САЛЬВІ́НІ ((Salvini) Тамаза) (1.1.1829, г. Мілан, Італія — 31.12.1915),
італьянскі акцёр. З акцёрскай сям’і. У 1842 дэбютаваў на прафес. сцэне. З 1843 у трупе пад кіраўніцтвам Г.Модэны, які паўплываў на яго творчасць. З 1860-х г. узначальваў свае трупы. Творчасці ўласцівы рамант. ўзнёсласць, гераічны пафас у спалучэнні з глыбокім пранікненнем у псіхалогію вобраза. Сусв. славу яму прынеслі выкананне гал. роляў шэкспіраўскай драматургіі: Атэла, Гамлет, Макбет, Кароль Лір у аднайм. п’есах. Сярод інш. лепшых роляў: Карада («Грамадзянская смерць» П.Джакамеці), Арасман («Заіра» Вальтэра). Аўтар мемуараў і тэарэт. артыкулаў.
т. 14, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)