ПАСА́ТНЫЯ ЦЯЧЭ́ННІ,
паверхневыя цячэнні Сусв. акіяна ў трапічных і экватарыяльных шыротах Паўн. і Паўд. паўшар’яў, якія выклікаюцца пасатамі. Накіраваны з У на 3, падзяляюцца міжпасатнымі супрацьцячэннямі. У паўн. ч. Індыйскага ак. з-за мусоннай цыркуляцыі П.ц. назіраюцца зімой. У зах. ч. акіянаў даюць пачатак цячэнням: Антыльскаму і Бразільскаму ў Атлантычным ак., Мінданао і Усх.-Аўстралійскаму ў Ціхім ак., Самалійскаму (зімой) і Мазамбікскаму ў Індыйскім ак.
т. 12, с. 160
ПАСА́ТНЫ КЛІ́МАТ,
клімат абласцей зямнога шара, якія знаходзяцца пад уздзеяннем пасатаў. Вызначаецца ўстойлівасцю напрамкаў і сілы ветру, малой воблачнасцю і малой колькасцю атмасферных ападкаў (каля 500 мм за год). Сярэдняя т-ра паветра летніх месяцаў 20—27 oС, у зімовыя месяцы — да 10—15 oС. У раёнах з П.к. на сушы пераважаюць ландшафты трапічных пустынь і паўпустынь (акрамя ўсх. ч. мацерыкоў, якім уласцівы мусонны клімат).
т. 12, с. 160
ПАСА́ТЫ (ням. Passat, галанд. passaat, верагодна, ад ісп. viento de pasade вецер, які спрыяе пераезду),
устойлівыя на працягу года паветраныя цячэнні ў трапічных і экватарыяльных шыротах (ад 25—30° паўн. ш. і паўд. ш. амаль да экватара) пераважна над акіянамі. Паблізу зямной паверхні ў выніку трэння і дзейнасці Карыяліса сілы ў Паўн. паўшар’і вятры маюць паўн.-ўсх. напрамак, у Паўд. — паўд.-ўсходні. Паміж П. Паўн. і Паўд. паўшар’яў — унутры-трапічная зона канвергенцыі; над П. дзьмуць антыпасаты. П. маюць важнае значэнне ў агульнай цыркуляцыі атмасферы, абумоўліваюць узнікненне пасатных цячэнняў, на сушы садзейнічаюць утварэнню і захоўванню трапічных пустынь (гл. Пасатны клімат).
т. 12, с. 160
ПАСАШКО́Ў (Іван Ціханавіч) (1652, с. Пакроўскае, Маскоўская вобл. — 1.2.1726),
расійскі эканаміст і публіцыст. Асн. яго праца «Кніга аб беднасці і багацці» (1724; выд. ў 1842). У ёй, у адрозненне ад прыхільнікаў меркантылізму, П. прызнаваў магчымасць атрымання прыбытку ўнутры краіны і ставіў яго велічыню ў залежнасць ад прадукцыйнасці працы і ўзроўню заработнай платы. Падкрэсліваў выгаднасць выкарыстання наёмнай працы і здзельнай аплаты. Гал. прычынай беднасці дзяржавы лічыў адсталасць сельскай гаспадаркі і жорсткую эксплуатацыю селяніна. Прыхільнік пераўтварэнняў Пятра I (выступаў за развіццё прам-сці, гандлю, даследаванне радовішчаў карысных выкапняў). Прапаноўваў збіраць падаткі з усіх саслоўяў (акрамя духавенства) з улікам маёмаснага становішча, сфармуляваў ідэю фармальнай роўнасці перад законам і судом. Пасля смерці Пятра I зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе і памёр.
т. 12, с. 160
ПАСВЕ́ДЧАННЕ,
афіцыйны дакумент, які засведчвае асобу прад’яўніка і яго прававы статус або сцвярджае пэўныя факты і правы. Напр., пашпарт, П. работніка дзярж. органа, установы, ваеннаслужачага, дэпутата, пенсіянера і інш.
т. 12, с. 160
ПАСЕВІ́НА ((Possevino) Антоніо) (12.7.1533, г. Мантуя, Італія —26.2.1611),
дыпламат, тэолаг, педагог. З 1559 чл. ордэна езуітаў. У 1581 у якасці папскага легата накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558—83. З яго актыўным удзелам заключаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Пасля вайны П. стаў дарадцам караля Стафана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый езуітаў (у т. л. на землях ВКЛ), пашырэнню контррэфармацыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрап. дзяржаў, накіраванай супраць Турцыі. Адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай уніі 1596, спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці гал. апекуна праваслаўя ў ВКЛ К.В.Астрожскага. Па даручэнні караля ў 1586 ездзіў у Рым да папы Сікста V. Пасля абрання ў 1587 каралём Жыгімонта III вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе пед. і літ. дзейнасці. Аўтар кнігі «Масковія» (Вільня, 1586, на лац. мове), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэліг. сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гіст. крыніцай.
Tв.: Рус. пер. — Исторические сочинения о России XVI в. М., 1983.
В.Ф.Шалькевіч.
т. 12, с. 160
ПАСЕЙДО́Н,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з гал. багоў-алімпійцаў, бог мораў, крыніц і землетрасенняў, якімі ён кіруе з дапамогай трызубца. Сын Кронаса і Рэі, брат Зеўса і Аіда, з якімі падзяляе панаванне над светам, бацька Тэсея, Мінатаўра і інш. міфалагічных персанажаў. Лічылася, што ён жыве ў раскошным палацы на дне мора. У стараж. Афінах П. шанавалі як апекуна марской магутнасці горада, у яго гонар наладжваліся Істмійскія гульні. У рым. міфалогіі П. адпавядаў Нептун.
т. 12, с. 160
ПА́СЕКА,
вёска ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Старыя Дарогі—Сінягова. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на Пд ад горада і чыг. ст. Старыя Дарогі, 163 км ад Мінска. 430 ж., 195 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 12, с. 160
ПАСЕ́ЛІЧЫ,
вёска ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і с.-г. прадпрыемства. За 8 км на У ад горада і 14 км ад чыг. ст. Хойнікі, 111 км ад Гомеля. 312 ж., 111 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 12, с. 160