Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МОРФАТРАПІ́Я (ад морфа... + грэч. tropos паварот),

змена крышт. структуры, якая адбываецца ў шэрагу аднатыпных хім. злучэнняў пры замене ў малекуле аднаго з атамаў на суседні па групе ў перыяд. сістэме элементаў; з’ява процілеглая ізамарфізму (гл. Ізамарфізм у геалогіі). Назіраецца ў шэрагу карбанатаў металу II групы: MgCO3, CaCO3, SrCO3, BaCO3, у якім крышт. структура мяняецца ад структуры араганіту, уласцівай карбанату магнію MgCO3, да структуры кальцыту, характэрнай для карбанатаў стронцыю SrCO3 і барыю BaCO3. Для карбанатаў кальцыю вядомы 2 паліморфныя мадыфікацыі — араганіт і кальцыт.

т. 10, с. 523

МО́РХАТ (Іосіф Вацлававіч) (н. 27.9.1928, в. Залясінкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1979). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1952), працуе ў ім (з 1969 заг. кафедры). Навук. працы па перасадцы рагавіцы, лячэнні і прадухіленні траўмаў органаў зроку, выяўленні і лячэнні глаўкомы і катаракты. Распрацаваў і ўкараніў у клінічную практыку метад інтэрламелярнай кератапластыкі.

Тв.:

К методике иссечения плотных вторичных катаракт // Офтальмол. журн. 1978. № 6;

Интерламеллярная кератопластика. Мн., 1980.

т. 10, с. 523

МО́РШТЫН ((Morsztyn) Збігнеў) (каля 1628, Польшча — 13.12.1689),

польскі паэт і перакладчык. З 1646 служыў у Радзівілаў на Беларусі і Літве. За ўдзел у ваен. паходах атрымаў пасаду мазырскага мечніка (1657). Сябраваў з жыхарамі Слуцка — мемуарыстам С.​Незабітоўскім і выдаўцом К.​Клакоцкім. У паэме «Слаўная перамога над туркамі...» (1674), якая была двойчы выдадзена ў Слуцку, ушанаваў памяць удзельнікаў бітвы пры Хаціне (1674). Там жа надрукаваны яго верш на смерць Клакоцкага (1675). Аўтар вершаванага цыкла «Эмблемы» (1678—80), прысвечанага князёўне К.​Радзівіл, паэт. зб. «Хатняя Муза» (увайшлі вершы 1675—83), паэмы «Песня ў прыгнёце» (1671), элегій «Жалобныя плачы Апалона з музамі» (1682). У яго паэзіі адбіліся рысы барока, у ёй гучыць заклік да рэліг. цярпімасці, асуджэнне амаральнасці магнатаў.

Тв.:

Muza domowa. Т. 1—2. Warszawa, 1954;

Wybór wierszy. Wrocław, 1975.

Літ.:

Pelc J. Zbigniew Morsztyn, arianin i poeta. Wrocław, 1966;

Яго ж Zbigniew Morsztyn na tle poezji polskiej XVII w. Warszawa, 1973.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 523

МО́РШЫН,

бальнеатэрапеўтычны курорт на Украіне, у перадгор’ях Укр. Карпат, за 80 км на Пд ад г. Львоў, на р. Беражніца (бас. р. Днестр). Мінер. крыніцы вядомыя з 16 ст. Курорт заснаваны ў 1876. Асн. лек. фактары — мінер. воды рознай мінералізацыі, горкая жаўцягонная соль «Моршынка», мясц. мінералізаваныя тарфяныя гразі з вял. колькасцю воцатнай, мурашынай і маслянай к-т. Лечаць парушэнні функцый печані, страўніка, кішэчніка, жоўцевых шляхоў, нерв. расстройствы, гінекалагічныя, сустаўныя захворванні. Бальнеатэрапія дапаўняецца клімата-, фізія- і гразелячэннем.

т. 10, с. 523

МО́РЫНА,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПдЗ ад г.п. Іўе, 148 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 524 ж., 253 двары (1999). Цагельны з-д, сумеснае прадпрыемства «Рыалпо». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.).

т. 10, с. 523

МО́РЫС ((Morris) Уільям) (24.3.1834, Лондан — 3.10.1896),

англійскі мастак, пісьменнік, тэарэтык мастацтва, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1853—56). З 1856 працаваў у арх. майстэрні Дж.​Э.​Стрыта ў Лондане. У 1857—62 займаўся жывапісам. З 1860-х г. пад уплывам ідэй прэрафаэлітаў, Т.Карлейля і Дж.Рэскіна выступаў з рамант. крытыкай бурж. ладу, машыннай вытв-сці проціпастаўляў нар. рамёствы, традыцыі ручной працы і індывідуальную маст. творчасць, у якіх бачыў сродак эстэт. выхавання і пераўвасаблення грамадства. У 1861—62 заснаваў (з П.​Маршалам і Ч.​Фолкнерам) маст. прамысл. кампанію (саматужныя майстэрні дэкар. размалёўкі, мэблі, тканін, метал. вырабаў, вітражоў, шпалер, вышывак і інш.), у 1890—91 — Келмскоцкае выд-ва. Вырабы яго майстэрняў, афармленне інтэр’ераў і кніг вызначаліся рысамі дэкар. стылізацый у духу сярэдневяковага мастацтва. Творчасць М. папярэднічала ўзнікненню стылю мадэрн і заклала асновы мастацкага канструявання. Імкненне да сярэдневяковых матываў і рамант. стылізацыі вобразаў уласціва і для яго літ. творчасці: паэмы «Абарона Гінеўры» (1858), «Зямны рай» (ч. 1—3, 1868—70), аповесці «Сон пра Джона Бола» (1888). Аўтар. сац.-утапічнага рамана «Звесткі ніадкуль, або Эпоха шчасця» (1891).

