ПАРЫТЭ́Т (ад лац. paritas роўнасць),
1) прынцып роўнага прадстаўніцтва бакоў; азначае таксама роўнасць, раўнапраўе, раўнацэннасць, роўнае становішча. У міжнар. праве — парытэтны прынцып азначае дагаворнае абавязацельства ўстанавіць для замежных грамадзян і юрыд. асоб такі статус, якім карыстаюцца грамадзяне і юрыд. асобы дадзенай краіны. Найб. пашыраны пры пагаджальным разглядзе прац. і інш. канфліктаў у арбітражах.
2) П. валютны — суадносіны паміж валютамі розных краін. У эпоху абарачэння золата (серабра) у якасці грошай і пры свабодным абмене папяровых грошай на золата (да 1-й сусв. вайны 1914—18) ужываўся манетны П. (па колькасці чыстага золата, якое ўтрымлівалася ў грашовай адзінцы). Ва ўмовах абарачэння неразменных на золата папяровых грошай — валютны П. (па колькасці золата, якое афіцыйна ўстанаўліваецца ўрадам у нац. грашовай адзінцы). Валютны П., які змяняецца дзяржавай у залежнасці ад руху цэн унутры краіны і пакупной сілы замежнай валюты, называецца П. пакупной сілы валют.
т. 12, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)