Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЛТЫКО́Ў-ШЧАДРЫ́Н (Міхаіл Яўграфавіч) (сапр. Салтыкоў; літ. псеўд. Н.Шчадрын; 27.1.1826, с. Спас-Вугал Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 10.5.1889),

рускі пісьменнік, крытык, публіцыст дэмакр. кірунку. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1844). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу. Светапогляд С.-Ш. складваўся пад уплывам В.​Бялінскага, М.​Гогаля, А.​Герцэна, ідэй петрашэўцаў і франц. утапічнага сацыялізму. Друкаваўся з 1841 (вершы). Першыя аповесці «Супярэчнасці» (1847) і «Заблытаная справа» (1848) сталі прычынай высылкі аўтара ў Вятку (1848—55), дзе С.-Ш. служыў чыноўнікам губернскага праўлення. Пасля вяртання ў Пецярбург служыў у Мін-ве ўнутр. спраў (1856—58), віцэ-губернатарам у Разані, пазней у Цверы (1858—62), з 1864 — у сістэме Мін-ва фінансаў у Пензе, Туле, Разані. У 1868 выйшаў у адстаўку. У 1863—65 супрацоўнік час. «Современник», з вер. 1868 член рэдакцыі і актыўны супрацоўнік, з 1877 адказны рэдактар час. «Отечественные записки» да забароны гэтага выдання ў 1884. У цыкле сатыр. нарысаў і апавяданняў «Губернскія нарысы» (1856—57), «Нявінныя апавяданні» (1857—63), «Пампадуры і пампадуршы» (1863—74), «Гісторыя аднаго горада» (1869—70), «Паны ташкентцы» (1869—72), «Дзённік правінцыяла ў Пецярбургу» (1872), «Добранамераныя прамовы» (1872—76), «За мяжой» (1880—81), рамане «Паны Галаўлёвы» (1875—80) і інш. паказаў крызіс прыгоннага ладу, дасціпна крытыкаваў бюракратыю, прыстасавальніцтва, маральную дэградацыю дваранства, рэакц. сутнасць і амаралізм прускага мілітарызму і паказной парламенцкай дэмакратыі. Сатырычны талент С.-Ш. ярка выявіўся ў апошніх творах; «Казкі» (1882—86, асобнае выданне 1884 нелегальна пад назвай «Казкі для дзяцей немалога ўзросту», легальна выд. 1887; частка казак апубл. пасмяротна), «Дробязі жыцця» (1886—89), «Пашахонская даўніна» (1887—89), дзе пісьменнік выкарыстаў прыёмы памфлета і гратэску, убачыў сваю эпоху ў кантрастных і трагічных тонах. Аўтар камедый «Смерць Пазухіна» (1857, забаронена; паст. 1893), «Цені» (1862—65, не завершана; паст. 1914), публіцыстычнага цыкла «Наша грамадскае жыццё» (1864), літ.-крытычных артыкулаў.

