Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАСТЭ́Р (Coster) Шарль дэ, гл. Дэ Кастэр Шарль.

т. 8, с. 159

КАСУ́МАЎ (Імран Ашум аглы) (25.9.1918, Баку — 20.4.1981),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1979). Першы значны твор — кінасцэнарый «Падземны гул» (1937) прысвечаны геолагам-нафтавікам. Аўтар п’ес «Мара» (1938), «Мора любіць адважных» (1954), «Шырэй круг» (1954), аповесці «На дальніх берагах» (1954), рамана «Гады праходзяць» (1973, з Г.Сеідбейлі). Сцэнарыст маст.-дакументальных кінафільмаў «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» і «Пакарыцелі мора» (Ленінская прэмія 1961). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Ткачоў.

Тв.:

Рус. пер. — Высокое назначение: Публицистика разных лет. М., 1979.

т. 8, с. 159

КАСЦЕ́ЕЎ (Абылхан) (1.1.1904, с. Чыжын Панфілаўскага р-на Талды-Курганскай вобл., Казахстан — 2.11.1973),

казахскі жывапісец і акварэліст. Нар. маст. Казахстана (1944). Вучыўся ў самадз. маст. студыі М.Г.Хлудава ў Алма-Аце (1929—31) і маст. студыі пры Доме нар. творчасці ў Маскве (1933). Аўтар тэматычных карцін, партрэтаў і пейзажаў: «Аўтапартрэт» і «Дзяўчына ў блакітнай сукенцы» (абедзве 1931), «Турксіб» (1932), «Партрэт маці» (1949), «Высакагорны каток» (1954), «Кар’ер Мангыстау» (1965), серыі «Стары быт» (1940), «На зямлі казахстанскай» (1955—65).

А.Касцееў. Дзяўчына ў блакітнай сукенцы. 1931.

т. 8, с. 159

КАСЦЕ́НІЧ (Ганна Трафімаўна) (4.8.1902, г. Магілёў — 12.4.1990),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1930), Бел. кансерваторыю (1937, клас П.Ціханава). У 1933—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, акцёрскімі здольнасцямі. Сярод партый: Вольга і Ларына, Паліна і Гувернантка, Салоха («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Флора («Травіята» Дж.Вердзі), Берта («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Кэт («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).

Б.С.Смольскі.

т. 8, с. 159

КАСЦЕ́НІЧ (Ерафей Васілевіч) (16.10.1854, в. Мужычок Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.1.1906),

вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р медыцыны (1887), праф. (1893). Скончыў Пецярбургскую ваен.-мед. акадэмію (1883). З 1894 праф. Варшаўскага ваен. шпіталя, з 1900 заг. вочнай клінікі і дырэктар вочнай лячэбніцы ў Пецярбургу.

У час адпачынкаў бясплатна лячыў і рабіў хірург. аперацыі сялянам на Беларусі. Навук. працы па пытаннях афтальмалогіі. Удасканаліў шэраг афтальмалагічных аперацый.

Тв.:

Развитие палочек, колбочек и наружного ядерного слоя в сетчатке зародыша человека. СПб., 1887.

т. 8, с. 159

КАСЦЕ́НКА (Міхаіл Паліеўктавіч) (28.12.1889, г.п. Вейдзелеўка Белгародскай вобл., Расія — 18.12.1976),

савецкі вучоны ў галіне электратэхнікі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Петраградскі політэхн. ін-т (1918) і выкладаў у ім. З 1939 у Энергет. ін-це АН СССР, з 1950 заг. Ленінградскага аддз. Ін-та аўтаматыкі і тэлемеханікі АН СССР, у 1956—66 дырэктар Ін-та электрамеханікі АН СССР (Ленінград). Навук. працы па тэорыі эл. машын, метадах іх эксперым. даследавання і праектавання, па пытаннях эл. цягі на пераменным току, па пераўтварэнні пераменнага току ў пастаянны, электрадынамічным мадэляванні энергасістэм. Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

М.П.Касценка.

т. 8, с. 160

КАСЦЕ́НЧЫК (Авянір Маркавіч) (1889, Гродна — 29.12.1935),

ваенны лётчык, камандзір першага ў свеце цяжкага самалёта-бамбардзіроўшчыка «Ілья Мурамец». Вучыўся ў Віленскім ваен. вучылішчы, скончыў Гатчынскую авіяц. школу. Вызначыўся ў 1916 на Паўн.-Зах. фронце: паспяхова бамбіў стратэгічна важныя станцыі варожага тылу; у адным з баёў цяжка паранены, але закончыў бамбардзіроўку і вярнуўся на аэрадром. За заслугі ў 1-ю сусв. вайну ўзнаг. ордэнам Св. Георгія. Помнік ў Стоўбцах, дзе ён жыў да 1935.

т. 8, с. 160

КАСЦЕ́ЦКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (10.9.1905, г.п. Халмы Карукаўскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 26.5.1968),

украінскі жывапісец. Нар. маст. Украіны (1960). Чл.-кар. АМ СССР (1967). Пасля сканчэння Кіеўскага маст. ін-та (1928), выкладаў у ім (з 1947 праф.). Майстар жанравай карціны. Творы вызначаюцца дасканалай распрацоўкай сюжэта, псіхалаг. пераканаўчасцю характараў: «Допыт ворага» (1937), «Т.Шаўчэнка ў ссылцы. Пасля муштры» (1939), «Вяртанне» (1945—1947) і інш.

У.Касцецкі. Вяртанне. 1945—47.

т. 8, с. 160

«КАСЦЕ́ША»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 200 родаў у Беларусі, на Украіне, у Літве і Польшчы, у т.л. Барэйкі, Верашчакі, Дарагастайскія, Дольскія, Пілсудскія, Сланчэўскія, Статкевічы, Хадкевічы, Шымковічы. У Полышчы вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — з 15 ст. На чырв. фоне выява стралы, накіраванай угору і перакрыжаванай пасярэдзіне, з раздвоеным канцом. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуе шмат варыянтаў герба: страла з двума перакрыжаваннямі або без іх, з шасціпрамянёвымі зоркамі па баках і інш.

В.С.Пазднякоў.

т. 8, с. 160

КАСЦЁВАШЧЫТКО́ВЫЯ (Osteostraci),

падклас касцёвапанцырных вымерлых рыбападобных жывёл. Жылі ў познім сілуры — познім дэвоне ў марскіх і прэсных водах. Вялі прыдонны спосаб жыцця. На Беларусі рэшткі К. выяўлены ў тэрыгенна-карбанатных адкладах ніжняга і сярэдняга дэвону (Брэсцкая і Аршанская ўпадзіны). Продкі сучасных кругларотых.

Мелі сплюшчанае цела з укрытымі суцэльным панцырам галавой і пярэдняй ч. тулава. Унутр. шкілет неакасцянелы. Па рэштках К. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

т. 8, с. 160