САВІНЫ́Х (Віктар Пятровіч) (н. 7.3.1940, с. Бярозкіны Кіраўскай вобл., Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1981, 1985). Герой Манголіі (1981). Лётчык-касманаўт СССР (1981). Д-р тэхн. н., прафесар. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі (1969). У 1978—89 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына. З 1989 рэктар Маскоўскага ун-та геадэзіі і картаграфіі. 12.3—26.5.1981 з У.В.Кавалёнкам здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-4» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» (да станцыі прыстыкоўваліся КК «Саюз-39» з У.А.Джанібекавым і Ж.Гурагчам і «Саюз-40» з Л.І.Паповым і Д.Прунарыў); 6.6—21.11.1985 з Джанібекавым — на КК «Саюз Т-13» і АС «Салют-7» (пасадка на КК «Саюз Т-14); 7—17.6.1988 з А.Я.Салаўёвым і А.Аляксандравым (Балгарыя) — на КК «Саюз ТМ-5» і АС «Мір» па праграме «Інтэркосмас» (пасадка на КК «Саюз ТМ-4»). Ва ўсіх палётах удзельнічаў як борт-інжынер. Правёў у космасе 252,7 сут.
У.С.Ларыёнаў.
т. 14, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)