Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎМА́ЛПЫ (Prosimii),

падатрад млекакормячых атр. прыматаў. Вядомы з эацэну Еўропы і Паўн. Амерыкі (каля 45 млн. г. назад). 6 сям.: лемуравыя, тупаевыя, даўгапятавыя (Tarsiidae), індрыевыя, або індрызідавыя (Indrisidae), лорыевыя, або лорызідавыя (Lorisidae), руканожкавыя (Daubentoniidae). 24 роды, 53 віды. Пашыраны ў трапічных лясах Афрыкі, в-ва Мадагаскар, Паўд.-Усх. Азіі, Малайскага архіпелага. Жывуць на дрэвах невял групамі, парамі або паасобна. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж цела да 106 см, хвост у некат. відаў можа быць удвая даўжэйшы. Заднія канечнасці ў большасці даўжэйшыя за пярэднія. Поўсць густая, мяккая. часта яркіх адценняў. Вочы вялікія. Мозг з малой колькасцю баразён і звілін, вял. паўшар’і ўкрываюць мазжачок няпоўнасцю. Усёедныя. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.

А.​М.​Петрыкаў.

Паўмалпы: 1 — лоры тоўсты; 2 — лоры тонкі; 3 — пота; 4 — лемур мышыны; 5 — даўгапят філіпінскі; 6 — тупайя звычайная.

т. 12, с. 210

ПА́ЎМГАРТНЕР ((Paumgartner) Бернхард) (14.11.1887, Вена — 27.7.1971),

аўстрыйскі дырыжор, музыказнавец, кампазітар, педагог. Праф. (1925). Вучань Б.Вальтэра, Г.Адлера і інш. З 1911 каррэпетытар Венскай оперы, дырыжор аркестра Венскага т-ва музыкантаў. У 1917—59(з перапынкам) дырэктар і прэзідэнт (з 1953) Моцартэума. Заснавальнік (1929) і кіраўнік «Моцарт-аркестра» ў Зальцбургу. У 1952—69 кіраваў аркестрам Моцартэума «Camerata academica». З 1960 прэзідэнт Зальцбургскіх фестываляў. Даследаваў творчасць В.​А.​Моцарта, Р.​Шумана, кампазітараў эпохі барока. Аўтар манаграфіі пра Ф.​Шуберта (1943, 4-е Выд. 1974), успамінаў (1969) і інш. Сярод муз. твораў: оперы, у т. л. камічная «Расіні ў Неапалі» (паст. 1936), балетаў, у т. л. «Зальцбургскі дывертысмент» (паст. 1955), твораў для аркестра.

т. 12, с. 210

ПАЎМЕТА́ЛЫ,

крышталічныя рэчывы, якія паводле электрафіз. уласцівасцей займаюць прамежкавае становішча паміж металамі і паўправаднікамі.

Характарызуюцца кавалентнай крышт. рашоткай. Асн. фіз. ўласцівасці П.: значна меншая, у параўнанні з металамі, эл. праводнасць; больш слабы, чым у паўправаднікоў, рост эл. праводнасці пры павышэнні т-ры; наяўнасць эл. праводнасці каля абс. нуля т-ры (паўправаднікі ў гэтых умовах — ізалятары). Да П. адносяць вісмут, сурму, мыш’як, графіт і некаторыя інш. простыя рэчывы. Паўметал. ўласцівасці маюць і некаторыя складаныя рэчывы, што ўключаюць П. (напр., вісмутыды). Выкарыстоўваюць П. ў навук. практыцы для рэгістрацыі пераходаў дыэлектрык—метал у моцным магн. полі (датчыкі напружанасці магн. поля), у металургіі ў якасці прысадак, злучэнні мыш’яку і сурмы з металамі — як паўправадніковыя матэрыялы.

т. 12, с. 211

ПАЎНА́,

рака, левы прыток Дняпра, у Магілёўскім і Быхаўскім р-нах Магілёўскай вобл. Даўж. 28 км. Пачынаецца каля паўд. ускраіны в. Халмы (Магілёўскі р-н). У верхнім цячэнні каналізаваная. Асн. прыток Лазнёўка (справа). Вадазбор (178 км²) раўнінны, пад лесам 44%. У нізоўі ракі сажалкі.

т. 12, с. 211

ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА, паўпрэдства,

у 1918—41 г. дыпламат. прадстаўніцтва Сав. дзяржавы (да 1922 — РСФСР, потым СССР) за мяжой. Пасля ўвядзення дыпламат. рангаў прадстаўніцтвы пачалі наз. пасольствамі.