Творчасць С.-Ш. паўплывала на станаўленне камічнага жанру ў бел. л-ры, творчасць В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ядвігіна Ш., К.​Крапівы, развіццё публіцыстыкі, драматургіі, тэатр. мастацтва. У бел. крытыцы і літ.-знаўстве яго спадчына разглядалася як важнае звяно сацыяльна ангажыраванай маст. культуры ў кірунку крытычнага рэалізму. Газ. «Минский листок» убачыла ў ім выдатнага мысліцеля і асветніка. Супрацоўнік газ. «Голос провинции» М.​Караліцкі адзначаў актуальнасць выкрывальніцкай творчасці С.-Ш. для сучаснасці. Газ. «Гомельская мысль» у артыкулах «З мінулага», «М.​Я.​Салтыкоў-Шчадрын», «М.​Я.​Салтыкоў-Шчадрын. Да 25-годдзя з дня смерці» паведаміла новыя факты з жыцця пісьменніка, адзначыла ўплыў Бялінскага, Дабралюбава і Някрасава на станаўленне яго светапогляду. Да традыцый С.-Ш. часта звярталася бел. сав. крытыка 1930-х г. як аргумента пры абгрунтаванні рэаліст. метаду. Бел. друк у 1930-я г. адзначыў 50-годдзе з дня смерці С.-Ш. ў арт. «Вялікі сатырык» М.​Дабрыніна і інш. публікацыях. Апублікаваны бібліягр. даведнік «М.​Я.​Салтыкоў-Шчадрын» (1939). У 1950—70-я г. бел. літ.-знаўцы Дз.​Палітыка, І.​Ішчанка, Н.​Сніцарава даследавалі важныя аспекты літ., сац.-філасофскай і журналісцкай спадчыны С.-Ш. У дарэв. час мясцовыя і прыезджыя тэатр. трупы паказвалі п’есы С.-Ш. ў Мінску, Гродне, Віцебску, Магілёве, Гомелі і інш. У Брэсце ў 1883 паказана інсцэніроўка «Паны Галаўлёвы». На бел. мову яго творы перакладалі К.​Чорны («Казка аб заўзятым начальніку...», 1936), У.​Ляўданскі (кн. «Выбраныя апавяданні», 1948), Я.​Шарахоўскі («Казкі», 1953), В.​Вітка («Паны Галаўлёвы», 1956), Х.​Жычка (казка «Кісель», 1976) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—20. М., 1965—77.

Літ.:

Салтыков-Щедрин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1975;

Политыко Д.А. Великий русский писатель-сатирик М.​Е.​Салтыков-Щедрин. Мн., 1955;

Ищенко И.Т. Пародии Салтыкова-Щедрина. Мн., 1973;

Бушмин А.С. Художественный мир Салтыкова-Щедрина: Избр. тр. Л., 1987;

Николаев Д.П. Смех Щедрина: Очерки сатир. поэтики. М., 1988;

Ауэр А.П., Борисов Ю.Н. Поэтика символических и музыкальных образов М.​Е.​Салтыкова-Щедрина. Саратов, 1988;

Салтыков-Щедрин и русская литература. Л., 1991;

М.​Е.​Салтыков-Шедрин: пробл мировоззрения, творчества, языка. Тверь, 1991;

Герасимович М.М. Уроки М Е.​Салтыкова-Щедрина. Мн., 1993.

У.​М.​Конан.

М.Я.Салтыкоў-Шчадрын.

т. 14, с. 116

САЛУІ́Н, Салуэн (тыбецкае Наг-Чу, кіт. Нуцзян),

рака ў Кітаі і М’янме, часткова — мяжа паміж М’янмай і Тайландам. Даўж. каля 3200 км, пл. басейна каля 325 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў хр. Тангла на У Тыбецкага нагор’я. Цячэ па Юньнаньскім і Шанскім нагор’ях у глыбокіх (да 3 тыс. м) цяснінах, утварае парогі і вадаспады, у ніжнім цячэнні — па раўніне. Упадае 2 рукавамі ў Андаманскае м. Рэжым мусонны з летнімі паводкамі (пад’ём узроўню ў цяснінах на 15 м і больш). Сярэдні расход вады каля 6700 м³/с. Сплаўная, суднаходная ў ніжнім цячэнні на 120 км. У вусці — марскі порт Малам’яйн.

