Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́ВІНЫ ((Savigny) Фрыдрых Карл фон) (21.2.1779, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 25.10.1861),

нямецкі юрыст; заснавальнік гістарычнай школы права. У 1810—42 праф. Берлінскага ун-та. У 1842—48 прускі міністр па рэформе заканадаўства. Аўтар прац па рымскім і цывільным праве. У праграмнай працы «Пра схільнасць нашага часу да заканадаўства і правазнаўства» (1814) трактаваў права як прадукт нейкага містычнага «народнага духу», які развіваецца спантанна. Выступаў супраць кадыфікацыі герм. цывільнага права, знаходзячы яе заўчаснай (лічыў, што права не зыходзіць ад дзярж. улады і таму не можа ўстанаўлівацца заканадаўцам). Задачу юрыстаў бачыў у выяўленні «свядомасці народа» і ўзгадненні з ім дзеючага заканадаўства.

т. 14, с. 68

САВІНЫ́Х (Віктар Пятровіч) (н. 7.3.1940, с. Бярозкіны Кіраўскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1981, 1985). Герой Манголіі (1981). Лётчык-касманаўт СССР (1981). Д-р тэхн. н., прафесар. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі (1969). У 1978—89 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. З 1989 рэктар Маскоўскага ун-та геадэзіі і картаграфіі. 12.3—26.5.1981 з У.​В.​Кавалёнкам здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-4» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» (да станцыі прыстыкоўваліся КК «Саюз-39» з У.​А.​Джанібекавым і Ж.​Гурагчам і «Саюз-40» з Л.​І.​Паповым і Д.​Прунарыў); 6.6—21.11.1985 з Джанібекавым — на КК «Саюз Т-13» і АС «Салют-7» (пасадка на КК «Саюз Т-14); 7—17.6.1988 з А.​Я.​Салаўёвым і А.​Аляксандравым (Балгарыя) — на КК «Саюз ТМ-5» і АС «Мір» па праграме «Інтэркосмас» (пасадка на КК «Саюз ТМ-4»). Ва ўсіх палётах удзельнічаў як борт-інжынер. Правёў у космасе 252,7 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 68

САВІ́НЫЯ, совы нармальныя,

совы сапраўдныя (Strigidae),

сямейства птушак атр. совападобных. 23—28 родаў, 21 выкапнёвы і 133 сучасныя віды. Пашыраны паўсюдна, ад арктычных тундраў да трапічных лясоў. У гарах трапляюцца да выш. 5 тыс. м. Гняздуюцца на зямлі, у дуплах дрэў, гнёздах інш. птушак, расколінах скал, збудаваннях. Аселыя і вандроўныя птушкі, актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. У Чырв. кнігу МСАП занесены 3 віды і 9 падвідаў. На Беларусі 12 відаў з 9 родаў; 8 відаў у Чырв. кнізе.

Даўж. цела да 84 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,5 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне мяккае, рыхлае, шараватае, бурае або рыжаватае, з цёмнымі і светлымі плямамі і стракацінамі. Тваравы дыск акруглы. З органаў пачуццяў найб. развіты слых і бінакулярны зрок Вочы вял., у арбітах нерухомыя. У многіх відаў на галаве «вушкі» з падоўжаных пёраў (відавая адзнака). Вонкавыя вушныя адтуліны вялікія. Шыйных пазванкоў 14, шыя вельмі рухавая (галава можа паварочвацца на 180—270°). Крылы шырокія, закругленыя, хвост адносна кароткі. Дзюба вострая, кароткая, крута загнутая ўніз, каля асновы з васкавіцай, якая прыкрыта шорсткімі пёркамі. Лапы моцныя, чатырохпальцыя (4-ы палец паварочваецца назад). Цэўкі ўкарочаныя, апераныя, кіпцюры гладкія. Кормяцца пераважна жывёльным кормам. Манагамы. Адкладваюць 3—6 (зрэдку да 14) яец. Развіццё птушанят па птушанятным тыпе.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 6. 2 изд. М., 1986;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989;

Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.

А.​М.​Петрыкаў.

Савіныя: 1 — сава акулярная неатрапічная; 2 — пугач амерыканскі; 3 — соўка ашыйнікавая; 4 — сава ястрабіная.

т. 14, с. 68

САВІ́ЦКАЯ (Галіна Уладзіміраўна) (н. 13.7.1961, Мінск),

бел. спартсменка (баскетбол). Засл. майстар спорту. Скончыла БДУ і Бел. ін-т фіз. культуры. У 1980—90 выступала ў складзе зборнай каманды СССР. Бронз. прызёр XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул). Чэмпіёнка свету (1983), Еўропы (1980, 1981, 1983, 1985, 1987, 1989). Чэмпіёнка Сусв. універсіяды (1981). Сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1989). З 1991 на трэнерскай рабоце ў Іспаніі.

