ПАСТАРНА́К (Леанід Восіпавіч) (3.4.1862, г. Адэса, Украіна — 13.6.1945),

расійскі жывапісец, графік. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1905). Бацька Б.Л.Пастарнака. Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1885), адначасова вучыўся ў Мюнхенскай АМ. Выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1894). Экспанент Т-ва перасоўных выставак (з 1889). Чл.-заснавальнік аб’яднання «Саюз рускіх мастакоў» (з 1903). З 1921 жыў у Германіі, Вялікабрытаніі. Працаваў у жанры партрэта, станковай і кніжнай графікі. Стварыў цыкл твораў, прысвечаных Л.​Талстому, партрэты М.​Горкага (1906), А.​Скрабіна (1909), С.​Рахманінава, Э.​Верхарна (абодва 1913), А.​Эйнштэйна (1924), Р.​М.​Рыльке (1926), Л.​Карынта (1927), Г.​Гаўптмана (1930), цыкл натурных партрэтаў У.​І.​Леніна і інш. Яго партрэтам уласцівы выразнасць, лаканізм, увага да духоўнага жыцця чалавека. Аўтар ілюстрацый да раманаў «Вайна і мір» і «Уваскрэсенне» Талстога, твораў М.​Лермантава, жанравых карцін «Ліст з радзімы» (1889), «Дамоў на радзіму» (1891), «Пасяджэнне савета выкладчыкаў Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства» (1902), серыі пейзажаў гарадоў Паўн. Еўропы (1908), малюнкаў дзяцей і інш. Творчасці П. ўласцівы эмац. выразнасць, тонкасць каларыту, зварот да пленэрнага жывапісу, праца пры вячэрнім асвятленні.

Тв.:

Записи разных лет. М., 1975.

А.​В.​Спрынчан.

т. 12, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)