ПАЎМА́ЛПЫ (Prosimii),

падатрад млекакормячых атр. прыматаў. Вядомы з эацэну Еўропы і Паўн. Амерыкі (каля 45 млн. г. назад). 6 сям.: лемуравыя, тупаевыя, даўгапятавыя (Tarsiidae), індрыевыя, або індрызідавыя (Indrisidae), лорыевыя, або лорызідавыя (Lorisidae), руканожкавыя (Daubentoniidae). 24 роды, 53 віды. Пашыраны ў трапічных лясах Афрыкі, в-ва Мадагаскар, Паўд.-Усх. Азіі, Малайскага архіпелага. Жывуць на дрэвах невял групамі, парамі або паасобна. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж цела да 106 см, хвост у некат. відаў можа быць удвая даўжэйшы. Заднія канечнасці ў большасці даўжэйшыя за пярэднія. Поўсць густая, мяккая. часта яркіх адценняў. Вочы вялікія. Мозг з малой колькасцю баразён і звілін, вял. паўшар’і ўкрываюць мазжачок няпоўнасцю. Усёедныя. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.

А.​М.​Петрыкаў.

Паўмалпы: 1 — лоры тоўсты; 2 — лоры тонкі; 3 — пота; 4 — лемур мышыны; 5 — даўгапят філіпінскі; 6 — тупайя звычайная.

т. 12, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)