САЛЫ́НСКІ (Афанасій Дзмітрыевіч) (9.9.1920, г. Смаленск, Расія — 22.8.1993),

рускі драматург. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы пры Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве (1956). Выступаў як журналіст з 1939. У 1972—82 і з 1987 гал. рэдактар час. «Театр». Першая п’еса — «Дарога першых» (паст. 1949; перапрацаваная рэдакцыя «Браты», паст. 1951). Маральна-этычныя канфлікты сучаснасці ў п’есах «Небяспечны спадарожнік» (паст. 1952), «Забыты сябар» (1955), «Марыя» (1969), «Летнія прагулкі» (1973) і інш. Драмы «Барабаншчыца» (паст. 1958), «Каменьчыкі на далоні» (1965) пра Вял. Айч. вайну. Драма «Погалас» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1984) пра перыяд нэпа. Аўтар камедый «Хлусня для вузкага кола» (1963), «Пераход на летні час» (1983), зб. артыкулаў «Пра жыццё, драматургію, тэатр» (1982), сцэнарыяў фільмаў і інш. У Дзярж. рус. т-ры Беларусі пастаўлены п’есы С. «Барабаншчыца» (1959), «Марыя» (1970).

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. М., 1988;

Драмы и комедии. М., 1977.

Літ.:

Фельдман Я. Драматургия Афанасия Салынского. М., 1976.

т. 14, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)