ПАСЕЙДО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з гал. багоў-алімпійцаў, бог мораў, крыніц і землетрасенняў, якімі ён кіруе з дапамогай трызубца. Сын Кронаса і Рэі, брат Зеўса і Аіда, з якімі падзяляе панаванне над светам, бацька Тэсея, Мінатаўра і інш. міфалагічных персанажаў. Лічылася, што ён жыве ў раскошным палацы на дне мора. У стараж. Афінах П. шанавалі як апекуна марской магутнасці горада, у яго гонар наладжваліся Істмійскія гульні. У рым. міфалогіі П. адпавядаў Нептун.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)