СА́ЛЬДА (ад італьян. saldo разлік, рэшткі),

рознасць паміж грашовымі паступленнямі і расходамі за пэўны перыяд. У бухгалтарскім уліку С. — рознасць паміж сумамі па дэбету і крэдыту рахункаў. Дэбетовае С. (дэбет большы за крэдыт) паказвае велічыню рэшткаў гасп. сродкаў, крэдытавае (крэдыт большы за дэбет) — стан крыніц гасп. сродкаў. У бухгалтарскім балансе рахункі з дэбетовым С. складаюць актыў, з крэдытавым — пасіў. У міжнар. гандлі С. — рознасць паміж сумай экспарту і імпарту або сумай патрабаванняў і абавязацельстваў. У гандл. балансе станоўчае С. — перавышэнне экспарту над імпартам, адмоўнае — перавышэнне імпарту. У плацежным балансе станоўчае С. — перавышэнне агульнай сумы паступленняў краіны над яе плацяжамі інш. краінам, адмоўнае — перавышэнне плацяжоў краіны над яе паступленнямі з інш. краін.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)