Тв.:

Рус. пер. — Искусство и жизнь. М., 1973.

Літ.:

Мортон А.Л. Английская утопия: Пер. с англ. М., 1956;

Гольдзамт Э. Уильям Моррис и социальные истоки современной архитектуры: Пер. с пол. М., 1973.

т. 10, с. 523

МО́РЫСАН (Morrison) Тоні [сапр. Уофард

(Wofford) Хлоя Антонія; н. 18.2.1931, г. Ларэйн, штат Агайо, ЗША], амерыканская пісьменніца. Вучылася ў Говардскім і Корнелскім ун-тах. У творчасці М. выразна выяўляецца цікавасць да этн. каранёў амер. неграў, да вытокаў нар. традыцый, міфалогіі, фальклору. Сац.-побытавыя і міфалагічныя матывы спалучаюцца ў раманах «Самыя блакітныя вочы» (1970) і «Сула» (1974). Для рамана «Саламонава песня» (1978) характэрна ўзаемапранікненне элементаў хронікі, эпасу і легенды, у раманах «Смаляная лялька» (1981),

«Любімая дачка» (1987) і «Джаз» (1992) — узмацненне міфапаэт. матываў. Аўтар зб. эсэ «Гульня ў поцемках» (1992) і інш. Нобелеўская прэмія 1993.

Тв.:

Рус. пер. — Песнь Соломона. М., 1982.

Літ.:

Писатели США. М., 1990;

Стулов Ю.В. 100 писателей США Мн., 1998.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Т.Морысан.

т. 10, с. 523

МО́РЫЦ ((Moricz) Жыгманд) (2.7.1879, Тысачэчэ, Венгрыя — 4.9.1942),

венгерскі пісьменнік. Вучыўся ў Дэбрэцэнскім ун-це. Вядомасць прынесла апавяд. «Сем крэйцэраў» (1908). У раманах «Самародак», «Глухі куток» (абодва 1911), «Добрай удачы» (1914) рэалістычна адлюстравана жыццё венг. працоўных. Найб. значныя творы М. — гіст. трылогія «Эрдэй» (1922—33) і сац. раман «Сваякі» (1930). Аўтар раманаў «Шчаслівы чалавек» (1935), «Бецяр» (1937), «Шандар Рожа» (1941—42), апавяданняў, п’ес, рэпартажаў. На бел. мову асобныя апавяданні М. пераклалі Л.​Арабей, Я.​Васілёнак, Т.​Мартыненка, М.​Татур.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1958;

Избранное. М., 1980;

Пьесы. М., 1962;

Жужанна в Клагенфурте: Рассказы. М., 1970.

Літ.:

Умнякова Е.В. Жигмонд Мориц и современная венгерская литература. М., 1985;

Сувиженко Л.И. Жигмонд Мориц и его время. Л., 1988.

Ж.Морыц.

т. 10, с. 523

МО́РЫЦ (Юна Пятроўна) (н. 2.6.1937, Кіеў),

расійская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя М.​Горкага (1961). Друкуецца з 1954. У паэт. зб-ках «Размова пра шчасце» (1957), «Мыс Жадання» (1961), «Лаза» (1970), «Пры святле жыцця» (1977), «Трэцяе вока» (1980) «Сіні агонь» (1985), «На гэтым беразе высокім» (1987), «Учора я спявала ў пераходзе» (1997), «Дзіўны які я звер» (1998) і інш. роздум пра чалавечыя адносіны, любоў, мацярынства. Паэма «Зорка Сербасці» (нап. 1999) прысвечана Сербіі. Аўтар «Апавяданняў пра дзівоснае» (1998), літ.-крытычных эсэ, вершаў для дзяцей. Творчасці М. уласцівы глыбіня пачуццяў, багацце фарбаў, гумар, літ., музычныя і жывапісныя рэмінісцэнцыі. Многія яе вершы пакладзены на музыку («Добра — быць маладым!», «Калі мы былі маладыя...», «Вялікі сакрэт для маленькай кампаніі» і інш.). Займаецца графікай і жывапісам. На бел. мову асобныя яе вершы пераклаў Я.​Сіпакоў.

Тв.:

Избранное. М., 1982;

В логове голоса. М., 1990.

т. 10, с. 524

МО́РЫЦ АРА́НСКІ (Maurits van Oranje; 14.11.1567, г. Дыленбург, Германія — 23.4.1625),

нідэрландскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Прынц, граф Насаўскі. Сын Вільгельма I Аранскага. Пасля забойства бацькі старшыня Дзярж. савета Генеральных штатаў і ген.-адмірал ВМС (з 1584), статхаўдэр (правіцель) Галандыі і Зеландыі (з 1585), потым таксама Утрэхта і Аверэйсела (з 1590), Гелдэрна (з 1591) і Гронінгена (з 1621). З 1590 галоўнакамандуючы. Рэфармаваў армію (увёў новую тэхніку аблогі, выкарыстанне малых баявых падраздзяленняў, строгую дысцыпліну), на чале яе вызваліў ад ісп. панавання паўн. правінцыі Нідэрландаў (1591—94). Перагаворы пра заключэнне перамір’я з Іспаніяй (1609) і інш. падзеі ў Нідэрландах выклікалі канфлікт М. з вял. пенсіянарыем (фактычным правіцелем) Галандыі Я. ван Олдэнбарневелтам, якога М. загадаў пакараць смерцю (1619).

т. 10, с. 524