БЛЮМЕНТА́ЛЬ-ТАМА́РЫНА
(дзявочае Клімава) Марыя Міхайлаўна (16.7.1859, С.-Пецярбург — 16.10.1938),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1936). Сцэнічную дзейнасць пачала ў 1887. У 1901—14, 1921—32 у Маскоўскім т-ры Корша, з 1933 у Малым т-ры. Выконвала пераважна ролі старых: Галчыха, Анфуса («Без віны вінаватыя», «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Матрона («Улада цемры» Л.Талстога), Матылькова («Слава» В.Гусева) і інш. Мастацтва Блюменталь-Тамарынай вызначалі шчырасць, мяккі гумар, адметная акцёрская тэхніка, здольнасць унутр. пераўвасаблення. З 1915 здымалася ў кіно, у т. л. ў бел. фільмах «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» (1937).
т. 3, с. 198
БЛЮ́МІНГ,
блумінг (англ. blooming), пракатны стан для абціскання стальных зліткаў вял. папярочнага сячэння масай да 12 т і больш у блюмы. Часам блюмінг выкарыстоўваюць для пракаткі слябаў і фасонных загатовак для буйных двухтаўровых бэлек, швелераў і інш. профіляў. Прадукцыйнасць блюмінга да 6 млн. т блюмаў за год.
Асн. часткі блюмінга: рабочая клець з валкамі пракатнымі, гал. электрарухавікі (для націскнога ўстройства), абсталяванне для прывядзення ў рух валкоў (шпіндэлі і інш.). Блюмінгі бываюць: аднаклецевыя (рэверсіўныя 2-валковыя і нерэверсіўныя 3-валковыя); здвоеныя з 2 паслядоўна размешчаных клецяў; бесперапынныя з некалькіх паслядоўна размешчаных нерэверсіўных клецяў; спецыялізаваныя (аднаклецевыя рэверсіўныя) для атрымання загатовак шырокапалічных бэлек Дыяметр пракатных валкоў ад 750 да 1500 мм і болей. У б. СССР першы блюмінг пабудаваны ў 1933 на Макееўскім металургічным з-дзе (Данецкая вобл.).
т. 3, с. 198
БЛЮ́МІНГ-СЛЯ́БІНГ,
камбінаваны пракатны стан для абціскання буйных (да 40 т) стальных зліткаў на загатоўкі квадратнага (блюмы) ці прамавугольнага (слябы) сячэння. У параўнанні з блюмінгам мае большую вышыню пад’ёму верхняга валка (да 2130 мм) і даўжыню рабочай часткі (да 3505 мм).
т. 3, с. 198
БЛЮ́МКІН Якаў Рыгоравіч
(1898, Адэса — 3.11.1929),
рэвалюцыянер, сав. ваенны дзеяч. Скончыў 4-класную яўр. школу ў Магілёве. З 1914 чл. партыі эсэраў, з 1917 — левых эсэраў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік ВЧК. Праціўнік Брэсцкага міру 1918, адзін з ініцыятараў і непасрэдны ўдзельнік забойства 6.7.1918 герм. пасла В.Мірбаха, што з’явілася пачаткам леваэсэраўскай спробы дзярж. перавароту. Пасля яе задушэння хаваўся на Украіне, удзельнічаў у падп. барацьбе супраць герм. акупантаў і пятлюраўцаў. 16.5.1919 атрымаў амністыю Прэзідыума ВЦВК. З 1919 на Паўд. фронце (нач. штаба і в.а. камандзіра 79-й брыгады) і ў складзе Каспійскай флатыліі. З 1920 чл. РКП(б). У 1920—21 на спец. курсах у Ваен. акадэміі РСЧА, у сакратарыяце Л.Д.Троцкага. Выконваў спец. заданні АДПУ за мяжой. У крас. 1929 тайна сустракаўся ў Турцыі з высланым з СССР Троцкім і абяцаў яму дапамогу, за што арыштаваны і па прыгаворы судовай калегіі АДПУ расстраляны.
Літ.:
Красная книга ВЧК. 2 изд. М., 1990. Т. 1. С. 310;
Троцкий Л. Портреты революционеров. М., 1991;
Овруцкий Л., Разгон А. Яков Блюмкин: Из жизни террориста // Горизонт. 1991. № 11—12.