т. 12, с. 211

ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА БССР ПРЫ СНК РСФСР,

дзяржаўная ўстанова для забеспячэння сувязі паміж БССР і РСФСР у 1921—22. Створана 24.3.1921 па ініцыятыве бел. кіраўніцтва на падставе дагавора аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. Падпарадкоўвалася Наркамату замежных спраў (НКЗС) БССР, выконвала функцыі дыпламат. прадстаўніцтва, падтрымлівала афіц. кантакты з НКЗС РСФСР, кіраўнікамі і супрацоўнікамі інш. дыпламат. прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Маскве. Паўпрэд (М.​І.​Мароз) і саветнік прызначаліся Прэзідыумам ЦВК БССР. Выконвала ў межах РСФСР даручэнні бел. ўрада, ЦК КП(б)Б, наркаматаў і ведамстваў БССР, вяло работу па вяртанні на радзіму спецыялістаў — ураджэнцаў Беларусі, пошуку вывезеных з тэр. рэспублікі матэрыяльных каштоўнасцей. Выдача замежных пашпартоў для грамадзян БССР перайшла пад кантроль НКЗС РСФСР. Пашпарты, выдадзеныя НКЗС БССР без візы НКЗС РСФСР і Асобага аддзела ВЧК, лічыліся несапраўднымі. Гэта ўшчамляла суверэнныя правы БССР у зносінах з РСФСР, інш. сав. рэспублікамі і прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў. Пасля ўтварэння СССР (30.12.1922) прадстаўніцтва пераўтворана ў Пастаяннае прадстаўніцтва СНК (СМ) БССР пры СНК (СМ) СССР (гл. Пастаяннае прадстаўніцтва Савета Міністраў БССР пры Савеце Міністраў СССР).

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 12, с. 211

ПАЎНАМО́ЦТВА,

права адной асобы (прадстаўніка) ажыццяўляць здзелкі ад імя другой (прадстаўленага), тым самым ствараць, змяняць або спыняць правы і абавязкі прадстаўленага. Паводле цывільнага права Рэспублікі Беларусь можа быць заснавана на даверанасці, заканадаўстве або акце ўпаўнаважанага на тое дзярж. органа ці органа мясц. кіравання і самакіравання, а таксама вынікаць з абставін, у якіх дзейнічае прадстаўнік (напр., прадавец у краме, касір і да т.п.).

т. 12, с. 211

ПАЎНОЧНААТЛАНТЫ́ЧНЫ ПАКТ 1949,

гл. арт. Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору.

т. 12, с. 212

ПАЎНОЧНАБЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён позняга неаліту і бронзавага веку, якія ў канцы 3-га — 3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. жылі на тэр. сучасных Віцебскай, Пн Мінскай абл. Беларусі, Пд Пскоўскай вобл. Расіі, а таксама ў некат. суседніх раёнах. Насельніцтва жыло пераважна па берагах азёр і невял. рэк у пабудовах з двухсхільным дахам. Займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, а таксама земляробствам і жывёлагадоўляй. Для культуры характэрны ляпны вастрадонны і пласкадонны посуд з дамешкамі раслінных рэшткаў і тоўчаных ракавін у гліняным цесце. Сценкі пасудзін штрыхаваныя, іх арнамент складаецца з паясоў насечак, адбіткаў грэбеня, розных наколак. Знойдзены прылады працы і зброя з рогу і косці (наканечнікі стрэл, кінжалы, праколкі, гарпуны, цёслы і інш.), каменныя сякеры, амулеты з зубоў, косці, бурштыну, творы першабытнага мастацтва (статуэткі людзей, звяроў і птушак і інш.). На позніх этапах існавання П.к. сустракаюцца медныя і бронзавыя вырабы. Культура сфарміравалася на аснове крывінскага варыянта нарвенскай культуры пры ўдзеле носьбітаў верхнедняпроўскай культуры і шнуравой керамікі культуры. На Беларусі найб. вядомыя помнікі: Крывіна-1, -2, -3 (гл. ў арт. Галоўск), Асавец (верхнія пласты) на памежжы Бешанковіцкага і Сенненскага р-наў Віцебскай вобл.

М.​М.​Чарняўскі.

Касцяныя скульптура і гарпун паўночнабеларускай культуры (в. Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобл.).

т. 12, с. 212

ПАЎНО́ЧНАГА МО́РА НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана ў межах аднайменнай акваторыі і на прылеглых да яе тэр. Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Германіі і Даніі. Пл. 700 тыс. км², з іх 500 тыс. км² на шэльфе. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 3729 млн. т, газу 8411 млрд. м³. Газаносныя адклады каменнавугальнага, пермскага, ніжнетрыясавага ўзросту, нафтагазаносныя — сярэдняга і верхняга трыясу, юры, мелу і палеагену на глыб. 100—4000 м. Першае нафтавае радовішча на сушы адкрыта ў 1870 (Германія), на шэльфе — у 1967 (сектар Даніі), газавае адпаведна ў 1944 (Германія) і ў 1965 (сектар Вялікабрытаніі). Да 1990-х г. адкрыта 211 нафтавых і газанафтавых, 160 газавых і газакандэнсатных радовішчаў (найб. нафтавае Статфіёрд — 317 млн. т, газавае Гронінген — 1960 млрд. м³). Здабыча нафты і газу вядзецца фантанным і механізаваным спосабамі.

т. 12, с. 212