т. 14, с. 69

САВІ́ЦКАЯ (Святлана Яўгенаўна) (н. 8.8.1948, Масква),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1982, 1984). Лётчык-касманаўт СССР (1982). Канд. тэхн. н. (1987). Засл. майстар спорту СССР (1970). Чэмпіёнка свету па вышэйшым пілатажы (1970), устанавіла 18 сусветных рэкордаў. Дачка Я.​Я.​Савіцкага. Скончыла Маскоўскі авіяц. ін-т (1972). З 1976 лётчык-выпрабавальнік. У 1980—1993 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 19—27.8.1982 з Л.​І.​Паповым і А.​А.​Серабровым здзейсніла (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-7» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-7» (пасадка на КК «Саюз Т-5»); 17—29.7.1984 (як бортінжынер) з У.​А.​Джанібекавым і І.​П.​Воўкам — на КК «Саюз Т-12» і АС «Салют-7» (пасадка на КК «Саюз Т-11»), у час якога ўпершыню ў свеце здзейснены выхад жанчыны-касманаўта ў адкрыты космас. Правяла ў космасе 19,7 сут. Залаты медаль міжнар. авіяц. федэрацыі (ФАІ).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 69

САВІ́ЦКІ (Алесь) (Аляксандр Ануфрыевіч; н. 8.1.1924, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1958). Працаваў у полацкай газ. «Бальшавіцкі сцяг» («Сцяг камунізму»), Літ. музеі Я.​Коласа, ЦК КПБ. Друкуецца з 1943. Аповесць «Кедры глядзяць на мора» (1960) пра будаўнікоў Брацкай ГЭС, раман «Жанчына» (1963) пра побыт і работу працаўнікоў полацкага з-да шкловалакна. У рамане «Палын — зелле горкае» (1967) малюнкі пасляваен. калгаснай вёскі. Гал. героі аповесці «Самы высокі паверх» (1965—67, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972) — маладыя рабочыя. Вобразы сучаснікаў у аповесці «І нічога ўзамен» (1971) і рамане «Толькі аднойчы» (1979). Трылогія «Верай і праўдай» («Верай і праўдай», 1976; «Літасці не чакай», 1982; «Памерці заўсёды паспееш», 1983) пра партызанскі рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Для дзяцей і юнацтва кн. «Шкляная нітка» (1970), «Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка» (1993), «Прыгоды Муркі» (1997), «Дзівосы Лысай гары...» (1999), аповесці «Скажы мне праўду» (1978), «Белая знічка» (1984).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;

Выбр. творы: У 2 т. Т. 1. Мн., 1995;

Верасы. Мн., 1987;

Обаль. Мн., 1989.

Л.​С.​Савік.

Алесь Савіцкі.

т. 14, с. 69

САВІ́ЦКІ (Антон) (1788, Мінская губ. — 1851),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р медыцыны (1812). Скончыў Віленскі ун-т (1812). З 1814 ваен. ўрач, з 1818 урач Вількамірскага пав. Віленскай губ. Адзін з першых на Беларусі і ў Літве напісаў дысертацыю па даследаванні рака.

т. 14, с. 69

САВІ́ЦКІ (Барыс Парфёнавіч) (н. 25.1.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне заалогіі і экалогіі. Д-р біял. н. (1973), праф. (1976). Скончыў БДУ (1955). З 1974 у Гомельскім ун-це (заг. кафедры), з 1990 у Вярх. Савеце Беларусі (член Прэзідыума, старшыня камісіі), з 1996 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па экалогіі ўзбуджальнікаў асабліва небяспечных інфекцый, фауне і экалогіі кровасысучых членістаногіх, агульнай экалогіі, змене фауны пад уплывам меліярацыі, ахове прыроды.

Тв.:

Трансмиссивные зоонозы в Гомельской области. Мозырь, 1999 (разам з Л.​С.​Цвірко);

Популяционно-генетические ресурсы пихты белой в Беларуси. Гомель, 2000 (разам з Р.​Р.​Ганчарэнкам).

т. 14, с. 69

САВІ́ЦКІ (Валянцін Мікалаевіч) (н. 27.9.1919, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1939). Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Сярод твораў: «Вечар над Нёманам». (1949), «М.​В.​Фрунзе ў штабе Заходняга фронту» (1957), «Занёманскія будні» (1963), «У гады вайны» (1965), «Гродна. Каложа» (1967), «Вуліца першых дэманстрацый» (1969), «Свяшчэнныя камяні» (1975), «Ізумруд палёў» (1971), «Абнаўленне зямлі» (1977), «Партызаны-падрыўнікі» (1980), «На Нёмане» (1981), «Салдаты крэпасці» (1988), «Асенняя цішыня» (1997), «Год 1941» (1998), «Дні юнацтва майго пакалення» (1999), «Успаміны» (2000). Для твораў характэрны пастозная манера пісьма, сакавіты каларыт, выразнасць дэталей карціны.

В.Савіцкі. М.​В.​Фрунзе ў штабе Заходняга фронту. 1957.

т. 14, с. 70

САВІ́ЦКІ (Вацлаў Іванавіч) (н. 1.10.1931, в. Вітаўцы Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1976). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1956). У 1963—77 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па праблемных пытаннях хірургіі сэрца і сасудаў.

Тв.:

Профилактика и лечение послеоперационных осложнений у больных митральным стенозом // Здравоохранение Белоруссии. 1965. № 4;

Определение активности ревмокардита у больных с митральным стенозом // Материалы VII науч. сессии Гродн. гос. мед. ин-та. Мн., 1968.

т. 14, с. 70