т. 14, с. 117

САЛЫ́НСКІ (Афанасій Дзмітрыевіч) (9.9.1920, г. Смаленск, Расія — 22.8.1993),

рускі драматург. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы пры Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве (1956). Выступаў як журналіст з 1939. У 1972—82 і з 1987 гал. рэдактар час. «Театр». Першая п’еса — «Дарога першых» (паст. 1949; перапрацаваная рэдакцыя «Браты», паст. 1951). Маральна-этычныя канфлікты сучаснасці ў п’есах «Небяспечны спадарожнік» (паст. 1952), «Забыты сябар» (1955), «Марыя» (1969), «Летнія прагулкі» (1973) і інш. Драмы «Барабаншчыца» (паст. 1958), «Каменьчыкі на далоні» (1965) пра Вял. Айч. вайну. Драма «Погалас» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1984) пра перыяд нэпа. Аўтар камедый «Хлусня для вузкага кола» (1963), «Пераход на летні час» (1983), зб. артыкулаў «Пра жыццё, драматургію, тэатр» (1982), сцэнарыяў фільмаў і інш. У Дзярж. рус. т-ры Беларусі пастаўлены п’есы С. «Барабаншчыца» (1959), «Марыя» (1970).

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. М., 1988;

Драмы и комедии. М., 1977.

Літ.:

Фельдман Я. Драматургия Афанасия Салынского. М., 1976.

т. 14, с. 117

САЛЬВАДО́Р (Salvador),

Рэспубліка Эль-Сальвадор (República de El Salvador), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З з Гватэмалай, на Пн і У з Гандурасам; на Пд абмываецца Ціхім ак. Пл. 21,04 тыс. км². Нас. 6,3 млн. чал. (2000). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Сан-Сальвадор. Краіна падзяляецца на 14 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).

Дзяржаўны лад. С. — унітарная рэспубліка, дзейнічае канстытуцыя 1983 (з папраўкамі 1991). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея; 84 яе дэпутаты выбіраюцца на 3 гады па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва.

Прырода. Цэнтр. ч. краіны займае вулканічнае нагор’е з выш. 600—700 м, абмежаванае на Пн і Пд вулканічнымі хрыбтамі. На паўд. хрыбце дзейныя вулканы (Санта-Ана, 2381 м, найб. актыўны Ісалька, 1885 м). На Пн тэктанічная ўпадзіна, дзе цячэ р. Лемпа. На ўзбярэжжы раўніна шыр. да 30 км. Частыя землетрасенні. У нетрах С. ёсць золата, серабро, цынк, медзь, сера, нафта. Клімат трапічнага пояса пасатны. На нагор’і т-ры ад 22 (снеж.) да 25 °C (крас.). Ападкаў на нагор’і 1500—2500 мм, ва ўпадзіне Лемпы 600—700 мм за год. Вылучаюцца 2 сезоны — сухі (ліст.крас.) і дажджлівы (май—кастр). Шмат кароткіх горных рэк і вулканічных азёр. Пераважае культ. расліннасць. Лясы і лясістая мясцовасць займаюць 5% тэр., у гарах месцамі хваёвыя лясы, у далінах — трапічная расліннасць, участкі саваннаў, другасныя хмызнякі. Жывёльны свет: малпы, ацэлот, апосум, браняносец, шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі: Монтэ-Крыста, Эль-Імпасібле; рэзерват Эль-Хакаталь.

Насельніцтва. Каля 92% складаюць сальвадорцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Каля 5% складае індзейскі народ піпіль. Жывуць таксама гандурасцы, гватэмальцы, мексіканцы, амерыканцы ЗША, кітайцы і інш. 86% вернікаў — католікі, астатнія пераважна пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,02% (2000). Сярэдняя шчыльн. 300 чал. на 1 км². 75% насельніцтва пражывае на нагор’і, дзе шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км². У гарадах 46% насельніцтва. Найб. Сан-Сальвадор — 1408 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Буйныя гарады (тыс. ж., 1993): Санта-Ана — 208,3, Сан-Мігель — 161,2, Сакатэкалука — 81. У сельскай гаспадарцы занята 33% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 14%, у абслуговых галінах — 53%. Значная эміграцыя ў суседнія краіны і ЗША.

