сямейства птушак атр. совападобных. 23—28 родаў, 21 выкапнёвы і 133 сучасныя віды. Пашыраны паўсюдна, ад арктычных тундраў да трапічных лясоў. У гарах трапляюцца да выш. 5 тыс.м. Гняздуюцца на зямлі, у дуплах дрэў, гнёздах інш. птушак, расколінах скал, збудаваннях. Аселыя і вандроўныя птушкі, актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. У Чырв. кнігу МСАП занесены 3 віды і 9 падвідаў. На Беларусі 12 відаў з 9 родаў; 8 відаў у Чырв. кнізе.
Даўж. цела да 84 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,5 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне мяккае, рыхлае, шараватае, бурае або рыжаватае, з цёмнымі і светлымі плямамі і стракацінамі. Тваравы дыск акруглы. З органаў пачуццяў найб. развіты слых і бінакулярны зрок Вочы вял., у арбітах нерухомыя. У многіх відаў на галаве «вушкі» з падоўжаных пёраў (відавая адзнака). Вонкавыя вушныя адтуліны вялікія. Шыйных пазванкоў 14, шыя вельмі рухавая (галава можа паварочвацца на 180—270°). Крылы шырокія, закругленыя, хвост адносна кароткі. Дзюба вострая, кароткая, крута загнутая ўніз, каля асновы з васкавіцай, якая прыкрыта шорсткімі пёркамі. Лапы моцныя, чатырохпальцыя (4-ы палец паварочваецца назад). Цэўкі ўкарочаныя, апераныя, кіпцюры гладкія. Кормяцца пераважна жывёльным кормам. Манагамы. Адкладваюць 3—6 (зрэдку да 14) яец. Развіццё птушанят па птушанятным тыпе.
Літ.:
Жизнь животных. Т. 6. 2 изд. М., 1986;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989;
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.