Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАРЫТЭ́НЫЯ ЦЭ́НЫ,

цэны на с.-г. прадукцыю, якія дазваляюць вытворцу за нязменны аб’ём прадукцыі атрымліваць грашовы даход, дастатковы для пакупкі стабільнага набору несельскагаспадарчых спажывецкіх даброт і паслуг.

т. 12, с. 156

ПАРЫТЭ́Т (ад лац. paritas роўнасць),

1) прынцып роўнага прадстаўніцтва бакоў; азначае таксама роўнасць, раўнапраўе, раўнацэннасць, роўнае становішча. У міжнар. праве — парытэтны прынцып азначае дагаворнае абавязацельства ўстанавіць для замежных грамадзян і юрыд. асоб такі статус, якім карыстаюцца грамадзяне і юрыд. асобы дадзенай краіны. Найб. пашыраны пры пагаджальным разглядзе прац. і інш. канфліктаў у арбітражах.

2) П. валютны — суадносіны паміж валютамі розных краін. У эпоху абарачэння золата (серабра) у якасці грошай і пры свабодным абмене папяровых грошай на золата (да 1-й сусв. вайны 1914—18) ужываўся манетны П. (па колькасці чыстага золата, якое ўтрымлівалася ў грашовай адзінцы). Ва ўмовах абарачэння неразменных на золата папяровых грошай — валютны П. (па колькасці золата, якое афіцыйна ўстанаўліваецца ўрадам у нац. грашовай адзінцы). Валютны П., які змяняецца дзяржавай у залежнасці ад руху цэн унутры краіны і пакупной сілы замежнай валюты, называецца П. пакупной сілы валют.

т. 12, с. 156

ПА́РЫЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка БССР у 1924—61. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр.г.п. Парычы. 20.8.1924 падзелены на 14 сельсаветаў: Добравальшчанскі, Дуброўскі, Каралеўскаслабодскі, Коўчыцкі, Любанскі, Парыцкі, Ракшынскі, Раманішчанскі, Сцяпоўскі, Чыркавіцкі, Чэрнінскі, Шацілкаўскі, Шчадрынскі, Якімаваслабодскі. З 20.2.1938 у Палескай вобл. На 1.1.1941 раён уключаў г.п. Парычы і 13 сельсаветаў. З 20.9.1944 у Бабруйскай, з 8.1.1954 у Гомельскай абл. 9.6.1960 цэнтр раёна перанесены ў г.п. Шацілкі, які 29.7.1961 перайменаваны ў г. Светлагорск, а П.р. — у Светлагорскі раён.

т. 12, с. 156

ПА́РЫЧЫ,

гарадскі пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро), на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. За 32 км ад Светлагорска, 142 км ад Гомеля. 2,5 тыс. ж. (2000). Вядомы з 16 ст. як дзярж. маёнтак у Бабруйскім старостве ВКЛ. У 1639—239 ж., 43 двары. З 1793 у складзе Рас. імперыі, гандл. мястэчка (пераважна гандаль лесам), цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ. З канца 18 ст. належалі П.​І.​Пушчыну і яго спадчыннікам. Да 1855 дзейнічаў цукр. з-д. У пач. 20 ст. больш за 4 тыс. ж., бровар, гарбарны і 2 канатныя з-ды, прыстань, 2 нар. вучылішчы, жаночае духоўнае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 правасл. царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы. З 1924 да чэрв. 1960 цэнтр Парыцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў П. больш за 1700 жыхароў, дзейнічала Парыцкае патрыятычнае падполле. З 1961 у Светлагорскім р-не.

Працуюць кансервавы з-д, камбінат буд. матэрыялаў, райаб’яднанне «Сельгасхімія», 2 перасовачныя механіз. калоны, цэхі: кандытарскі, па перапрацоўцы мяса, электрасувязі. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, 2 б-кі, бальніца, Дом культуры, аддз. сувязі. Музей Вял. Айч. вайны. Царква св. Марыі Магдаліны. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1943—44. Помнікі архітэктуры: будынкі бальніцы (2-я пал. 19 ст.), б. жаночага вучылішча (1881), дом лесапрамыслоўца (пач. 20 ст.). За 0,5 км на ПнЗ ад П. паселішча эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.).

т. 12, с. 156

Пары архіпелаг

т. 12, с. 149

Пары Уільям

т. 12, с. 149

ПАРЭ́БРЫК,

прыём арнаментальнай цаглянай ці каменнай муроўкі ўстаноўкай цаглін (абчасаных камянёў) пад вуглом да вонкавай паверхні сцяны. Звычайна П. ўтваралі дэкар. гарыз. фрызы і паяскі і спалучаліся з інш. элементамі аздаблення. Выкарыстоўваліся ў пабудовах стыляў готыкі, рэнесансу, псеўдарускага, несапраўднай готыкі, мадэрна.

Парэбрык.

т. 12, с. 156

ПАРЭ́З,

аслабленне рухальных функцый, абумоўленае парушэннем інервацыі адпаведных мышцаў. Гл. ў арт. Паралічы.

т. 12, с. 156

ПАРЭ́ЛА (Porella),

род пячоначных імхоў сям. парэлавых. Каля 180 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 1 від — П. пласкалістая (P. platyphylla) — занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў цяністых лясах, старых парках і аблесеных ярах на ствалах, на выступаючых з зямлі каранях шыракалістых дрэў.

П. пласкалістая — двухдомная лістасцябловая расліна. Дзярнінкі плоскія, буравата-зялёныя. Сцябло даўж. 3—8 см, жорсткае, двойчы і тройчы перыстаразгалінаванае. Лісце густое, чарапічнае, двухлопасцевае. Каробачка шарападобная, на кароткай ножцы.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Парэла пласкалістая.

т. 12, с. 156

ПАРЭНХІ́МА (ад грэч. parenchyma напаўненне) у жывёл, 1) спецыялізаваная тканка якога-небудзь органа (напр., залоз, печані, селязёнкі), якая выконвае асн. функцыю гэтага органа. Проціпастаўляецца апорнаму каркасу, які мае ў сабе злучальную тканку; 2) Філагенет. папярэднік сапр. тканкі або злучальная тканка, што фарміруецца з мезадэрмы і запаўняе поласці паміж органамі ў некат. жывёл (напр., плоскія чэрві, п’яўкі). У раслінасн. тканка, якая мае ў сабе жывыя клеткі амаль аднолькавага памеру і працягласці ў трох вымярэннях (танкасценны многавугольнік). У П. ўтвараюцца спецыялізаваныя (напр., праводныя, мех.) тканкі, ажыццяўляецца асіміляцыя, выдзяленне, назапашванне і інш. Адрозніваюць П., што назапашвае, што паглынае, асіміляцыйную (хларэнхіму), паветраносную (аэрэнхіму). Тканкі П. часам вяртаюцца да мерыстэматычнага стану (здольнасці да дзялення) пры гаенні ран, рэгенерацыі тканак і органаў, утварэнні прыдаткавых каранёў і парасткаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 156