Гісторыя Да 7 ст. н.э. С. насялялі плямёны індзейцаў майя. Потым тут пасяліліся блізкія да ацтэкаў плямёны піпіляў, якія называлі краіну і свой гал. горад Кускатлан. У 1524—47 гэта тэр. заваявана іспанцамі на чале з П. дэ Альварада, якія далі ёй назву С. У калан. перыяд С. быў часткай генерал-капітанства Гватэмала. У 1811—14 тут адбылося некалькі антыкалан. паўстанняў. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць С. У 1822—23 С. у складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1841 С. — незалежная рэспубліка. Доўгі час улада ў краіне па чарзе належала то партыі кансерватараў, якая адлюстроўвала інтарэсы латыфундыстаў, то партыі лібералаў, якая абараняла інтарэсы гандлёвай буржуазіі. Барацьба паміж імі суправаджалася шматлікімі ваен. пераваротамі. На першых свабодных выбарах у сак. 1931 перамог А.​Араўха, які прапанаваў праграму шырокіх сац. пераўтварэнняў. У снеж. 1931 ён скінуты ген. М.​Эрнандэсам Марцінесам, які ўсталяваў сваю дыктатуру (1931—44). У студз. 1932 ён люта задушыў сял. паўстанне на чале з А.​Фарабунда Марці (забіта больш за 10 тыс. чал.). Да 1979 С. кіравалі ваен. рэжымы, якія адлюстроўвалі пераважна інтарэсы алігархаў, што дамінавалі ў эканам. і паліт. жыцці краіны. Па іх ініцыятыве створаны ваенізаваныя атрады для запалохвання апазіцыі. У ліп. 1969 С. вёў вайну з Гандурасам, што абвастрыла сац. супярэчнасці. З канца 1970-х г. пачаліся масавыя выступленні супраць рэжыму, партыз. дзейнасць актывізаваў падпольны Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці (ФНВФМ) — шырокі саюз левых арг-цый. У гэтых абставінах, пры дапамозе ЗША, у кастр. 1979 адбыўся ваен. пераварот, які прывёў да ўлады ваен.-цывільную хунту. Новы рэжым абяцаў ажыццяўленне рэформ, але ў краіне працягвала панаваць ранейшая алігархія, лютаваў тэрор правых «эскадронаў смерці», якія забівалі незадаволеных рэжымам і сялян, што адважваліся ўзяць зямлю пасля абвешчанай аграрнай рэформы. Правы тэрор прывёў у пач. 1981 да масавага паўстання на чале з ФНВФМ. Пры дапамозе ЗША рэжым цывільнага прэзідэнта Х.​Н.​Дуартэ (1980—90) здолеў утрымаць уладу, але ён не кантраляваў ні сельскія раёны, дзе панаваў ФНВФМ, ні ўрадавую армію. У выніку грамадз. вайны да 1990 загінула больш за 70 тыс. чал.

Пры пасрэдніцтве ААН 1.2.1992 заключана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ФНВФМ, які стаў паліт. партыяй. У 1994 пад наглядам ААН адбыліся выбары, на якіх перамагла правая партыя Нацыяналіст. рэспубліканскі саюз. Яе прадстаўнікі А.​Кальдэрон і Ф.​Флорэс выбіраліся прэзідэнтамі С. ў 1994 і 1999. ФНВФМ стаў другой па значэнні паліт. партыяй С., дамогся поспеху на парламенцкіх выбарах 2000. С. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1999. Дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыяналіст. рэсп. саюз (АРЕНА), Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці, Хрысц.-дэмакр. партыя.

