Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАСТАРНА́К (Леанід Восіпавіч) (3.4.1862, г. Адэса, Украіна — 13.6.1945),

расійскі жывапісец, графік. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1905). Бацька Б.Л.Пастарнака. Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1885), адначасова вучыўся ў Мюнхенскай АМ. Выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1894). Экспанент Т-ва перасоўных выставак (з 1889). Чл.-заснавальнік аб’яднання «Саюз рускіх мастакоў» (з 1903). З 1921 жыў у Германіі, Вялікабрытаніі. Працаваў у жанры партрэта, станковай і кніжнай графікі. Стварыў цыкл твораў, прысвечаных Л.​Талстому, партрэты М.​Горкага (1906), А.​Скрабіна (1909), С.​Рахманінава, Э.​Верхарна (абодва 1913), А.​Эйнштэйна (1924), Р.​М.​Рыльке (1926), Л.​Карынта (1927), Г.​Гаўптмана (1930), цыкл натурных партрэтаў У.​І.​Леніна і інш. Яго партрэтам уласцівы выразнасць, лаканізм, увага да духоўнага жыцця чалавека. Аўтар ілюстрацый да раманаў «Вайна і мір» і «Уваскрэсенне» Талстога, твораў М.​Лермантава, жанравых карцін «Ліст з радзімы» (1889), «Дамоў на радзіму» (1891), «Пасяджэнне савета выкладчыкаў Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства» (1902), серыі пейзажаў гарадоў Паўн. Еўропы (1908), малюнкаў дзяцей і інш. Творчасці П. ўласцівы эмац. выразнасць, тонкасць каларыту, зварот да пленэрнага жывапісу, праца пры вячэрнім асвятленні.

Тв.:

Записи разных лет. М., 1975.

А.​В.​Спрынчан.

т. 12, с. 169

ПАСТАРНА́ЦКІ (Фёдар Ігнатавіч) (25.12. 1845, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 20.8.1902),

расійскі вучоны ў галіне ўнутранай медыцыны; адзін з заснавальнікаў айч. бальнеалогіі і курарталогіі. Д-р мед. н. (1888). Скончыў Кіеўскі ун-т (1871), працаваў у ім да 1878. З 1879 у Пецярбургу, з 1891 у Ваенна-мед. акадэміі (заг. кафедры, праф.). Навук. працы па пытаннях хвароб нырак і кліматабальнеалогіі. Апісаў характэрныя сімптомы шэрагу хвароб нырак (сімптом П.).

Тв.:

О лихорадках на Кавказско-Черноморском побережье от Новороссийска до Сухуми. СПб., 1900;

Пиэлит: (Этиология, диагностика и терапия его). СПб., 1907.

т. 12, с. 169

ПАСТА́УКА,

разнавіднасць дагавора куплі-продажу, якая выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Згодна з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (арт. 476) паводле дагавора П. пастаўшчык-прадавец, які ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць, абавязваецца перадаць у абумоўлены тэрмін вырабленыя або набытыя ім тавары пакупніку для выкарыстання іх у прадпрымальніцкіх або ў інш. мэтах, не звязаных з асабістым, сямейным, хатнім і інш. выкарыстаннем. Напачатку ўстанаўліваецца працэдура ўзгаднення ўмоў. П. тавараў ажыццяўляецца шляхам адгрузкі (перадачы тавараў) пакупніку, які з’яўляецца дагаворным бокам П., або асобе, што пазначана ў дагаворы ў якасці атрымальніка. Закон устанаўлівае шэраг правілаў дастаўкі тавараў для дзярж. патрэб. Такая П. ажыццяўляецца на аснове дзярж. кантракта на П., а таксама ў адпаведнасці з дагаворамі П. для дзярж. патрэб (патрэбы краіны і яе адм.-тэр. адзінак). Парадак такіх П. рэгулюецца заканадаўствам.

І.​М.​Сямёнава.

т. 12, с. 169

ПАСТА́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., утворана плацінай на р. Мядзелка, у межах г. Паставы. Пл. 0,27 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 230 км². На беразе возера Пастаўскі парк. Месца адпачынку.

т. 12, с. 169

ПАСТА́ЎСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдарус. стылю ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1894 з цэглы на цэнтр. плошчы горада. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём храма выцягнуты па папярочнай восі. Да яго прымыкаюць закругленая апсіда, дадатковы аб’ём і бабінец з ганкам. Па баках апсіды і бабінца размешчаны дапаможныя памяшканні. Асн. аб’ём завершаны 5-купаллем, бабінец — шатровай званіцай з галоўкай. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, арнаментальныя паяскі, ліштвы, паўцыркульныя нішы.

Т.​В.​Габрусь.

Пастаўская Мікалаеўская царква.

