітавага характару.

П.​С.​Габец.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)