Гаспадарка. С. — аграрная краіна. Аснова эканомікі — вытв-сць і перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва каля 3000 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 12%, прам-сці 22%, абслуговых галін 76%. Эканоміка моцна залежыць ад замежнага, пераважна амер. капіталу. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямлі — больш за 60% тэр. краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 690 тыс. га, у т. л. 120 тыс. га арашаецца; пад лугамі і пашай каля 610 тыс. га. Традыцыйна развіта латыфундысцкая гаспадарка. Значная частка сялян беззямельная: на долю 90% сельскага насельніцтва прыпадае толькі 4% апрацаваных зямель. Пашыраны розныя формы арэнды і паўфеад. формы эксплуатацыі. Гал. раён земляробства — вулканічнае нагор’е. У 1998 сабрана (тыс. т); кавы (гал. экспартная культура, дае каля ​2/3 кошту прадукцыі земляробства, вырошчваецца ў зах. і цэнтр. частках нагор’я) 251,2, цукр. трыснягу 590, кукурузы 1215,2, бабовых (пераважна фасоля) 99,1, рысу 106,2, сорга 366,6. Вырошчваюць таксама бавоўну, тытунь, какаву, індыга, хенекен, проса, кунжут, ямс і маніёк, алейныя культуры, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта па Пн краіны. У 1997 было 1,14 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 335,1 тыс. свіней. Птушкагадоўля (у 1997—8 млн. курэй). Прам-сць прадстаўлена ў асн. харч., лёгкай, нафтахім., фармацэўтычнай, буд., металургічнай і металаапрацоўчай галінамі. У 1999 атрымана 4,1 млрд. кВтгадз электраэнергіі, у т. л. 49,3% на цеплавых электрастанцыях, 36,5% на ГЭС, 14,2% на гідратэрмальных электрастанцыях. Харч. прадукты і напіткі складаюць (1998) 36% кошту прамысл. прадукцыі; тэкстыль, адзенне, абутак, скураныя вырабы і мэбля — 13,9%; нафтапрадукты, хімікаты і вырабы з каўчуку — 15,3%; металург. і маш.-буд. галіна — 13,4%, паліграф. і цэлюлозна-папяровыя вырабы — 7,5% і інш. Асн. цэнтры харч. і тэкст. прам-сці — гарады Сан-Сальвадор і Санта-Ана, нафтаперапрацоўка і цэм. з-ды ў г. Акахутла. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, серабра, буд. матэрыялаў, каменнай солі. Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, адзення, абутку, капелюшоў. Замежны турызм у 2000 прынёс даход 211 млн. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. У 1997 было 602 км чыгункі, 10 тыс. км аўтадарог, у т. л. 1986 км з цвёрдым пакрыццём (327 км аўтастрады — Панамерыканскай шашы). У С. 35,3 тыс. легкавых аўтамабіляў, 44,8 тыс. грузавых і аўтобусаў (2000). Гал. парты Ла-Уньён, Акахутла і Ла-Лібертад. У краіне 85 аэрапортаў, у т. л. 4 з цвёрдым пакрыццём узлётнай паласы (у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Сан-Сальвадор). У 1999 экспарт склаў 2,5 млрд. долараў, імпарт — 4,15 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць кава, цукар, тэкстыль, хімікаты, у імпарце — харч., спажывецкія і прамысл. тавары, нафта і нафтапрадукты. Асн. гандл. партнёры: ЗША (59% экспарту, 51% імпарту), Гватэмала (12 і 9%), Мексіка, Гандурас, Японія. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ЗША і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — калон.

М.​Б.​Жукава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя).

Герб і сцяг Сальвадора.
Сальвадор. Адзін з вулканаў у цэнтральнай частцы краіны.
Сальвадор. Сушка зярнят кавы.

т. 14, с. 117

САЛЬВАТА́ЦЫЯ (ад лац. solvere раствараць),

узаемадзеянне часціц (малекул, іх асацыятаў, іонаў) растворанага рэчыва з малекуламі растваральніку. Уплывае на ўсе фіз. і фіз.-хім. працэсы, што адбываюцца ў растворах. Абумоўлена Электрастатычнымі і ван-дэр-ваальсавымі сіламі ўзаемадзеяння (неспецыфічная С.), а таксама каардынацыйнымі сувязямі і вадароднай сувяззю (спецыфічная С.). У выніку С. ўтвараюцца сальваты — малекулярныя ўтварэнні пастаяннага ці пераменнага саставу, у якіх малекула (іон) растворанага рэчыва абкружана сальватнай абалонкай з малекул растваральніку. Асобны выпадак С. — гідратацыя.