т. 12, с. 169

ПАСТА́ЎСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік горадабудаўніцтва 2-й пал. 18 ст. ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1760—80-я г. ў стылі барока з удзелам італьян. арх. Дж.​Сака на высокім узгорку берага р. Мядзелка. Быў адм., культ. і гандл. цэнтрам горада. Напачатку забудова была драўляная. На прамавугольнай у плане плошчы (295 × 93 м) цэнтр. месца займалі гандл. рады. На зах. баку плошчы размяшчаліся будынак канцылярыі і суда, абапал яго сіметрычна стаялі па 3 дамы рамеснікаў; іх фланкіравалі дом урача і гасцініца. На ўсх. баку паміж драўлянымі храмамі быў 2-павярховы з вежай будынак школы, на паўд. баку — карчма і сіметрычна ёй 2 аднолькавыя гасцініцы, на паўн. — аўстэрыя і 3 дамы рамеснікаў. Захаваліся дом урача, 3 дамы рамеснікаў, гасцініца, жылы дом. Дом урача — прамавугольны ў плане мураваны 2-павярховы будынак накрыты высокім вальмавым чарапічным дахам. Гал. фасад сіметрычна раскрапаваны нішамі і філёнгамі. Дамы рамеснікаў прамавугольныя ў плане, 1-павярховыя, з мансардамі, накрытыя 2-схільнымі чарапічнымі дахамі. Утвараюць суцэльную забудову. Гасцініца мае ідэнтычную з домам урача аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак. Сфарміраваны ў выніку аб’яднання і рэканструкцыі ў 19 ст. дамоў рамеснікаў. Гал. фасад атрымаў складаную асіметрычную кампазіцыю з высокімі ступеньчатымі атыкамі, спрошчанай крапоўкай сцен, шатровай вежачкай над адным з прамавугольных аконных праёмаў.

С.​Г.​Багласаў.

Пастаўскі архітэктурны ансамбль: 1, 2 — дамы рамеснікаў; 3 — дом урача.

т. 12, с. 170

ПАСТА́ЎСКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў г. Паставы Віцебскай вобл. ў 1912 як піваварны з-д. З 1939 кансервавы з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1945 адноўлены і рэканструяваны ў вінаробны з-д, з 1953 — сокавы, з 1965 сучасная назва. Асн. прадукцыя (2000): пладова-агароднінныя кансервы, сокі, вінны напітак.

т. 12, с. 170

ПАСТА́ЎСКІ КАСЦЁЛ, касцёл Антонія Падуанскага,

помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1898—1904 з цэглы арх. А.​Гойбелем у цэнтр. частцы горада на правым беразе р. Мядзелка, на тэр. былога францысканскага кляштара, заснаванага ў 1617 на сродкі С. і Г. Сянкевічаў-Бяганскіх. У гады 1-й сусв. вайны моцна пашкоджаны, знішчаны арган, гал. алтар, амбон (абодва готыка). У 1920-я г. адбудаваны. Касцёл — крыжападобны ў плане храм з 5-граннай апсідай. Асн. аб’ём накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Шмат’ярусная вежа (выш. каля 100 м) завершана шатровым дахам. Бакавыя фасады прарэзаны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ўмацаваны ступеньчатымі контрфорсамі. Уваходы аформлены 3 стральчатымі парталамі. У 1988 касцёл адрамантаваны, дзейнічае.

В.​Р.​Кукуня.

Пастаўскі касцёл.

т. 12, с. 170

ПАСТА́ЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў студз. 1974 у г. Паставы Віцебскай вобл., адкрыты ў лютым 1976. Пл. экспазіцыі 155 м², каля 7 тыс. экспанатаў асн. фонду (2001). Мае аддзелы: прыроды, гісторыі Пастаўскага р-на, Вял. Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. калекцыі кафлі 15 — пач. 20 ст., скарб талераў і ортаў 17 ст., планы панскіх маёнткаў, матэрыялы пра разгортванне і дзейнасць падполля і партыз. руху на тэр. раёна ў Вял. Айч. вайну, паліт. рэпрэсіі, развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У этнагр. экспазіцыі куток інтэр’ера сял. хаты, тканыя дываны, вышываныя «сеткі», керамічныя вырабы і інш. Музей праводзіць выстаўкі з асабістых фондаў і калекцый. фондаў інш. музеяў.

Л.​Ц.​Валетка.

т. 12, с. 170

ПАСТА́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі, Польшчы і БССР у 18 і 20 ст. У 1793—95 у Мінскай губерні Рас. імперыі, у 1922—39 у Віленскім ваяводстве Польшчы (у 1921—22 называўся Дунілавіцкім пав.), з вер. 1939 у складзе БССР (са снеж. 1939 у Вілейскай вобл.). Цэнтр — г. Паставы. 15.1.1940 скасаваны, на тэр. павета ўтвораны раёны.

т. 12, с. 170