Э.А.Ліпецкі.
т. 3, с. 198
БЛЮ́ХЕР Васіль Канстанцінавіч
(1.12.1889, в. Баршчынка Яраслаўскай вобл., Расія — 9.11.1938),
савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1935). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1917 у Чырв. гвардыі. У 1919 камандаваў 51-й дывізіяй у баях супраць Калчака, у 1920 — пры абароне Кахоўскага плацдарма і штурме Перакопа. У 1921—22 галоўнакамандуючы, ваен. міністр і старшыня Ваен. савета Далёкаўсходняй рэспублікі. Пасля грамадз. вайны нач. Ленінградскага ўмацаванага раёна, камандуючы войскамі Укр. ваен. акругі. З 1929 камандуючы Далёкаўсх.: арміяй. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Рэпрэсіраваны ў 1938. Рэабілітаваны ў 1956.
т. 3, с. 198
БЛЮ́ХЕР
(Blücher) Гебхард Леберэхт фон Вальштат (Wahlstatt; 16.12.1742, г. Ростак, Германія — 12.9.1819),
прускі ваен. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1813), князь Вальштацкі (1814). Пачаў службу ў швед. арміі (1758). У час Сямігадовай вайны 1756—63 трапіў у прускі палон, стаў прускім афіцэрам (1760). Камандаваў кав. корпусам у вайну 1-й кааліцыі супраць рэсп. Францыі 1793—94, прускім авангардам у Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806, прускімі войскамі ў Памераніі (1807—11), рус.-прускай Сілезскай арміяй (1813) і інш. Асабліва вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813 і каля Ватэрлоо (1815). За свае ваен. поспехі празваны «маршал Уперад».
т. 3, с. 198
БЛЮ́ШЧЫК
(Glechoma),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 5 (паводле інш. звестак 12) відаў. Пашыраны ва ўмеранай Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў лясах, хмызняках, на лугах, каля жылля і дарог трапляецца блюшчык плюшчападобны (С. hederacea); блюшчык валасісты (С. hirsuta) — рэдкі від, расце ў лісцевых лясах і хмызняках, пераважна ў зах. і паўд. раёнах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі ўкараняльнымі сцябламі і ўзыходнымі кветаноснымі парасткамі выш. да 20—25 см. Лісце супраціўнае, круглавата-ныркападобнае, зубчастае, укрытае валаскамі. Кветкі двухполыя, двухгубыя, ліловыя або ружова-ліловыя, у несапраўдных кальчаках. Плод — цэнобій з 4 арэшкаў. Дэкар., лек. (адхарквальны, жаўцягонны, процізапаленчы, гемастатычны сродак) і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, халін, дубільныя рэчывы; некаторыя віды ядавітыя.
т. 3, с. 198
БЛЯ́КЛЫЯ РУ́ДЫ,
група мінералаў падкласа складаных сульфідаў медзі, якія ўтвараюць ізаморфны рад тэнантыт Cu12As4S13 (мыш’яковістая разнавіднасць) — тэтраэдрыт Cu12Sb4S13 (сурмяністая разнавіднасць). Прымесі серабра (фрайбергіт да 17%), цынку, жалеза, ртуці і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтраэдрычнага, радзей кубічнага і октаэдрычнага выгляду. Часцей зерні і зярністыя агрэгаты. Колер сталёва-шэры да жалезна-чорнага. Бляск металічны. Цв. 3—4,5. Шчыльн. 4,6—5,4 г/см³. Бляклыя руды — гідратэрмальныя мінералы. Лёгка выветрываюцца і замяшчаюцца малахітам, азурытам, купрытам і інш. Другарадныя медныя руды, з іх здабываюць таксама сурму, серабро, ртуць.
т. 3, с. 199
БЛЯСК,
1) характарыстыка ўласцівасці паверхні, абумоўленая люстраным адбіццём святла. Колькасна вызначаецца суадносінамі паміж інтэнсіўнасцямі святла пры люстраным і дыфузным адбіцці.
2) Бляск нябеснага свяціла — характарыстыка асветленасці, якая ствараецца свяцілам на плоскасці, перпендыкулярнай прамяням, што на яе падаюць (уплыў атмасферы не ўлічваецца). Вымяраецца ў зорных велічынях.
т. 3, с. 199