СА́ВІНЫ ((Savigny) Фрыдрых Карл фон) (21.2.1779, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 25.10.1861),

нямецкі юрыст; заснавальнік гістарычнай школы права. У 1810—42 праф. Берлінскага ун-та. У 1842—48 прускі міністр па рэформе заканадаўства. Аўтар прац па рымскім і цывільным праве. У праграмнай працы «Пра схільнасць нашага часу да заканадаўства і правазнаўства» (1814) трактаваў права як прадукт нейкага містычнага «народнага духу», які развіваецца спантанна. Выступаў супраць кадыфікацыі герм. цывільнага права, знаходзячы яе заўчаснай (лічыў, што права не зыходзіць ад дзярж. улады і таму не можа ўстанаўлівацца заканадаўцам). Задачу юрыстаў бачыў у выяўленні «свядомасці народа» і ўзгадненні з ім дзеючага заканадаўства.

т. 14, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)