Літ.:

Бургер К. Сольватация, ионные реакции и комплексообразование в неводных средах: Пер. с англ. М., 1984.

т. 14, с. 118

САЛЬВІ́НІ ((Salvini) Тамаза) (1.1.1829, г. Мілан, Італія — 31.12.1915),

італьянскі акцёр. З акцёрскай сям’і. У 1842 дэбютаваў на прафес. сцэне. З 1843 у трупе пад кіраўніцтвам Г.​Модэны, які паўплываў на яго творчасць. З 1860-х г. узначальваў свае трупы. Творчасці ўласцівы рамант. ўзнёсласць, гераічны пафас у спалучэнні з глыбокім пранікненнем у псіхалогію вобраза. Сусв. славу яму прынеслі выкананне гал. роляў шэкспіраўскай драматургіі: Атэла, Гамлет, Макбет, Кароль Лір у аднайм. п’есах. Сярод інш. лепшых роляў: Карада («Грамадзянская смерць» П.​Джакамеці), Арасман («Заіра» Вальтэра). Аўтар мемуараў і тэарэт. артыкулаў.

т. 14, с. 118

САЛЬВІ́НІЯ (Salvinia),

род папарацей сям. сальвініевых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Паўд. Афрыкі і Амерыкі, часткова — ва ўмераных абласцях. На Беларусі 1 від — С. плывучая, або вадзяная папараць (S.natans), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца на Палессі ў стаячых (поймавыя азёры, старыцы) і з павольнай плынню водах, утварае зараснікі.

Адна- ці шматгадовыя дробныя водныя разнаспоравыя папараці. Сапраўдныя карані адсутнічаюць. Сцёблы галінастыя, ніткападобныя, апушаныя, даўж. да 10 см. Лісце па 3 у кальчаках, 2 з іх зялёныя, суцэльныя, плаваюць на паверхні, 3-і — спараносны — апушчаны ў ваду, буры, рассечаны на ніткападобныя долі і нагадвае карані. Дэкар. (акварыумныя) расліны, выкарыстоўваюцца як прыродныя фільтры, у рыбаводстве.

А.​М.​Скуратовіч.

Сальвінія плывучая.

т. 14, с. 119

СА́ЛЬВІЯ,

род кветкавых раслін, тое, што шалфей.

т. 14, с. 119

САЛЬВО́ЛІЗ (ад лац. solvo раствараю + грэч. lysis растварэнне, распад),

абменная рэакцыя паміж раствораным рэчывам і растваральнікам. Суправаджаецца раскладаннем малекул растваральніку і растворанага рэчыва. У адрозненне ад сальватацыі прыводзіць да ўтварэння новых хім. злучэнняў пэўнага саставу. С. у водных растворах наз. гідролізам.

т. 14, с. 119

СА́ЛЬДА (ад італьян. saldo разлік, рэшткі),

рознасць паміж грашовымі паступленнямі і расходамі за пэўны перыяд. У бухгалтарскім уліку С. — рознасць паміж сумамі па дэбету і крэдыту рахункаў. Дэбетовае С. (дэбет большы за крэдыт) паказвае велічыню рэшткаў гасп. сродкаў, крэдытавае (крэдыт большы за дэбет) — стан крыніц гасп. сродкаў. У бухгалтарскім балансе рахункі з дэбетовым С. складаюць актыў, з крэдытавым — пасіў. У міжнар. гандлі С. — рознасць паміж сумай экспарту і імпарту або сумай патрабаванняў і абавязацельстваў. У гандл. балансе станоўчае С. — перавышэнне экспарту над імпартам, адмоўнае — перавышэнне імпарту. У плацежным балансе станоўчае С. — перавышэнне агульнай сумы паступленняў краіны над яе плацяжамі інш. краінам, адмоўнае — перавышэнне плацяжоў краіны над яе паступленнямі з інш. краін.

т. 14, с. 119